Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Рэйдавая брыгада праехала па вуліцах горада

Апошнія кастрычніцкія дзянькі выдаліся вельмі лагоднымі. Нібыта прырода давала магчымасць людзям навесці ўсюды парадак і як след падрыхтавацца да зімы. Гаспадарлівыя і неабыякавыя гэтым шансам скарысталіся. У гэтым пераканалася рэйдавая брыгада (у складзе яе былі начальнік жыллёва-камунальнага аддзела райвыканкама Аляксандр Корсак, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Альшэўскі, памочнік урача-гігіеніста цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марына Броўка, майстар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Святлана Чаўлытка і аўтар гэтага матэрыяла), праехаўшы ў мінулы чацвер па вуліцах горада і па прыгарадных тэрыторыях.

– Вось тут, непадалёк ад гармалзавода, у адзін з мінулых выездаў мы натрапілі на вялізную кучу з кавалкаў асфальту і іншага смецця, – расказвае Аляксандр Корсак, паказваючы на цяпер чыста прыбраную тэрыторыю. – Шукалі тады гаспадара ўсяго таго «багацця». Ён знайшоўся і давёў усё да ладу.
Праехаўшы па ўрочышчы Дубаўка (сур’ёзных заўваг тут не было, праўда, не шкодзіла б ужо прайсціся ды падабраць там-сям сляды «культурнага» адпачынку віляйчан), мы ўзялі курс да гаражных кааператываў.
– Навялі парадак, падчысцілі, – канстатавала Марына Броўка, калі аглядалі тэрыторыю ГБК-1 «Ізбіно».
Нядрэннае ўражанне засталося і пасля наведання ГБК-2 і ГБК-4. Так, у першым з іх абгарадзілі пляцоўкі, дзе размяшчаюцца кантэйнеры са смеццем, навялі парадак і па ўсёй тэрыторыі. Праўда, крышку не хапіла старання, каб падчысціць смецце на ўскрайку тэрыторыі – там у сухой траве непатрэбшчыны яшчэ хапае. А вось на тэрыторыі ГБК-4 на дзень рэйду стаяў перапоўнены смеццем кантэйнер – чамусьці пра яго «забыліся»…
Тое ж можна сказаць і пра тэрыторыю калгаснага рынку, дзе перыядычна ўзнікаюць такія звалкі: кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства «забываецца» на перапоўнены смеццем кантэйнер, і ён стаіць навідавоку сведчаннем людской безгаспадарчасці.
– Не заўсёды працуюць належным чынам арганізацыі і прадпрыемствы горада, замацаваныя за тымі ці іншымі вуліцамі, – паведаміла Святлана Чаўлытка. – Так, на сёння (на 27 кастрычніка – Аўт.) пакуль не выйшлі на ўборку сваіх тэрыторый райаграпрамэнерга (вуліца Л. Талстога), ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс» (вуліца Сацыялістычная), завод «Зеніт» (вуліца Чапаева), гармалзавод (вуліца Партызанская).
Думаецца, гэтыя радкі прачытаюць і вышэйназваныя арганізацыі, і іншыя, хто яшчэ не знайшоў час на добраўпарадкаванне замацаваных тэрыторый. А магчыма, ужо і паспелі навесці парадак, не чакаючы, пакуль задажджыцца. Калі так, то правільна зрабілі, па-гаспадарску.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара

Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries