Шматколерную кампазіцыю гарадскога рынка адкрываюць імправізаваныя латкі гандляроў прадукцыяй уласнага вырошчвання. І самы каларытны яе тыпаж – Галіна Ткачэнка, віляйчанка, якая на сваім прысядзібным участку стварае цуды кветкавай гармоніі і лічыць неабходным падзяліцца гэтым прыгоствам з акаляючым светам. Сёння яе тавар – ліліі на корані. Буйныя беларужовыя суквецці вянчаюць гонкія сцябліны, прэзентуючы сябе на бардзюры пешаходнай сцежкі, бы тыя кідкія прыгажуні на подыуме. А далей палыхае рознаколерная гама чырвонабокіх памідораў, гуркоў, морквы, кропу, распаўсюджвае навокал пах сялянскай сядзібы, далікатны, тонкі, духмяны. Віляйчане з задавальненнем наведваюць гэты імправізаваны рынак, дзе на лавачках, пад парасончыкамі, іх сустракаюць добразычлівыя і гаваркія прадаўцы. Бываючы тут, не прамінаю і я перакінуцца з імі словам-другім. Як пакупнік. А сёння вырашыла ўзяць на сябе ролю рэпарцёра.
Бульбай гандлююць бацька і сын. Буйныя клубні – па цане 8 тысяч за кілаграм, дробныя – напалавіну танней.
– Прыбытак каштуе вашых намаганняў? – пытанне мой суразмоўца ўспрымае належным чынам сур’ёзна, не лічачы яго пустой дапытлівасцю.
– Выгадна гандляваць ранняй бульбай. А вось цэны на познюю практычна не пакрываюць затрат.
– Напэўна, фермерам будзеш, як бацька? – адрасую пытанне юнаму памочніку сельгасвытворцы.
– Не, праграмістам…
Нічога не зробіш: сучасная моладзь – такі ж і накірунак інтарэсаў.
На латку побач – агуркі, свежы кроп, чоснік, морква, памідоры, апад яблыкаў. Такая разнастайнасць, як і ў вясковым гародчыку. А якая прыгожая маліна, цёмна-вішнёвая, памерам у невялікі абрыкос.
– З гадавальніка бяру саджанцы.. Эксперыментую з сартамі, – перахоплівае мой позірк гаспадар латка. І, разумеючы, што я тут «пры выкананні», усё ж ахвотна называе цану: агуркі – па 13, памідоры – па 20, яблыкі-апад – па тры.
Яшчэ адно юнае стварэнне самастойна гандлюе чарніцамі.
– Сам сабраў? – пытаюся ў хлопца гадоў пятнаццаці. Ён выставіў на “подыум” свой тавар адразу ў некалькіх пасудзінах рознага аб’ёму. Як кажуць, на ўсе пакупніцкія магчымасці.
– Бабуля збірае, я толькі прадаю, – шчыра прызнаецца хлопец. – За гэта яна мне ад выручкі «адшпільвае».
А выручка, мяркуючы па кошту тавару, маецца быць унушальнай. Трохлітровае вядзерца – 110 тысяч, пяцілітровае – 180. А яшчэ – лісічкі. У пласцікавым вядзерцы літры на два. За іх юны гандляр просіць 35 тысяч.
Агуркі, як і ў суседнім латку – па 13. Трэба зазначыць, што цэны на гэтым рынку «перад уваходам» моцна не розняцца. Сезонныя гандляры ўзаемна паважаюць адзін аднаго. А распрадацца – гэта каму як пашэнціць.
У майго чарговага суразмоўцы – 3 гектары зямлі, на якіх ён сам плануе севазварот. Садзіць збожжа, бульбу, частку адводзіць пад сенакосныя ўгоддзі. Бульба сёлета, кажа, не ўрадзіла, амаль ніводзін клубень на буйны не цягне. Таму і кошт яе ніжэй, чым у суседзяў па рынку. Але, як кажуць, на кожны тавар ёсць свой пакупнік. І на гэты таксама знаходзіцца.
Сям’я з Любані: муж і жонка. І таксама з бульбай. Жывуць у прыватызаваным катэджы. Гародніцтвам займаюцца на прысядзібным участку, паколькі гэта значная падтрымка сямейнаму бюджэту. Ну, і вядома, хатнюю жывёлу трэба карміць. Акрамя бульбы, сям’я вырошчвае і капусту. Познюю. Яе восенню прадаюць оптам.
З гэтых кароткіх стасункаў раблю выснову, што на рынку няма гандляроў-перакупшчыкаў. Таму і цэны памяркоўныя, і тавар часта вядзёркамі ды іншай аб’ёмнай тарай мераецца. Сам яго выгляд сведчыць аб прыналежнасці да сядзібы, якая захоўвае сялянскія традыцыі, дзе працуюць на зямлі не толькі дзеля атрымання прыбытку, а дзеля ўцехі, усталявання душэўнага камфорту. І тых самых рыначных стасункаў, якія вельмі неабходны немаладым ужо людзям.
– Ты ж тут сярод сваіх, – прымае ўдзел у размове кабета сталага веку, якая таксама выставіла на продаж сёе-тое з няхітрага хатняга набытку. – Нехта табе падкажа, як лепш зямлю абрабіць. А хтосьці – рэцэпт салата. Дзелімся. Гамонім. Адным словам, супрацоўнічаем…
Заўважаю, што на асабістых сялібах сёлета вырас проста шыкоўны чоснік. Не дзіўна, што за адну галоўку вытворцы просяць 5 тысяч рублёў. Насупраць прыватных гандляроў – палаткі іх патэнцыяльных канкурэнтаў. Раённае спажывецкае таварыства рэалізуе памідоры па цане 15100 за кілаграм, УП «Рамонак» – 10025. Затое ў райпо – танная капуста – 4800. Ля палаткі «Садружнасці» толькі што зліняла чарга. Прадавец Вольга Жывета расказвае, што нарасхоп ішлі таматы па 5650 рублёў. Шкадую, што не паспела. Кілаграмаў дзесяць можна было купіць для кансервавання. Але і тыя, што засталіся ў рэалізацыі, вабяць пакупнікоў коштам: 11300 – гэта, бадай, самая сёння нізкая цана на рынку. Каб пераканацца ў гэтым, праходжу ўздоўж «ралетаў», дзе тавар прапаноўваецца далёка не з першых рук. Адрасы паходжання таматаў – Малдова, Украіна. Ну, і цана кілаграма – 14,15, нават 18 тысяч. Гледзячы, каму якім коштам удалося здзейсніць аптовую закупку.
Гарбузы – па 10, дыні, слівы – па 25, вішні – па 37. І тут цэны ўрэгуляваны так, што пакупнік практычна не мае магчымасці выбару. Але ў межах усяго рынку, як мы ўжо пераканаліся, яна, як кажуць, у наяўнасці. Галоўнае, напэўна, не спяшацца, а ўважліва вывучыць «кан’юнктуру».
Афіцыйны дазволены ў горадзе рынак для гандлю сельгаспрадукцыяй, фруктамі і гароднінай – побач з аўтобусным прыпынкам «26-ы магазін». Некалі прадпрымальнікі падаравалі дробным гандлярам уласна вырашчанай прадукцыяй крыты міні-рыначак, у гарадской моўнай тэрміналогіі – хітрушку. І яе сапраўды займаюць тыя, каму яна прадвызначана. Праўда, нарэдзь часу сюды наведваюцца і так званыя «варагі» – перакупшчыкі, з таварам яўна не мясцовага паходжання. Тады і цэны на яго адпаведныя. Сёння ўразілі памідоры па 20, 25 тысяч. Ну што ж, на ўсякі тавар, паўтаруся, знойдзецца свой пакупнік.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара