–Тут будуць парасончыкі, а пад імі – зайцы: адзін – з цымбаламі, другі – з бубнам, – Таццяна Курац з гонарам дэманструе сваю сядзібу, на якой – выразны адбітак эстэтычных схільнасцей яе гаспадыні. Нават з-пад снегавога покрыву, які, не зважаючы на сакавік, яшчэ сцелецца па Шчарцы мяккай коўдраю, праступаюць дзівосныя абрысы кампазіцый, зваяных самою іх аўтаркай.
– Уначы, бывае, сон не бярэ, дык я разважаю: а што б такое цікавае яшчэ прыдумаць..
Вось так яно: каму бяссоніца – пакута, а Таццяне Іосіфаўне і яна на карысць:
–Я гады два, як пачала гэтым займацца. Мой нябожчык-муж добры чалавек быў, але прыгажосць гэту лічыў блазнотай. Маўляў, карысці ад яе ніякай, адна марная трата часу.
Хутка паўвека споўніцца, як абжывае Таццяна Курац гэту сядзібу. Сюды замуж прыйшла. Пазнаёміліся яны з мужам, як яна кажа, у Раёўцы. Вядомая ў рэгіёне фабрыка па выпуску кардону давала ў той час занятак і, адпаведна, заробак, многім насельнікам вёсак, акаляючых пасёлак. Частка апошніх належала Маладзечанскаму раёну, там і размяшчаецца прадпрыемства. Але высмоктвала яно рабочую сілу і з Вілейшчыны. Працаваць туды ішлі ахвотна: быў стабільны, неблагі заробак. Ды і іншы сацыяльны статус вабіў чыста псіхалагічна. Хваля ўрбанізацыі тым часам кацілася па краіне, вынікі яе наплыву мы, як рэха разбуранага цунамі, адчуваем і па сённяшні час.
…Таццяна працавала на раёўскай фабрыцы лабаранткай, яе будучы муж – качагарам. І звёў іх, вядома, не шчаслівы выпадак, а той адзіны дах, пад якім размяшчаліся вытворчыя плошчы прадпрыемства. Так дзяўчына з маладзечанскага Вялікага Бору выйшла замуж у вілейскую Шчарку. Сядзіба Курацаў, дзе цяпер ужо гаспадарыць адна Таццяна Іосіфаўна, прымыкае да шасейкі, што бяжыць з Карпавіч на Вілейку. Узімку дарога не вельмі бойкая. Так, зрэдку прашалясціць па ёй рэйсавы аўтобус ці адзінокая легкавушка. А то аўтамагазін засігналіць голасна, на ўсю ваколіцу. Спыняецца ён якраз насупраць сядзібы Курацаў. Яго экіпаж, відаць, наўмысна выбірае гэты прыпынак. З-за той самай эстэтыкі асяроддзя, якая не прыварожыць хіба што толькі раўнадушны погляд. Самае ўражальнае тое, што ўвесь дызайн сядзібы гаспадыня наладзіла сваімі рукамі. Сама плот гарадзіла, фарбавала, сама баравічкі высякала з бярозавых камлёў.
– Тут у мяне летам лісіца сядзіць, – паказвае Таццяна Іосіфаўна на абкладзены мохам шалашык.. – Зімой ёй холадна, у хату перабралася.. – Змоўніцкі погляд жанчыны выдае жарт. Яна нібы запрашае пагуляць з ёю ў дзіцячую гульню, тую самую казку з працягам, якую яна штодня стварае ў сваёй свядомасці, увасабляючы ўяўныя вобразы ў рэальныя сюжэты. У гаспадыні сядзібы – неўтаймаваная фантазія: – А вунь – палац. Там дзед з бабкай жывуць. Выцягнулі з сажалкі залатую рыбку. Думаюць, што з ёю рабіць…
(Працяг у №21 на стар. 3)
Марыя КУЗАЎКІНА








