Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Приятного аппетита!» от Валентины Горелик

З даўніх часоў людзі прыкмячалі: як хто есць, так і працуе. Нават работнікаў гаспадары наймалі, як кажуць, праз стол, назіраючы за будучым памагатым. Калі есць хутка ды з апетытам, значыць, не прывык губляць час, спяшаецца да працы.

У наш час гэта прыкмета, канешне ж, трансфармавалася, падладзілася пад нашы рэаліі. Але, як бы там ні было, ніхто, напэўна, не стане аспрэчваць, што праца спорыцца ў таго, хто паўнацэнна харчуецца. А галоднай куме, сцвярджае прымаўка, думаецца пра сыр…

 

У свае маладыя гады Валянціна Гарэлік, повар сталовай філіяла  «Усходні агра», пра ўсё гэта не думала.

– Мы з братам – блізняты, – прыгадала сваё дзяцінства Валянціна Леанідаўна. – Нарадзіліся і жылі ў Шылавічах. Мама з татам працавалі ў тагачаснай сельгастэхніцы. Раслі мы, як і ўсе вясковыя дзеці: вучыліся ў школе, дапамагалі па гаспадарцы бацькам, у вольны час бегалі па вуліцах. Закончыўшы школу, як і многія іншыя дзяўчаты і хлопцы, я паехала ў Вілейку, працавала кантралёрам на «Зеніце». Праз нейкі час вырашылі з сяброўкай, што не лішнім будзе падацца ў Мінск, паступіць куды на вучобу, пакуль маладыя. Так і зрабілі, вырашыўшы вучыцца на повараў. Падалі дакументы ў вучылішча. Хутка праляцеў час вучобы, і вось ужо за плячыма вучылішча, якое я, дарэчы, закончыла з адзнакай.

Так склаўся лёс, што ў Крывым Сяле Валянціна Леанідаўна ўжо з далёкіх  васьмідзясятых гадоў. Тут яны з мужам працавалі,  тут нарадзіліся і выйшлі ў самастойнае жыццё іх дзеці – дачка і сын. Сюды прыязджаюць на канікулах і тры ўнукі, бабуліна радасць і ўцеха.

– Другой маёй малой радзімай стала Крывое Сяло, – прызнаецца Валянціна Леанідаўна. – Добрыя тут людзі, можа, мне шанцуе на такіх… У свой час працавала ў дзіцячым садку, цяпер вось – у сталовай… Пра наш цяперашні калектыў не магу не сказаць цёплыя словы. Працуем мы ўтрох: загадчыца сталовай Ларыса Гараніна, Таццяна Стаін і я.  Мае калегі – нібыта сваякі для мяне. Усё робім разам, не дзелячы абавязкі, бо галоўнае для нас –  смачна і  якасна накарміць працаўнікоў «Усходняга агра», каб, добра падмацаваўшыся, яны плённа папрацавалі.

Як і кожнай дбайнай сяльчанцы, Валянціне Леанідаўне хапае клопатаў і дома. Тут і гаспадарка, і агароды просяць працавітых рук. І яна стараецца паспяваць усюды.

Сёння ў Валянціны Леанідаўны прыгожы юбілей, з якім мы яе шчыра віншуем і жадаем усяго найлепшага. «Можна было б  ужо быць дома», –  прыгадаліся словы жанчыны. Можна б. Але ж ёсць любімая праца, сяброўкі­калегі, без якіх Валянціна Леанідаўна не ўяўляе сябе, і працаўнікі­хлебаробы, хто цэніць працу повараў і дзякуе за яе.  Яны ж, у сваю чаргу, кожнаму жадаюць звыклага: «Смачна есці!». І атрымліваецца, адзначаюць наведвальнікі сталовай, і сапраўды смачна.

Ірына БУДЗЬКО

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 154 queries