Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Рэйтынг лідара – для рэйтынгу нацыі

Расійскае выданне «Ведомости» назвала Аляксандра Лукашэнка палітыкам года. Усё часцей імя беларускага лідара з’яўляецца ў сеціве-інтэрнэт, прычым, на сайтах рознай ідэйнай накіраванасці. Аўтары публікацый, не змаўляючыся, аднагалосна прызнаюць высокую грамадскую актыўнасць Прэзідэнта Беларусі, яго моцную палітычную волю і вытрымку, калі гаворка ідзе пра ўзаемаадносіны краін у прасторы геапалітыкі. А яна апошнім часам уяўляе сабой крохкі, няўстойлівы лёд, па якім ісці варта з асцярогай і аглядкай на непажаданыя наступствы ў выніку рэзкіх, непрадбачлівых рухаў. Дзякуючы дыпламатычнасці лідара, Беларусь пазбягае непрадуманасці ў палітычных і эканамічных стасунках, на чым і будуе свой суверэнітэт, сваю сапраўдную, а не ўяўную стабільнасць. Праўда, сам кіраўнік дзяржавы, як і належыць моцнай асобе з валявым характарам, спакойна і з гумарам адносіцца да таго, што ўсе літаральна сродкі масавай інфармацыі ўключаюць яго ў рэйтынгі папулярнасці палітыкаў. І аб гэтым ён нядаўна заявіў журналістам вядучых СМІ краіны, адказваючы на іх пытанні. Адно, чым ён задаволены: падобная ацэнка дзеянняў лідара – гэта прызнанне міжнароднага аўтарытэту краіны. Гэтым можна, безумоўна, ганарыцца.
Напружанымі былі гэтыя перадсвяточныя і святочныя дні для кіраўніка нашай дзяржавы. Насычанымі на дзеянні рознага кшталту. Адны з іх, звязаныя са зменай эканамічнага блока ўрада Рэспублікі Беларусь, якія патрабавалі ад лідара адпаведнага дыпламатычнага такту і прадбачлівасці, аб’ектыўнай ацэнкі асабістых і дзелавых якасцей прэтэндэнтаў на высокія кіруючыя пасады. Візіт ва Украіну, стасункі з кіраўніцтвам суседняй краіны на глебе ўзаемапаразумення, аднолькавай заклапочанасці лёсамі народаў, ахопленых повяззю гісторыі, у якой шмат агульнага і незапомнага.
У рабочым графіку Прэзідэнта – удзел у калядных ёлках, святах, што ўзвышаюць духоўнасць нацыі, працуюць на яе кансалідацыю, узнімаюць штораз на вышэйшую ступень маральны ўзровень грамадства. Кантакты з кіраўніцтвам найбольш буйных рэлігійных арганізацый, прадстаўленых у краіне, уменне наладжваць з імі адносіны на гуманістычных пачатках – яны таксама ў стылі паводзін кіраўніка дзяржавы. Падзеі калядных дзён, наведанне Прэзідэнтам канфесійных святыняў – яшчэ адно таму пацвярджэнне.
Міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Удзел у ім Аляксандра Лукашэнка заахвочвае, настройвае людзей на здаровы лад жыцця, дэманструе сілу ўласнага прыкладу лідара. Па традыцыі напярэдадні Новага года распараджэннем Прэзідэнта назначаны стыпендыі таленавітым маладым вучоным. А ўсё ў сукупнасці – клопат пра сённяшні дзень і будучае нацыі, пра яе адметнае становішча ў свеце, якое сёння прызнаюць нават тыя, чые адносіны да гонару маленькай еўрапейскай краіны, прама скажам, не вельмі прыязныя.
Прэзідэнт з іроніяй ставіцца да свайго рэйтынгу, а нам, грамадзянам Рэспублікі Беларусь, прыемна ўсведамляць сябе яго суайчыннікамі, беларусамі, чалавечую годнасць якіх сёння аднагалосна прызнае свет.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries