Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прынцыпы жыцця сям’і Соніч, якая прадставіць Вілейшчыну на абласным конкурсе «Уладар сяла»

На гэту сям’ю Сонічаў з аграгарадка Селішча, якая сёлета ўдзельнічала ў раённым конкурсе «Уладар сяла», я звярнула ўвагу адразу. І не толькі таму, што Насця з Юрыем і іх дачушкі Аліна і Ксюша выходзілі практычна ва ўсіх конкурсах першымі (а задаваць тон спаборніцтвам ой як адказна і няпроста!). Назіраючы за Сонічамі, адзначыла асаблівыя зладжанасць і спрыт у дзеяннях, уменне падтрымаць і дапамагчы блізкаму. Нездарма ж кампетэнтнае журы, падводзячы вынікі конкурсу, надзяліла Сонічаў званнем «Лаўкачы сяла»… Даведаўшыся, што менавіта гэта сям’я будзе прадстаўляць Вілейшчыну на абласным конкурсе «Уладар сяла», я вырашыла пазнаёміцца з Сонічамі бліжэй.
Юрый і Анастасія – аднавяскоўцы. І не проста аднавяскоўцы, але і суседзі. Атрымалася, як у той вядомай песні: «Наши окна друг на друга смотрят вечером и днём». Так было і ў іх. Разам раслі, хадзілі ў школу, на дыскатэкі. Непрыкметна зарадзілася паміж імі вялікае пачуццё, якое звязала маладых. Так у Селішчы з’явілася яшчэ адна маладая сям’я, якая не паехала шукаць лёгкага жыцця ў горад, а засталася тут, на бацькаўшчыне.
– Спачатку нібыта і хацелася ў горад, – расказвае Анастасія. – Бывала, прыедзем да гарадскіх сваякоў, якім пасля працы не трэба спяшацца да сваёй гаспадаркі, нават пазайздросцім ім у нейкай меры. А цяпер ніколечкі на зайздрошчу гарадскім жыхарам. У нас – прастор, чыстае паветра, ніякіх табе паверхаў… Ды і дзецям тут, на прыродзе, вунь як добра.


У сям’і Сонічаў падрастаюць дзве дачушкі. Старэйшая, Аліна, сёлета ўжо пайшла ў другі клас Селішчанскай пачатковай школы, а малодшай, Ксюшы, тры з паловай гады, ходзіць у дзіцячы садок. Кожную раніцу Анастасія, якая працуе на кухні ў Селішчанскай пачатковай школе, адправіўшы мужа на працу ў Вязынскае лясніцтва, разам з дачушкамі спяшаецца да сваіх абавязкаў. Другакласніца Аліна чакала пачатку заняткаў з нецярпеннем. А як жа, яна цяпер ужо вялікая і можа вяртацца са школы сама. Што ні кажы, а другі клас – гэта табе не дзіцячы садок, куды водзяць малую Ксюшу…
Пакуль што маладая сям’я Сонічаў не мае ўласнага жылля – утульным домам усім ім стаў дом, дзе Анастасія нарадзілася і вырасла. Наадварот, весялей і прасцей, бо ўсе справы па гаспадарцы робяцца разам. Карова, бычок, свінні, агароды, парнікі – усё гэта ў гаспадарцы ёсць і патрабуе догляду. Канешне ж, нялёгка, дзеліцца Анастасія, але яна не ўяўляе вясковае жыццё без гаспадаркі. Вось і ў будучым, калі яны сваёй сям’ёй будуць жыць асобна, гаспадарку плануюць мець немалую, як і ўсе дбайныя вяскоўцы.
– Але ж не думайце, што мы, сельскія сем’і, нічога не бачым за працай, і дзеці нашы ў нечым абдзеленыя, – заўважыла маладая жанчына. – Стараемся жыць цікава і напоўнена. Так, у выхадныя дні радуем дачушак паездкамі ў Маладзечна, дзе яны з задавальненнем катаюцца на атракцыёнах, скачуць на батуце, ласуюцца чым-небудзь смачненькім. Ды і дома можна добра адпачыць у вольны час на прыродзе. А зімой з задавальненнем катаемся з горкі, лепім снегавікоў, гуляем у снежкі… Цікавы занятак заўсёды можна знайсці. Галоўнае – калі разам, са сваімі дзеткамі.
Сям’я Сонічаў зусім маладая, і ў яе ўсё ўперадзе. Будзе і свой дом, будзе і машына (Насця падзялілася па сакрэту, што Юра ўжо пачаў вучыцца на вадзіцеля), будзе і гаспадарка. Дасць Бог, падораць мама і тата сваім дзяўчаткам і яшчэ браціка ці сястрычку, бо дзеці, лічаць Сонічы, – гэта шчасце. А пакуль яны шчаслівыя тым, што маюць дружную сям’ю, працу, захапленні і жывуць у роднай вёсцы, дзе нарадзіліся. Тут ім добра і цікава. Вось і ўдзел у раённым конкурсе «Уладар сяла», да якога з такім хваляваннем рыхтаваліся разам з дзецьмі, стаў важнай падзеяй у жыцці. Хутка Сонічы будуць прадстаўляць Вілейшчыну на абласным этапе гэтага конкурсу. Канешне ж, крыху хвалююцца, бо ведаюць, што гэта адказна. Але ж, разважае Анастасія, хіба галоўнае ў конкурсе – перамагчы? Зусім не. Галоўнае – паказаць сваю сям’ю, паглядзець на іншых, нечаму павучыцца. Ну і, канешне ж, яшчэ раз разам з дзецьмі адчуць тое непараўнальна-хвалюючае пачуццё еднасці, суперажывання, узаемадапамогі і гонару, якое заўсёды з’яўляецца, калі выступае сям’я, у якой адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.
Ірына БУДЗЬКО

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 63 queries