Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Салаўіны край бацькоў…

Сорак гадоў назад, калі мая гераіня нарадзілася, пра Дзень закаханых яшчэ і не гаварылі. Бо каб тое ведалі, дык, напэўна б, назвалі бацькі дачушку Валянцінай у гонар Святога Валянціна – нарадзілася ж якраз 14 лютага.

А назвалі дачку вельмі распаўсюджаным тады імем – Марына. Як і ўсе вясковыя дзеці, расла яна не беларучкай, разам з сястрой дапамагала бацькам ва ўсіх работах па гаспадарцы. А калі закончыла дзяўчына школу, вырашыла звязаць свой лёс з гандлем – працавала прадаўцом у сельскім магазіне сваёй вёскі Журыхі. Ды ўсё ж праз пэўны час Марына пераканалася, што выбрала не сваю справу.
– А на той час шукалі сацыяльнага работніка на нашу і навакольныя вёскі, – прыгадвае Марына Акуньковіч. – Прапанавалі мне. Я ўсё абдумала, узважыла і вырашыла паспрабаваць. І вось ужо восьмы год у сацыяльнай службе – і не шкадую.
Журыхі, Кузьмічы, Кароткія, Новыя Зімодры – вось тыя населеныя пункты, у якіх жывуць падапечныя Марыны Фёдараўны. Аб’язджаць іх у жанчыны атрымліваецца аператыўна, бо яна ездзіць на ўласным аўтамабілі. Нятанна гэта, вядома, затое хутка і зручна. Даставіць прадукты, лекі, прыбраць у хаце, памыць, размесці снег на падворку – традыцыйныя клопаты сацыяльнага работніка. А яшчэ трэба абавязкова ўдзяліць увагу кожнаму чалавечку – выслухаць яго, паспачуваць, расказаць пра навіны. Ім, адзінокім і нямоглым, гэта ўсё вельмі трэба і важна гэтак жа, як і нейкая канкрэтная справа.
– Мае падапечныя надзіва добрыя, сціплыя людзі, – падзялілася Марына Фёдараўна. – У кожнага за плячыма нялёгкае жыццё. Разумею, што гэтыя людзі заслужылі таго, каб пра іх клапаціліся, іх паважалі і ва ўсім дапамагалі. Вось і стараюся ў сваёй працы кіравацца гэтым. Ёсць у мяне на абслугоўванні ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Кузьмічы Міхаіл Іванавіч Квяткевіч. Чалавеку ўжо за дзевяноста, а заўсёды знойдзе цёплае слоўца. «Ты мне, – кажа, – як родная дачушка, табе не трэба паказваць, што і дзе зрабіць». Іншы раз кажу яму, што буду фіранкі мыць, бяруся здымаць, а ён: «А можа няхай бы яшчэ павіселі,паспеецца…» Такі вось клапатлівы чалавек.
Яе падапечныя, падзялілася Марына Фёдараўна, для яе ўжо даўно сталі роднымі і блізкімі. Іх клопаты – гэта і яе клопаты. Камусьці неабходна з’ездзіць у сельсавет, іншаму – да ўрача, а даехаць нямогламу як? І тут прыходзіць на дапамогу Марына Фёдараўна: усаджвае пенсіянера ў сваю машыну – і па справах. «Вось і не так даўно ездзілі некалькі разоў у горад з адной бабулькай да стаматолага, – расказала жанчына. – Засталася бабуля без зубоў, таму трэба было тэрмінова пратэзаваць. Цяпер задаволена – есці можа ўсё, што пажадае».
Марына Акуньковіч – дачка перадавой у свой час цялятніцы Ірыны Аляксандраўны Жоўтка. Мама-пенсіянерка жыве тут жа, у Журыхах. Больш за сорак гадоў працоўнага стажу ў жанчыны, здавалася б, толькі адпачывай на пенсіі. Ды не з такіх яна людзей. Хоць ужо і без гаспадара (мужа пахавала сем гадоў таму), а трымае Ірына Аляксандраўна на падворку карову,каня, свіней, курэй. Да таго ж многа зямлі, якую трэба апрацаваць. Канешне, адной з гэтым усім наўрад ці справіцца – дапамагаюць дзеці, Марына Фёдараўна з мужам Сяргеем Уладзіміравічам.
Пра мужа мая суразмоўца гаворыць цёпла і паважліва. Чалавек ён сур’ёзны, старанны, добры сем’янін. І не забываецца, у адрозненні ад многіх іншых мужчын, з нагоды самых розных сямейных дат радаваць жонку букетам кветак.
Вось і на днях, калі адзначалі 22-годдзе сумеснага жыцця,на сямейным свяце падарыў жонцы кветкі.
– Сяргей з суседняй вёскі Тураўшчына, – расказвае Марына Фёдараўна. – Пазнаёміліся з ім, калі я была яшчэ зусім юная. А ён старэйшы на пяць гадоў. Іншы раз жартуе, што гадаваў сабе жонку… Працуе мой Сярожа на «Буддэталях» вадзіцелем. І дома многа робіць, вось і нядаўна сам лазню зладзіў. Мама мужа, Ганна Пятроўна, у свой час працавала на свінаферме ў Любані, а цяпер на заслужаным адпачынку. Па святах мы з дзецьмі наведваемся і да яе, і да маёй мамы.
Загаварылі пра дзяцей, і вочы Марыны засвяціліся па-асабліваму: як і ў кожнай маці, якая, канешне ж, любіць сваіх дзетак і ганарыцца імі. Старэйшая дачушка, Валерыя, ужо заканчвае медыцынскі каледж, хутка будзе самастойна працаваць. Малодшай жа, Яначцы, толькі пяць гадкоў, ходзіць у садок. Вялікая розніца ва ўзросце дзяцей толькі да лепшага, адзначае жанчына, бо адна ўжо, лічы, выпырхнула з сямейнага гнязда, а другая яшчэ доўга будзе цешыць маму з татам дома.
– На днях малая мне кажа: «Каб цяпер звалілася зорачка, дык я б загадала, каб мы ўсе былі здаровымі», – расказвае Марына Фёдараўна. – Вось жа маленькая яшчэ, а так разважае. І неяк прыемна, што так дзіцятка думае.
Некалі ў маладосці мая суразмоўца марыла жыць у горадзе. Іншы раз і ўжо пазней крыху шкадавала, што засталася тут, у роднай вёсцы. Дык хіба толькі на хвілінку… А пасля зноў акуналася ў свае клопаты і забывалася на ўсё. Дзеці, муж, родныя, адзінокія бабулі і дзядулі, якім яна патрэбна… Хіба можна ўявіць сябе без гэтага? І без свайго дома, гаспадаркі, кветак, якімі расквечваецца ўлетку падвор’е? Ды без салаўіных канцэртаў, якія можна слухаць нават не выходзячы з варот?
Сёлета сціплая праца Марыны Акуньковіч была адзначана кіраўніцтвам – да прафесійнага свята начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віктар Ляцяга ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ёй Ганаровую грамату і грашовую прэмію. Канешне ж, яна заслужыла гэтага. Аднак, прызналася, такая ацэнка яе працы прыемная і абавязваючая, што называецца, трымацца высокай планкі. І Марына Фёдараўна яе трымаецца.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: сацыяльны работнік Любанскага сельсавета Марына Акуньковіч.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries