Хтосьці з вялікіх заўважыў, што “газета – самы аператыўны летапісец”. І сапраўды, з дня ў дзень, з году ў год сістэматычна і паступова на старонках перыядычных выданняў адлюстроўваецца гісторыя рэгіёна, краіны і ўсяго свету. І наша газета “Шлях перамогі” вось ужо 70 год не толькі складае летапіс, але і сама з’яўляецца актыўным стваральнікам гісторыі роднай Вілейшчыны.
У час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій нават вялікай, сталічнай і “раскручанай” газеце вельмі складана застацца цікавай і запатрабаванай. Як утрымліваць і падымаць тыраж, не прыніжаючы свайго чытача? Як, дагаджаючы часу, не “пажаўцець” і не страціць сумленнасці і прыстойнасці? Якімі сіламі сёння можна трымаць прынцыповую пазіцыю, скіраваную на высокую мараль і сапраўдную культуру, на палітычную цвярозасць і непадманны патрыятызм? На гэтыя пытанні рэдакцыя нашай раёнкі, напэўна, даўно знайшла патрэбныя адказы, бо газета мае высокі рэйтынг: яе любяць, ёй давяраюць, яе чакаюць. І “Шлях перамогі” штодня праяўляе жывы клопат аб сваіх чытачах. Яна стала кансалідуючай пляцоўкай для ўсіх жыхароў Вілейшчыны. На яе старонках хапае месца для важных навін і працоўных тэм, спецыяльных інфармацыйных выпускаў і жыццёвых праблем, для рамантычных перажыванняў і ўзнёслых пачуццяў. Праз гэтыя матэрыялы настойліва сцвярджаецца: “Чалавек – галоўны творца гісторыі!” Можа, таму газета стала роднай для педагогаў, культработнікаў, міліцыі, медыкаў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, для рабочых і інжынераў, будаўнікоў і камунальшчыкаў, паэтаў і мастакоў, для ўсіх, каго турбуе жыццё і лёс малой радзімы.
Дзякуючы прафесіяналізму, непрадузятасці, дакладнасці і аб’ектыўнасці рэдакцыйнай калегіі, газета мае свой твар і адметны стыль. Мы бачым, як важна ўмець выдзеліць сярод будзённай інфармацыі тыя падзеі і факты, што ў сукупнасці праўдзіва адлюстроўваюць рытм жыцця.
Юныя журналісты шматтыражнай газеты “Гімназічны праспект”, якая штомесяц выходзіць ў нашай установе адукацыі, вучацца на матэрыялах сваіх дарослых калег раённай газеты. Мы шчыра ўдзячныя за творчае супрацоўніцтва і надзейную падтрымку. Заўсёды радуемся перамогам “Шляхоўкі” і яе новым узнагародам.
Калектыў Вілейскай гімназіі №2: настаўнікі, вучні, бацькі і тэхработнікі – віншуе стваральнікаў раённай газеты са значным юбілеем і ад усяго сэрца жадае ім моцнага здароўя і дабрабыту, творчага натхнення і ўдалых праектаў, вострага пяра і ўдзячных чытачоў! Няхай “Шлях перамогі” і надалей будзе прапагандыстам хрысціянскай маралі, свежых ідэй і высокіх мэт, арганізатарам усяго новага і перадавога, крыніцай аптымізму для жыцця і стваральнай працы.
Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара ДУА “Вілейская гімназія №2” па вучэбнай рабоце
Радуемся перамогам «Шляхоўкі»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ