Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Прывідаў» прыцягнуць да адказнасці

Словам можна ашчаслівіць, а можна і знішчыць. Менавіта ў кантэксце і майго шматгадовага журналісцкага вопыту чытаю інтэрв’ю з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліяй Ананіч, апублікаванае 20 студзеня ў газеце «Звязда». Лейтматывам яму паслужыла думка Ліліі Станіславаўны, якая пранізвае канву публікацыі, аб адказнасці кожнага журналіста за сваё слова. Пасля ўступлення ў сілу папраўкі ў Законе «Аб сродках масавай інфармацыі», дзеянне яго распаўсюджваецца і на інтэрнэт-рэсурсы. Таму іх карыстальнікі нейкім чынам маюць права на статус журналіста з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. А яны такія, што прадугледжваюць адказнасць за дакладнасць інфармацыі, парушэнне правоў і свабод чалавека, выкананне нормаў прафесійнай этыкі журналіста і агульнапрынятых нормаў маралі. На гэтым акцэнтуе ўвагу Міністр інфармацыі, гаворачы аб праве сваёй ведамаснай структуры прыняць да парушальніка належныя меры: папярэджанне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу з абавязваннем яго выдаліць не адпавядаючы заканадаўству матэрыял.

Нарэшце мы дачакаліся прававога рэгулявання інтэрнэту. Тое, аб чым, скажам так, марылі не толькі ў журналісцкіх колах, але і ў розных грамадскіх інстытутах, проста ў асяроддзі карыстальнікаў рэсурсаў, здзейснілася. Універсальнасць сеціва – у яго непатрабавальнасці. І высокую публіцыстыку, і доказную аналітыку яно праглытвае адначасова з рознага роду пахабшчынай і нават брыдкаслоўем, завуляваным пад шматкроп’е. У нашым узварушаным свеце паток эмоцый часам захліствае чалавека. Але межы прыстойнасці, маральныя нормы, прынятыя ў грамадстве, вымушаюць нас быць стрыманымі ў працэсе адкрытых камунікатыўных зносін. Так званыя сацыяльныя сеткі часцей за ўсё абязлічваюць асобу, штурхаючы на самадазволенасць, рэалізацыю магчымасцей звезці рахункі з наяўнымі апанентамі. Весці ў гэтым выпадку цывілізаваны дыялог ці спрэчку – тое самае, што апеліраваць да прывідаў, якія між тым пастаянна мяняюць маскі. Ведаю, пра што кажу, таму што зневажанняў на свой кошт у сеціве начыталася – на ўсё жыццё хопіць. Камусьці не падабалася мая грамадзянская пазіцыя, камусьці – пазіцыя выдання. Прэтэнзіі, бывала, выстаўляліся ў далёкай ад вартасці цывілізаванага чалавека форме. Безадказнасці ў блогах, сацыяльных сетках і іншых віртуальных пляцоўках больш не будзе, – запэўнівае Міністр інфармацыі. Я так гэта разумею, што аўтары, якія выходзяць са сваімі думкамі ў інтэрнет-прастору, павінны будуць грунтаваць іх на дакладных звестках, а не на домыслах так званай «цыганскай» пошты. Згодна заканадаўства, за два і больш папярэджанні, вынесеныя Міністэрствам інфармацыі на працягу года, прадугледжваецца абмежаванне доступу да рэсурсу. Такая ж мера, згодна заканадаўства, будзе прымяняцца да сайтаў, дзе размяшчаюцца заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу, экстрэмізму, распальвання сацыяльнай варожасці. Культ гвалту, парнаграфія, гандаль наркотыкамі – увесь негатыў, які прапагандуе амаральны лад жыцця і наносіць шкоду нацыянальным і грамадскім інтарэсам, будзе жорстка выкараняцца.
Падобныя нормы, дарэчы, дзейнічаюць у шэрагу замежных краін, не нам першым належыць ініцыятыва ў дзяржаўным кантролі за інтэрнэт-сецівам. У сваім інтэрв’ю Лілія Ананіч акцэнтуе ўвагу на бачных перавагах друкаваных і эфірных СМІ перад «безаблічным» інтэрнэтам. І калі вы ўважлівыя да нашага выдання, паважаныя чытачы, то,безумоўна, бачыце, што ў выкладанні любой інфармацыі журналісты раёнкі імкнуцца да аналітыкі, да абагульненняў, да сваіх уласных канцэпцый і трактовак рэчаіснасці. У супярэчлівым нашымі свеце не можа быць поўнага адзінства думак, але ёсць тыя галоўныя прыярытэты, якіх павінен прытрымлівацца той, хто лічыць сябе грамадзянінам і патрыётам. Гэта нашы культурныя і духоўныя каштоўнасці, наша памяць аб мінулым, павага да кіраўніка дзяржавы, які ўсталяваў і замацоўвае яе суверэнітэт, стаўшы сапраўдным лідарам нацыі.
Прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта ЗША Рыгор Іоффе выдаў кнігу аб Беларусі, у назве якой занатавана фраза: «Пераацэньваючы Лукашэнку». У адным з інтэрв’ю аўтар так адгукаецца пра гэту пераацэнку. Не было задачы пець яму «асанну» альбо пісаць нейкі гімн… Ды яму гэта і не патрэбна, як мне здаецца, на яго і трэба глядзець – у культурным, геапалітычным кантэксце. Таму што ён вырас, як бы мовіць, з недраў беларускага грамадства і сфарміраваўся там…»
Старонняя ацэнка, як мне здаецца, самая аб’ектыўная і бескарыслівая. Менавіта такімі якасцямі павінны валодаць нашы журналісцкія падыходы да аналізу грамадскіх праблем, таго маральнага і духоўнага асяродку, у якім нам, думаю, пашчасціла жыць.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries