– А прыгажосць закончыцца? – дзяўчынка год пяці гуляла з мамай па восеньскаму парку. Яе маленькая, пухлявая далонька сціскала бярэмя кляновых лісцяў. Не чула, што адказала маці, але наўздзіў філасофскім здалося пытанне малой на фоне развітальнай палітры восені. Дыялог гэты ўзнавіўся ў памяці пры нядаўнім наведанні Вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання. Падчас сумеснага выязнога пасяджэння Прэзідыума і камісіі па сацыяльных пытаннях раённага Савета дэпутатаў.
Прыгажосць вечная, – гэты вывад можна зрабіць нават пры беглым знаёмстве са студыямі цэнтра, зашклёныя дзверы якіх, па задуме дызайнераў, не хаваюць моманты творчага працэсу. Захопленасць выхаванцаў установы не прыкрыта ад старонніх вачэй, яна нібыта выстаўляецца напаказ, вярбуючы да сябе новых прыхільнікаў.
У цэнтры здзейснены рамонт. І сёння ў яго – прэзентабельны вонкавы выгляд. Удала спалучаюцца колеры дахавага пакрыцця і фасаду. Вокны, напаўпрыкрытыя шторкамі, прыадчыняюць для дапытлівых прахожых завесу ў свет дзіцячай творчасці. Вырабы з кардону і паперы, нейкіх зусім немудрагелістых падручных матэрыялаў вырашаны ў адным стылі, дэманструюць наяўнасць фантазіі ў выхаванцаў. Унутраны інтэр’ер будынка працягвае знешні. У афармленні студый выкарыстаны сучасныя аддзелачныя матэрыялы, што зрокава пашыраюць прастору, робяць сцены бязважкімі, насычанымі нейкай адчувальнай пластыкай і ўнутраным святлом. Усё гэта па вартасці ацанілі ўдзельнікі мерапрыемства. Як і ўрачыстае прывітанне, што прагучала з вуснаў яго выхаванцаў: «Добры дзень вам, дарагім гасцям, рады вас вітаць, вам дабра жадаць». А затым кожная студыя падрыхтавала для пачэсных наведвальнікаў абноўленай установы свае падарункі-сюрпрызы: «Арыгамі» – рэчы з паперы, «Пушысцікі» – мілых зверанят… Усе гэтыя вырабы прапаноўваліся па бяспройгрышнай латарэі. Яна яшчэ раз нагадала шаноўным гасцям, што прыйшлі яны ў творчую ўстанову, аздобленую творчай думкай яе насельнікаў. Да месца прыйшлася і прэзентацыя цэнтра, якую арганізатары назвалі «Шляхам да прыгажосці». Правяла яе кіраўнік установы Таццяна Захарыч. Невялікая канцэртная зала захоўвае і без мікрафонаў жывы гук. Вось у чым, напэўна, найпершая вартасць падобнай камернасці. Тут увага гледачоў не рассейваецца на вялікую аўдыторыю, яна цалкам прыкавана да выканаўцаў. Дарэчы, як і заўсёды, юныя выхаванцы цэнтра са студыі «Дамісолька» змаглі данесці да прысутных высокі ўнутраны сэнс выкананай імі мелодыі, створанай на словы, што на працягу вякоў кранаюць чалавецтва. Яны – аб сонечным святле міласэрнасці. Той, што асабліва актуальна гучыць у гэтыя перадкалядныя дні. Час, дадзены нам на абдумванне сваіх учынкаў – і міласэрных, і тых, што нясуць на сабе грахоўны пачатак, час пакаяння, шчырай малітвы, такой, як чыстае гучанне юных галасоў у гэтай камернай зале.
Было яшчэ выступленне «Элегіі» – народнага калектыву аўтарскай песні. Пад акампанемент скрыпкі Аксаны Жук гучала мастацкае чытанне Валянціны Цітовіч. А пасля на подыум прэзентацыі выйшлі паэты. Віктар Кажура і Уладзімір Цанунін – абодва члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гучала роднае слова, варушыла нашу генную памяць, клікала прыпасці да вытокаў і зноўку адчуць сваю родавую прыналежнасць, свае этнічныя карані. «Думкай ненатоленай я лячу здаля. Да цябе, прывольная, Беларусь мая…» (Уладзімір Кажура).
Новае асэнсаванне казкі пра Чырвоную Шапачку і Ваўка па вартасці ацанілі прысутныя. Такімі мілымі, добрымі і таленавітымі падаліся ім выхаванцы ўстановы. І, як кажуць, дай Бог цярпення і высокага натхнення іх таленавітым педагогам. У такім, прыблізна, кірунку ішло абмеркаванне тэмы выязнога пасяджэння.
Наталія Радзевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Можна толькі радавацца за духоўнае жыццё дзяцей. Тое, што мы тут убачылі, пацвярджае: установа па праву носіць назву Цэнтра эстэтычнага выхавання.
Дзіця – як сонейка. І кожнае выпраменьвае тое святло, якому радуюцца ўсе, хто яго акружае.
Высокі ўзровень творчасці, высокія густы выхавацеляў…
І да гэтай ацэнкі прадстаўніка раённай улады наўрад ці можна яшчэ штосьці дадаць.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Даведачна
Цэнтр эстэтычнага выхавання створаны ў 1990 годзе пры аддзеле культуры Вілейскага райвыканкама ў выніку дзеючага на тэрыторыі Мінскай вобласці эксперыменту па эстэтычнаму ўсенавучу школьнікаў, накіраванаму на развіццё іх эстэтычнага і творчага патэнцыялу.
Тут дзейнічаюць 15 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці: 3 – з найменнем «народны», 1 – аматарскае аб’яднанне, 11 – студыі. Займаецца больш 200 удзельнікаў ва ўзросце ад 5 да 65 год.
Мастацкія калектывы Цэнтра, навучэнцы і кіраўнікі – неаднаразовыя ўдзельнікі, дыпламанты і лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемстваў.
Цэнтр эстэтычнага выхавання атрымаў Грант Мінскага абласнога выканаўчага камітэта для рэалізацыі праекта «Шлях да прыгажосці». Асвоена сродкаў – 15000000 рублёў. Набыты камплект гукаўзмацняльнай апаратуры, музычныя інструменты, аргтэхніка. Здзейснены шэраг мерапрыемстваў.
Выставы студый Цэнтра былі прадстаўлены ў дзяржаўных установах культуры г. Мінска: «Нацыянальны Дзяржаўны музей»; «Дзяржаўны музей музычнай і тэатральнай культуры»; «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры»; «Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы», 2014 г.»; «Дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны»: рэспубліканскі праект «Культура не ведае правінцый: Вілейшчына»; міжнародная выстава «Oriqami Omnibys», 2013 г.; Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь; Дом Сяброўства (г. Мінск); НДАЛ «Зубраня»; рэспубліканскае свята «1025-летие Крещения Руси»; рэспубліканскае свята «Дажынкі» (г. Слуцк, г. Нясвіж, г. Узда); ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»; краязнаўчыя музеі г. Вілейкі, г. Маладзечна, г. Смаргоні, г. Мядзела, г. Паставы; ДУА «Мастацкая школа».