Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Региональная ярмарка прошла в Вилейке

Традыцыйныя сельскагаспадарчыя кірмашы набіраюць абароты ва ўсіх рэгіёнах краіны. Акрамя абласных цэнтраў, восеньскія таргі актыўна праходзяць і ў раённых гарадах. У Вілейскім раёне добрай традыцыяй стала праводзіць падобныя сельскагаспадарчыя кірмашы кожныя выхадныя на працягу восеньскіх месяцаў.

6 кастрычніка на Цэнтральнай плошчы Вілейкі адбыўся рэгіянальны кірмаш сельгасвытворцаў. Сюды з’ехаліся прадстаўнікі арганізацый гандлю і сельскагаспадарчыя вытворцы з усёй Міншчыны. І хаця раённыя кірмашы стартавалі яшчэ ў верасні, рэгіянальны кірмаш быў па-сапраўднаму шматлюдным. Хтосьці запасаўся на зіму бульбай, капустай і морквай, хтосьці набываў цыбулю і часнык. Вялікі попыт назіраўся і на саджанцы яблынь і груш, а таксама ягадных кустоў.

– Кожныя выхадныя на Цэнтральнай плошчы райцэнтра ў нас праходзяць восеньскія кірмашы, – адзначыла Наталля Драгун, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Вілейскага райвыканкама. – Гандлююць не толькі нашы сельгаспрадпрыемствы і фермеры, але і вытворцы з іншых раёнаў. У гэты раз усяго на рэгіянальным кірмашы было прадстаўлена больш за дваццаць вытворцаў.

Адметна і тое, што кошт на многія сезонныя прадукты на кірмашы ніжэй за рыначны. Дадаткова на кірмашы прадстаўлена шмат кропак з плодаагародніннай прадукцыяй, мёдам і іншымі прадуктамі пчалярства, жывой рыбай.

– Прыйшла сёння набыць крыху морквы і перцу, а таксама журавін, – падзялілася з намі віляйчанка Ганна Аляксееўна. – Але, на жаль, журавіны дарагаватыя – ад пяці з паловай рублёў прадаюць, а ў нас, на вілейскім рынку, можна набыць танней. Таму купіла вось толькі перцу і морквы. А так, вельмі добры кірмаш, вялікі выбар – былі б толькі грошы.

Між іншым, рэгіянальны кірмаш быў адметны і тым, што маладыя людзі падыходзілі да больш сталых людзей, прапаноўваючы сваю дапамогу. Гэта валанцёры БРСМ аказвалі дапамогу пажылым віляйчанам у дастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і іншых тавараў з Цэнтральнай плошчы.

– Актывісты пярвічкі Вілейскага каледжа добра папрацавалі на сельскагаспадарчым кірмашы ў рамках акцыі «Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям», – адзначыла першы сакратар вілейскай райарганізацыі БРСМ Анастасія Чарняўская. – Хлопцы дапамагалі пажылым людзям дастаўляць плодаагароднінную прадукцыю дадому ці падносілі прадукты да машыны. Бо адным патрэбна дапамога, каб пагрузіць цяжкія мяшкі ў аўтамабіль, іншым – данесці пакупкі да прыпынку грамадскага транспарту, а часам некаторым і зусім неабходна даставіць прадукты дадому. Ва ўсіх гэтых выпадках нашы валанцёры былі гатовыя прыйсці на дапамогу.

Вольга Сяргееўна прыехала на кірмаш з бацькам-пенсіянерам, і тое, што ім змаглі дапамагчы давезці да самага пад’езду набытую агародніну, прыемна здзівіла.

– Вялікі дзякуй хлопцам і дзяўчатам за дапамогу – шчыра і ад усяго сэрца. Вельмі нечакана. Вы робіце добрую справу, – адзначыла віляйчанка.

Самі ж актывісты БРСМ прызнаваліся, што вельмі прыемна чуць ад старэйшых людзей падзяку, і ад гэтага нават хочацца зрабіць для чалавека яшчэ больш.

Восеньскія раённыя кірмашы па продажы сезоннай гародніны, спажывецкіх тавараў і вырабаў народных промыслаў будуць працаваць на Вілейшчыне да 3 лістапада. Такім чынам, набыць неабходны тавар і назапасіцца на зіму неабходнай агароднінай яшчэ змогуць усе жадаючыя.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 150 queries