Багаты май на прыгожыя святы! Вось і яшчэ адно – традыцыйнае рэгіянальнае свята-конкурс майстроў лозапляцення «Лазовыя карункі» – пройдзе ў Вілейцы 17 мая. Сорак пяць майстроў вобласці будуць дэманстраваць сваё майстэрства, дзяліцца вопытам. За тры гадзіны, якія, па ўмовах конкурсу, будуць адведзены на пляценне вырабаў, умельцы павінны будуць стварыць сапраўдныя шэдэўры. Як паказвае практыка мінулых гадоў, менавіта яны, шэдэўры, тут і нараджаюцца…
– У праграме будзе рознае, – расказвае Тамара Тышкоўская, метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, – конкурс майстроў, канцэрт калектываў аматарскай мастацкай творчасці горада і раёна, выстава-продаж. Будуць, вядома, працаваць і гандлёвыя рады. А распачнецца свята на плошчы Леніна ў 11 гадзін.
Трэба адзначыць, што ацэньваць работы майстроў будзе кампетэнтнае журы пад старшынствам доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуты, старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Думаецца, нас, віляйчан, чакае цікавая дзея – у чарговы раз убачыць, як плятуць карункі. Лазовыя.
Ірына БУДЗЬКО


