Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важную ролю маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў у грамадскім жыцці краіны, перш за ўсё Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. На гэтым ён акцэнтаваў увагу ў час сустрэчы з удзельнікамі Усебеларускай акцыі «Пытанне Прэзідэнту».
«Вы павінны разумець, і гэта патрабаванне часу, грамадству патрэбны не толькі добрыя спецыялісты, але і патрыёты, якія цанілі б сваю дзяржаву і, атрымаўшы адукацыю, не імкнуліся кудысьці бегчы, можа, за доўгім рублём, а ўсё-такі працавалі ў Беларусі», – сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў значнасць маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. «Калі наша маладзёжная арганізацыя будзе такой уплывовай, як калісьці быў камсамол, думаю, я буду шчаслівым чалавекам, таму што мне некалі давялося ініцыіраваць адраджэнне гэтай маладзёжнай арганізацыі. А наогул я асабіста ганаруся нашай моладдзю, нашым падрастаючым пакаленнем, тымі дзецьмі, якія, напрыклад, перамагаюць на міжнародных прадметных алімпіядах», – падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, толькі за апошнія пяць гадоў на гэтых алімпіядах 123 беларускія школьнікі заваявалі медалі, у тым ліку 15 залатых.
Аляксандр Лукашэнка ганарыцца дзецьмі, якія праславілі краіну на дзіцячым «Еўрабачанні». «Бо дзякуючы заслугам гэтых маленькіх грамадзян мы праз месяц прымаем у сябе ў краіне такі прэстыжны конкурс». Беларускі лідар сказаў таксама, што ён ганарыцца юнымі спартсменам, якія дастойна адстойваюць гонар Беларусі, і ўсімі юнымі беларусамі.
Адказваючы на пытанне аб сваім стаўленні да БРСМ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта арганізацыя, па сутнасці, з’яўляецца яго «дзіцем». Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён на працягу некалькіх гадоў працаваў у камсамоле і, нягледзячы на адмоўныя моманты, якія былі ў дзейнасці гэтага аб’яднання, лічыць, што ў камсамоле было шмат добрага, і гэтага добрага было больш.
«Што датычыцца БРСМ і таго, што гэта – назад у мінулае, – так, ёсць і назад у мінулае, і мінулае не заўсёды было дрэнным. І дай бог, каб тое добрае, якое было ў мінулым, мы не страцілі сёння», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці аднаго са станоўчых прыкладаў ён прывёў існаванне студэнцкіх атрадаў.
«Наша маладзёжная арганізацыя патрэбна, ёй быць», – падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў: тое, якой быць гэтай арганізацыі, павінна вызначаць сама моладзь.
БелТА