Экалагічнае выхаванне займае важнае месца ў вучэбным працэсе, арганізаваным у сярэдняй школе №3 Вілейкі. Ахова прыроды – адна з асноўных задач установы адукацыі. За многія гады назапашаны багаты вопыт у гэтым кірунку, а супрацоўніцтва з вучнямі і іх сем’ямі дае плён. Вось і дзесяцікласніца Алена Сапронава мае актыўную пазіцыю наконт беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, разам з аднадумцамі працуе над праектам «EKO-SECOND LIFE.by» (або «Эка-другое жыццё»), які звязаны з экалогіяй роднага краю, свайго горада і школы, на сваім прыкладзе ажыццяўляе прынцыпы экалагічнай жыццядзейнасці і прапагандуе іх сярод іншых.

Пацвярджэнне таму, што гэта праца з’яўляецца эфектыўнай – атрыманы нядаўна СШ №3 сертыфікат адпаведнасці «Белы бусел». Як сведчанне, што ўстанова адукацыі паспяхова ўкараніла сістэму экалагічнага менеджмента, якая адпавядае акцыі «Белы бусел».
Наша сустрэча з Аленай Сапронавай адбылася падчас перапынку паміж школьнымі заняткамі, але ва ўмовах сціслага часу я ўсё ж даведалася, чаму яна зацікавілася гэтай праблемай.
– У смецці, якое з’яўляецца ў выніку жыццядзейнасці людзей, становіцца ўсё больш небяспечных рэчываў, менавіта яны аказваюць негатыўны ўплыў на асяроддзе, – расказала Алена. – Але акрамя таго, што смецце пагражае экалагічнай бяспецы, яно можа стаць і крыніцай атрымання новых матэрыялаў.
– Якую мэту ты ставіла перад сабой, калі пачынала працаваць над праектам?
– Па-першае, як паказваюць праведзеныя даследаванні, прынцып эканоміі і беражлівасці пакуль не стаў галоўным для кожнага чалавека. У любым грамадстве каля 10% людзей не будуць сартаваць смецце ні пры якіх умовах. Другія 10%, наадварот, экалагічна актыўныя і адказныя. З астатнімі 80% людзей можна і трэба працаваць. Вось мой праект і разлічаны на тое, каб пераканаць тыя 80% у неабходнасці збору паперы, шкла, батарэеек для далейшай перапрацоўкі. Па-другое, я – вучаніца-патрыётка, і мне вельмі хочацца, каб школа, у якой я вучуся, была лідарам у раёне, а, магчыма, і ў вобласці, па зборы другаснай сыравіны.
– Алена, якія крокі на шляху рэалізацыі праекта ўжо зроблены?
– Як ініцыятар праекта, канечне, пры падтрымцы дырэктара школы, я праводзіла гутаркі ў класах аб неабходнасці збору паперы, шкла, пластыку, батарэек. Разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі я распрацавала памятку, як правільна ажыццяўляць збор сыравіны і дзе можна яе здаць у Вілейцы. Памятку атрымаў кожны вучань школы, яна была надрукавана на старонках раённай газеты «Шлях перамогі». І дзіва! Вынікі апытвання, праведзенага на бацькоўскім сходзе, паказалі, што рух ёсць! Бацькі не выкідваюць паперу, вырабы з пластыку, шкло, а збіраюць, каб навучыць сваіх дзяцей беражлівасці. Гэтаму садзейнічаюць і разнастайныя мерапрыемствы, што праводзяцца ў школе і раёне. Гэта такія акцыі як «Здай макулатуру і выратуй дрэва», фестываль «Экамода», акцыі па зборы шкла, батарэек і пластыкавых накрывак, інтэрактыўны конкурс па вырабу навагодняй цацкі з другаснай сыравіны з онлайн-галасаваннем ды іншыя. Самае прыемнае, што самыя актыўныя іх удзельнікі адзначаюцца невялікімі, але патрэбнымі для школьнікаў прызамі.
– Ці праўда, што прапанаваныя табою і тваімі аднадумцамі радкі на экалагічную тэматыку «катаюцца» сёння на аўтобусе па Вілейцы?
– Гэта так. Лепшыя слоганы на экалагічную тэматыку, у тым ліку радкі, прапанаваныя мною і нашымі вучнямі, перамаглі ў адпаведнай акцыі. Яе мэтай было зрабіць ідэю перапрацоўкі другаснай сыравіны ўсегарадской. А яшчэ ўжо другі год запар мы з гурткоўцамі нашай школы рыхтуем малюнкі на конкурс «Хопіць смецце памнажаць, лепш яго рассартаваць» для стварэння эка-календара. Пахвалюся – у календары на 2019 год ёсць і нашы малюнкі. Такія календары сумесна з аб’яднаннем «Экапартнёрства» мы раздаём падчас правядзення мерапрыемстваў бясплатна – іх можна ўбачыць у многіх сем’ях віляйчан.
– Ці ёсць у праекта бачны вынік?
– Адзін чалавек нічога не зробіць, а мне ўдалося захапіць сваім праектам і педагогаў школы, і вучняў, і бацькоў. Я лічу, што нам удалося змяніць статыстыку «10-10-80» за два апошнія гады ў лепшы бок. Ідэя ахапіла наш «школьны дом», цяпер чарга за тымі, хто разважае: збіраць сыравіну ці не?
У сярэднюю школу №3 пластыкавыя накрыўкі, батарэйкі, што ўжо адслужылі свой тэрмін, макулатуру, металалом актыўна нясуць і вучні, і іх бацькі. Шэрагі аднадумцаў Алены Сапронавай павялічваюцца.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара








