АД РЭДАКТАРА
Разам з Вілейскім краязнаўчым музеем рэдакцыя распачынае свой новы праект «Жывём, каб помніць. Помнім – каб жыць». Мы прысвячаем яго 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ходзе рэалізацыі праекта яго аўтары – музейныя работнікі і журналісты – нагадаюць вам, паважаныя чытачы, падзеі адной з самых страшных і крывавых войн у гісторыі чалавецтва. Мы пастараемся праз архіўныя дакументы, успаміны, яшчэ жывых сведкаў – ветэранаў і дзяцей вайны, – узнавіць нашу агульную памяць. Таму і выбралі для праекта такую назву. Толькі на глебе памяці прарастае ў новай яго якасці жыццё. А народ, пазбаўлены мінулага, не мае перад сабой будучага.
Спадзяёмся, што гэтыя публікацыі будуць цікавыя для ўсіх, каму дарагая спадчына нашага народа, хто справядліва лічыць, што злачынствы, зробленыя гітлераўскімі захопнікамі, не могуць быць забыты, як не могуць быць забыты імёны ўсіх тых, хто не вярнуўся з вайны, усіх тых, хто ваяваў на фронце і працаваў у тыле, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых мірных жыхароў і высланых на катаржныя работы ў Германію. Памяць аб іх свяшчэнная!
Война – жесточе нету слова.
Война – печальней нету слова.
Война – святее нету слова
В тоске и славе этих лет.
И на устах у нас иного
Ещё не может быть и нет.
А. Твардовский
За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь зведала на сабе мноства войн, кожная з якіх пакідала пасля сябе смерць і разруху. Але не было ў гісторыі войн больш жорсткай і разбуральнай, чым Вялікая Айчынная.
Амаль тры доўгія гады была Беларусь у гітлераўскім палоне. За гады акупацыі фашысты знішчылі тут больш за 2 млн.200 тысяч савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, вывезлі ў Германію на катаржныя работы каля 380 тысяч чалавек, спалілі разам з жыхарамі 628 вёсак, з іх 186 не былі адноўлены пасля вайны.
Сёння, скрозь прызму часу, калі ўжо не гады, а дзесяцігоддзі аддзяляюць нас ад гістарычных падзей лета 1944 года, усё больш ярка і велічна паўстае перад намі подзвіг усяго савецкага народа і яго Узброеных Сіл.
Працягваючы контрнаступленне пасля разгрому нямецкіх войск пад Курскам на цэнтральным напрамку, Чырвоная Армія прарвала шэраг моцных абарончых рубяжоў праціўніка, выйшла да ўсходніх граніц Беларусі і паклала пачатак вызвалення яе тэрыторыі.
23 верасня 1943 года войскі 13-ай арміі Цэнтральнага фронту (камандуючы К.К. Ракасоўскі; Цэнтральны фронт у кастрычніку 1943 г. быў ператвораны ў Беларускі, а ў лютым 1944 г. – у 1-ы Беларускі фронт) вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі – горад Камарын Гомельскай вобласці. 26 верасня 30-ыя і 50-ыя арміі Бранскага фронту вызвалілі першы раённы цэнтр Магілёўскай вобласці – горад Хоцімск, 28 верасня – Мсціслаў, Дрыбін. 30 верасня быў вызвалены Крычаў, 1 кастрычніка – гарадскія пасёлкі Чэрыкаў і Краснаполле.
26 лістапада 1943 года, пасля фарсіравання ракі Сож, часці Чырвонай Арміі ачысцілі ад фашыстаў буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі – горад Гомель, які часова стаў месцам знаходжання ўрада БССР. Усяго ў Беларусі ў выніку асенне-зімовага (1943-1944) наступлення савецкіх войск было вызвалена сорак раёнаў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Палескай абласцей.
З асобым хваляваннем і надзеяй чакалі прыходу Чырвонай Арміі жыхары цэнтральных і заходніх абласцей Беларусі, вызваленне якіх павінна было адбыцца ў ходзе летне-восеньскай кампаніі 1944 года, што ўвайшла ў ваенную гісторыю пад назвай «Беларуская аперацыя» і па сваёй задумцы, колькасці войск і баявой тэхнікі, а таксама паспяховаму завяршэнню,лічыцца адной з буйнейшых стратэгічных наступальных аперацый Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Састаўленню плана Беларускай аперацыі папярэднічала сур’ёзная работа,і да сярэдзіны мая працэс планіравання быў у асноўным завершаны. 20 мая генерал арміі А.І. Антонаў прадставіў Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму план аперацыі ў выглядзе карты і кароткай тлумачальнай запіскі, выкананай рукапісна. Для канчатковай адпрацоўкі пытанняў, звязаных з планаваннем і падрыхтоўкай наступлення ў Беларусі, былі выкліканы ў Маскву камандуючыя франтамі, яны затым вярнуліся ў свае штабы з картамі, на якіх былі нанесены удакладненыя і адобраныя Вярхоўным Галоўнакамандуючым іх рашэнні на аперацыю.
30 мая 1944 года план Беларускай аперацыі быў зацверджаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым. У гонар выдатнага рускага палкаводца, героя Айчыннай вайны 1812 года, князя Пятра Іванавіча Баграціёна,аперацыя атрымала ўмоўную назву «Баграціён». У ноч на 31 мая адпрацоўваюцца прыватныя дырэктывы, якія за подпісамі І.В.Сталіна і Г.К. Жукава былі адпраўлены франтам.
Перад Чырвонай Арміяй ставілася задача: разбіць групоўку нямецка-фашысцкіх войск «Цэнтр», вызваліць Беларусь, выйсці на дзяржаўную граніцу СССР, поўнасцю ачысціць тэрыторыю ад фашысцкіх акупантаў. Гэта быў складаны стратэгічны ключ, які адмыкаў шляхі ва Усходнюю Прусію, на Варшаву і Берлін.
На палях і ў лясах Беларусі стаялі адзін супраць другога чатыры мілёны ўзброеных людзей. Закутая ў бетон і метал, глыбока эшаланіраваная лінія фронту даўжынёй у тысячу кіламетраў… У найвялікшую бітву ўступалі войскі чатырох франтоў: 1-га Прыбалтыйскага, 1-га,2-га і 3-га Беларускіх, авіяцыя дальняга дзеяння, Дняпроўская ваенная флатылія, войскі супрацьпаветранай абароны, амаль паўмільённая армія беларускіх партызан. Не было яшчэ такой аперацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе б прыцягвалася такая колькасць артылерыі, танкаў і баявых самалётаў.
23 чэрвеня 1944 года, а пятай гадзіне раніцы, загаварыла артылерыя на Віцебскім, Аршанскім, Магілёўскіх напрамках. Цяжка, грымотна, агніста ўздыхнулі гарматы, а зямля Беларусі слухала навальнічны грукат як жаданую музыку.
24 чэрвеня лінія абароны праціўніка была прарвана. На трэці дзень баёў войскам 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў удалося акружыць і знішчыць віцебскую групоўку праціўніка («Віцебскі кацёл») і вызваліць Віцебск. Войскі 2-га Беларускага фронту, фарсіраваўшы водныя перашкоды, 28 чэрвеня штурмам авалодалі Магілёвам. Тады ж была завершана ліквідацыя варожых войск, акружаных пад Бабруйскам («Бабруйскі кацёл»).
На досвітку, у тры гадзіны раніцы 3 ліпеня, зламаўшы супраціўленне ворага, з паўночнага ўсходу 2-гі гвардзейскі танкавы корпус генерала А.С. Бурдзейнага ўварваўся ў Мінск. Услед за ім на паўночную ўскраіну сталіцы ўвайшлі перадавыя часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі маршала танкавых войск П.А. Ротмістрава. Баі ў Мінску ішлі да позняга вечара. Вораг упарта супраціўляўся, фашысты дзёрзка біліся за кожную вуліцу, за кожны дом. Але, загартаваныя ў баях, савецкія воіны перамаглі.
Да канца дня, 3 ліпеня, войскамі Чырвонай Арміі пры актыўным удзеле партызан сталіца Беларускай рэспублікі была поўнасцю вызвалена ад фашысцкіх акупантаў. З таго часу ўсенародна святкуецца гэты дзень – Дзень вызвалення Беларусі, а з 1996 года яшчэ і як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – галоўнае свята Беларускай Дзяржаўнасці.
Паражэнне гітлераўцаў на Беларусі ў 1944 годзе многія гісторыкі ацэньваюць як катастрофу Вермахта, а некаторыя – як канчатковае паражэнне Германіі.
У выніку Беларускай аперацыі была вызвалена не толькі ўся Беларусь, але і большая частка Літвы, частка Латвіі, усходнія раёны Польшчы. Савецкія войскі падышлі да граніц Усходняй Прусіі, што стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення шэрагу краін Еўропы і разгрому фашысцкай Германіі.
2 ліпеня 1944 года часці 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса сумесна з партызанскай брыгадай «Народныя мсціўцы» імя В.Т. Варанянскага вызвалілі абласны цэнтр і буйную чыгуначную станцыю Вілейка…
(Працяг будзе).
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік музея








