Быць добрым цырульнікам далёка не кожнаму пад сілу. Як, урэшце, і прадстаўніком любой іншай прафесіі, авалоданне якой патрабуе прыроджанага пачуцця і ўмення. А ўжо з гадамі да гэтага дадаюцца майстэрства, вопыт – так нараджаецца прафесіянал сваёй справы, якога цэняць, паважаюць, да якога з задавальненнем звяртаюцца.
Аксане Хадасевіч, цырульніку раённага КБА, абраць гэтую прафесію наканавана было, мусіць, з маленства. Спачатку, што называецца, наводзіла прычоскі лялькам, а калі падрасла, то стала цырульнікам не толькі для родных, але і для сяброў, аднакласнікаў. І ўжо тады было бачна, што ёсць у дзяўчыны густ, які так патрэбен цырульніку. Ды і рука ў яе, адзначалі, лёгкая.
– Усё гэта і прывяло мяне ў колішняе ПТВ-200, дзе вучылі на цырульнікаў, – расказвае Аксана Сяргееўна. – Пасля заканчэння вучобы прыйшла працаваць у КБА. Быў гэта ўжо такі далёкі 1991-ы. Так што ў наступным годзе буду адзначаць чвэрць стагоддзя, як працую на адным месцы. Нікуды не пераходзіла, нічога лепшага не шукала.
Праўда, перапынкі ў працы былі. Але ж якія гэта перапынкі! Сёння Аксане Сяргееўне можа пазайздросціць любая жанчына. Пазайздросціць і здзівіцца, што гэта маладжавая прыгожая майстар прычосак нарадзіла і выхоўвае чатырох дзетак: дзвюх дачок і двух сыноў. Праўда, старэйшая з дзяцей, Насця, ужо замужам, парадавала бацькоў унучыкам з унучачкай. Паспявае і іх гадаваць, і вучыцца ў каледжы на юрыста. А шаснаццацігадовая Саша пайшла па мамінай дарозе – вучыцца зараз на цырульніка. Сыночкі Жэня і Дзяніс – пагодкі, гімназісты першага і другога класаў у «Логасе». І, вядома, карціна будзе няпоўнай без спадарожніка жыцця нашай гераіні, Віктара Іванавіча, клапатлівага мужа, бацькі і дзядулі, надзейнага гаспадара.
– Мне вельмі многа даводзіцца працаваць на выездах, – расказвае Аксана Сяргееўна. – Увесь раён, мусіць, скалясіла, ва ўсіх куточках нашай Вілейшчыны пабывала. Канешне, усё гэта нялёгка нават фізічна: увесь дзень на нагах, нагрузка… І так прыемна, калі, прыехаўшы дадому, бачу прыбраную кватэру, накормленых дзяцей. І ўрокі з імі найчасцей робіць тата. А калі разам, падтрымліваючы адно аднаго, дык ніякая справа не страшная.
Разгаварыліся пра работу. Няхай сабе і нялёгкая, і не прыносіць вялікіх даходаў, а вось не ўяўляе сябе без яе Аксана Сяргееўна. І кожны раз адчувае задавальненне, калі яе кліенты ўстаюць з крэсла нібыта памаладзелымі (а ўдалая прычоска «ўмее» скінуць нам гадоў некалькі).
– Практычна не бывае такога, каб мой кліент моўчкі сядзеў, пакуль я раблю сваю справу, – падзялілася цырульнік. – Слова за слова – пачынаецца гутарка. І міжволі станаўлюся сведкай яшчэ аднаго лёсу, прапускаю праз сябе і добрае, і цяжкае, перажытае чалавекам. А гэта таксама няпроста…. Заўважыла адну асаблівасць вяскоўцаў – як бы складана ім ні было, а стараюцца быць вясёлымі. Таму з выездаў вяртаюся хоць і стомленай крыху, але з нейкай чысцінёй на душы.
За гады працы Аксана Сяргееўна, што называецца, напрацавала нямала пастаянных кліентаў, хто давярае толькі ёй. Канешне, гэта радасна і адначасова адказна. Вось і на днях будзе вяселле маладой калегі, якая ўжо даўно папрасіла «пачараваць» над яе валасамі Аксану. І тая ўжо ўяўляе, якой прыгожай пастараецца зрабіць нявесту.
Любімая работа, павага адміністрацыі, давер’е кліентаў, калег па працы – усё гэта ў Аксаны Хадасевіч ёсць. І сям’я ёсць, якой можна пазайздросціць. Мусіць, гэта і ёсць простае шчасце зямное…
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: цырульнік Аксана Хадасевіч.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
Ірына БУДЗЬКО.