Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь надзвычай хвалюе падрыхтоўка ў краіне да такой значнай грамадскай падзеі, як Шосты Усебеларускі народны сход. Добра, што рашэнні такіх з’ездаў могуць стаць канстытуцыйнымі, што само палажэнне пра дзейнасць народных сходаў плануецца ўнесці ў новую Канстытуцыю.
Радуе, што амаль ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсачках Беларусі актыўна працуюць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, дзе суайчыннікі, землякі выказваюць сваю пазіцыю, уносяць шмат прапаноў наконт далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, удасканалення палітычнай сістэмы. Безумоўна, кожны з нас хоча, каб яго пачулі, каб яго голас быў улічаны.
Успамінаю, што некаторыя грамадзяне і да Першага Усебеларускага сходу ставіліся песімістычна, нават негатыўна. Час паказаў, як яны памыляліся. Сход стаў лёсавырашальным для краіны, кардынальна змяніў не толькі палітычны ландшафт, але і значна ўзрасла упэўненасць майго народа ў заўтрашнім дні. Пачалося актыўнае будаўніцтва суверэннай Беларусі. І сам далейшы росквіт дзяржавы залежыць ад творчай працы кожнага з нас.
Новы сход, упэўнены, дасць эстафету новым гістарычным, жыццёвым, нават бытавым здзяйсненням. Як добрая кніга, разгорне найбольш важныя, стрыжнявыя, балявыя праблемы. Гэта будзе яшчэ адна яскравая старонка сучаснасці і будучыні беларускага народа, нашай Бацькаўшчыны. Сход – гэта агульнацыянальная і агульнадзяржаўная пляцоўка, якая люстэркава адлюстроўвае і духоўны стан беларускага народу, і яго дабрабыт, і прававое ўзаемадзеянне органаў кіравання. У сходзе як мадэлі дзяржаўнага кіравання закладзены механізмы нацыянальнай бяспекі (інфармацыйнай, тэхналагічнай, навуковай, эканамічнай, энергетычнай), народнагаспадарчай эфектыўнасці, сацыяльнай справядлівасці, адкрытасці ўладаў, іх адказнасці перад народам. Часу на раскачку, на размовы на кухнях ужо няма. Упэўнены, што форум стане новым, якасным этапам ў далейшым гістарычным будаўніцтве Беларусі. Сход – гэта сапраўдная мадэль канстытуцыйнай жыццядзейнасці Беларусі, новая філасофія самой якасці жыцця дзяржавы і яе людзей.
Канстанцін КАРНЯЛЮК