Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Равесніца вялікага вызвалення. Людміла Палянская з Шылавіч

Для жыхаркі аграгарадка Шылавічы Людмілы Палянскай бягучы год 75-годдзя вызвалення Беларусі адметны – у студзені яна таксама адзначыла сваё 75-годдзе

Гэты год знамянальны для кожнага з нас, беларусаў. Мінула семдзясят пяць гадоў, як наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і прыйшоў мір, якога людзі так чакалі! Але ж як дорага было за яго заплачана… Практычна ў кожнай беларускай сям’і тое ліхалецце забрала блізкіх і родных, пажаўцелыя здымкі якіх беражліва захоўваюцца ў сямейных альбомах і глядзяць на нас з партрэтаў на сценах. І жыве, перадаецца з пакалення ў пакаленне ўдзячная памяць пра гераічных продкаў, простых людзей, якія зусім не думалі пра гераізм – яны абаранялі сваю зямлю, сваіх блізкіх, ахвяруючы здароўем і жыццямі.
Для жыхаркі аграгарадка Шылавічы Людмілы Палянскай бягучы год адметны – у студзені яна адзначыла сваё 75-годдзе. Вядома, пра ваеннае ліхалецце не памятае, але ведае пра тыя падзеі з расказаў сваёй мамы.

Муж Мікалай.

Бацькі маёй суразмоўцы – Мікіта Сцяпанавіч і Ганна Васільеўна – нарадзіліся і жылі ў Більцавічах. Да пачатку вайны Мікіта Сцяпанавіч ужо меў сям’ю – жонку і траіх дзетак. Але здарылася бяда – яго жонка памерла, пакінуўшы малых сіротамі. І тады ўдавец пасватаўся да маладой дзяўчыны Ганны. Хто ведае, ці сумнявалася яна, выходзячы замуж за мужчыну… Ды ў яе, напэўна, і не вельмі пыталіся, бо дзяўчына была сіратою і жыла са сваім дзядулем. Так ці інакш, утварылася новая сям’я, у якой у студзені 1944-га нарадзілася дачушка Людміла.
–Мама расказвала, што тата яшчэ паспеў мяне ўбачыць, – расказвае Людміла Мікітаўна. – Мне было некалькі месяцаў, калі яго забіралі на фронт. Трымаў мяне на руках, усё глядзеў, а тады сказаў: «Мусіць, дачушка, гадаваць цябе мне не давядзецца…» Нібыта адчуваў, што жывым дамоў ўжо не вернецца.
Жанчына і сёння беражліва захоўвае пажаўцелы ад часу лісток – даведку, дасланую яе маме, дзе напісана, што «радавы Шкет Мікіта Сцяпанавіч… загінуў 18 кастрычніка 1944 года». Так Ганна Васільеўна засталася ўдавою з дваімі малымі дзецьмі на руках (сына, які нарадзіўся пазней, бацька ўжо не бачыў). Было цяжка, страшна, голадна. А тут і яшчэ адна бяда – адступаючы, немцы спалілі хату Шкетаў, і маці з дзецьмі засталася на вуліцы. На шчасце, тут, у Більцавічах, жылі дзядуля з бабуляй, якія забралі небарак да сябе. У гэтай хаце і жылі.

Паведамленне пра бацьку – сямейная рэліквія

Простая вясковая жанчына, якая ўсё жыццё многа і цяжка працавала, Ганна Васільеўна марыла, каб дачка вывучылася. Тым больш, што навукі Людміле даваліся. Закончыўшы чатыры класы ў Більцавічах, дзяўчына год вучылася ў Стражах, дзе жыла ў цёткі, а затым ужо стала вучаніцай Любанскай школы. Скончыўшы дзесяцігодку, паступіла ў Ашмянскі тэхнікум, дзе атрымала прафесію бухгалтара-планавіка. Вельмі радавалася матуля, калі яна стала студэнткай. Пасля вучобы дзяўчыну накіравалі ў тагачасны калгас «Ленінскі камсамол», пасля была рэарганізацыя гаспадаркі, з’явіўся яшчэ адзін калгас – «Перамога», у якім Людміла і працавала да лёсавызначальнай сустрэчы з Мікалаем Палянскім.
– Мы сустрэліся выпадкова, – узгадвае яна. – Я тады працавала ў канторы, а ён проста прыехаў сюды за разлікам. Убачыліся – і ўсё. Мне Коля спадабаўся адразу – светлавалосы, высокі, усмешлівы. Хіба такога не заўважыш? Відаць, і я яму запала ў душу, інакш не стаў бы шукаць далейшых сустрэч…

Бацька і маці Людмілы Палянскай.

Нейкі час маладыя сустракаліся, сябравалі і ўрэшце зразумелі, што не могуць адна без аднаго. Свайго абранніка Людміла пазнаёміла і з роднымі.
– Гэта было якраз на вялікае свята – увядзенне у храм Прасвятой Багародзіцы, 4 снежня, – прыгадала Людміла Мікітаўна. – У нас у вёсцы якраз быў фэст. Маме Коля спадабаўся адразу, бо мой выбар яна ацаніла. Дарэчы, і ніколі за ўсё жыццё не пашкадавала аб гэтым.
Вяселле гулялі на Каляды. Стаялі маразы, мяла мяцеліца. «Распісвацца ездзілі на самазвале, – смяецца мая суразмоўца. – Толькі мы, маладыя, ды мая цётка». А вяселле, як і належыць, гулялі тры дні: спачатку ў Більцавічах, у маладой, з пераездам у Міхнічы, да маладога.
– Хоць і холадна было, але вясёлае атрымалася наша вяселле, – падзялілася Людміла Мікітаўна. – Ды і без прыгод не абышлося. Калі пераязджалі на машыне ў Міхнічы, дык забуксавалі ў снезе. На шчасце, не вельмі далёка ад вёскі, дык госці рушылі пехатою. Ну я а сядзела, чакала пакуль выцягнуць машыну са снежнага палону.
Так пачаўся новы этап у жыцці маёй гераіні. З замужжам яна памяняла і месца працы, з калгаса перайшла ў раённае аб’яднанне «Белсельгастэхніка». Неўзабаве маладыя атрымалі ад арганізацыі кватэру, а ўжо пазней – палову фінскага дома ў Шылавічах, дзе Людміла Мікітаўна жыве і цяпер.
– Усё маё працоўнае жыццё з таго часу было звязана з сельгастэхнікай і яе рэарганізацыямі, – у голасе субяседніцы чуюцца гонар і настальгічныя ноткі.— Працавала эканамістам, удзячна лёсу, што звёў мяне тут з цудоўнымі людзьмі – кіраўнікамі розных гадоў, простымі працаўнікамі. Усе разам мы вырашалі важныя задачы – забяспечвалі сельгасарганізацыі раёна запчасткамі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, ядахімікатамі… Мы ведалі ўсё аб стане спраў у калгасах і саўгасах, разам вырашалі пытанні, якія стаялі перад намі, з усім спраўляліся, на ўсё хапала сіл. Што ж, маладосць…
Ужо многа гадоў Людміла Мікітаўна на заслужаным адпачынку. За яе плячыма – балючыя страты (смерць мужа ў яшчэ маладым узросце, адыход у свет іншы маці, сваякоў), перажыць якія жанчыне дапамагаюць яе няўрымслівасць, нераўнадушша, жыццялюбства. Людміла Мікітаўна на працягу многіх гадоў была і з’яўляецца зараз дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Ёй даварылі аднавяскоўцы быць старастам населенага пункта, бо ведаюць, што справіцца. З якімі пытаннямі звяртаюцца людзі? З самымі рознымі. Вулічнае асвятленне, вада, добраўпарадкаванне – усё тое, што хвалюе людзей ў штодзённым жыцці.
– Вядома ж, я сама нічога не зраблю ды і не змагу, – кажа Людміла Мікітаўна, – але тут жа звязваюся з сельвыканкамам, разам абмяркоўваем праблему і вырашаем яе.
Раней, адзначыла жанчына, нярэдкімі былі «водныя» пытанні, але пасля перадачы сетак «Водаканалу» яны больш не ўзнікаюць. А яшчэ жыхароў Шылавіч хвалявала ў свой час і такая праблема: у цэнтры населенага пункта не было аўтобуснага прыпынку і, каб дабірацца ў горад, людзям трэба было пераадольваць даволі вялікую адлегласць да прыпынку. Сабраўшы подпісы вяскоўцаў, Людміла Мікітаўна пайшла ў райвыканкам, растлумачыла сітуацыю. І неўзабаве пытанне вырашылася.
– Цяпер вось толькі б які навес зрабіць на гэтым прыпынку, бо ў дождж і вецер трэба недзе захінуцца, – выказвае пажаданне аднавяскоўцаў Людміла Мікітаўна.
А гэта значыць, што ёсць у нераўнадушнай жанчыны чарговая задача, якую трэба вырашаць. Не дзеля сябе, а для ўсіх тых, хто жыве сёння ў Шылавічах.
Доўгай і хвалююча-цёплай была наша размова ва ўтульным доме Людмілы Мікітаўны, сярод мноства прыгожых хатніх кветак, якія так любіць жанчына. Імі – ружамі, лілеямі, сальвіяй (усё і не пералічыць) – заўсёды расквечаны і дагледжаны падворак дбайнай гаспадыні. Так і жыве, дастойна і прыгожа, гэтая простая жанчына, дачка франтавіка, які аддаў жыццё за вызваленне, і равесніца таго вялікага вызвалення.
Ірына БУДЗЬКО . Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries