На пачатку канікул майстры раённага Дома рамёстваў і Ізбіноўскай бібліятэкі прадставілі квэст «За скарбам у краіну майстроў».
Жадаючыя далучыцца да свята і прыняць удзел у гульне павінны былі загадзя зарэгістравацца. І ўжо на самім мерапрыемстве бібліятэкар Іна Лазар падзяліла дзяцей на дзве каманды – «Лявоны» і «Сымоны». А далей пачаліся сапраўдныя спаборніцтвы, дзе трэба было знайсці скарб.
Важна адзначыць, што гульня мела мэту не толькі даць магчымасць адпачыць. Правядзенне квэсту садзейнічала паглыбленню і пашырэнню ведаў школьнікаў па фальклору, этнаграфіі, народным мастацтве, літаратуры. Іна Лазар разам з майстрамі Дома рамёстваў пастараліся вызваць цікавасць да гісторыі нашых продкаў, у першую чаргу да побыту і культуры, да беларускіх народных традыцый. І ў іх усё атрымалася.
Цікавым здалося і тое, што ўзрост удзельнікаў гульні быў розны, але гэта не перашкодзіла праз усе спаборніцтвы пранесці камандны настрой. Старэйшыя дапамагалі малодшым, а самыя маленькія нават залучыліся падтрымкай бацькоў. Атрымалася амаль сямейнае свята.
Напачатку мне здавалася, што дзеці хутка знойдуць падрыхтаваны для іх скарб, але я памылялася. Арганізатары стварылі такі цікавы і неверагодны шлях да яго, што ў нейкія хвіліны хацелася таксама далучыцца да адной з каманд і кінуцца ў пошукі. Каб атрымаць падказкі, дзеці вучыліся плесці вянкі і паясы, гатовілі яечню, каб пакарміць Хута (міфічны персанаж), разучвалі народны танец «Таўкачыкі», рабілі гліняны посуд і аздаблялі яго сімвалічным арнаментам, глядзелі мультфільм «Каму чорт дзяцей калыша»,а потым адказвалі на хітрыя пытанні, гулялі ў «Золата», даведваліся, што трэба зрабіць, каб прайсці праз прытулак лесуна, рабілі макатку… І шмат іншых заданняў трэба было выканаць, каб атрымаць карту з адзначаным месцам, на якім закапаны скарб. І ніякай хлусні не было! Дзеці па-сапраўднаму шукалі яго ў зямлі, а потым выкопвалі.
Цудоўны салодкі скарб знайшлі ўдзельнікі свята. Але, акрамя яго, атрымалі пасведчанні сапраўднага майстра. Пасля гульні дзеці забыліся пра падзел на дзве каманды і ўсе разам пілі чай с прысмакамі.
Анастасія ЛЕАНОВІЧ.
Фота аўтара











