«З асаблівай удзячнасцю мы адзначаем заслугі работнікаў вытворчага сектара, дзе на першы план выходзяць майстэрства, вопыт і валоданне самымі сучаснымі тэхналогіямі», – сказаў на ўрачыстасці кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Ён асобна падкрэсліў поспехі аграрыяў і ўручыў ордэны Пашаны сельгаспрацаўнікам Генадзю Кучко і трактарысту-машыністу ААТ «Пруднікі» Уладзіміру Лапкоўскаму.
Гэта не першая высокая ўзнагарода нашага земляка, яго сумленная праца ўжо адзначана ў свой час на высокім узроўні. Што ж, за без малога тры дзясяткі гадоў працы ў сельскай гаспадарцы заслужыў чалавек павагі. І калектыў, які ён узначальвае, вядомы за межамі раёна.
Самым значным, найлепшым па паказчыках Генадзь Мечыслававіч лічыць 2015-ты год. Ураджайнасць збожжавых тады склала 60 цэнтнераў з гектара. Ды і ў адыходзячым у «Нарачанскіх зорах» атрымалі вялікую прыбаўку па малаку. 7135 кілаграмаў яго на карову – вынік, згадзіцеся, больш чым дастойны.
– Высокая ўзнагарода – гэта не толькі мая заслуга, – лічыць кіраўнік. – Гэта вынік шчырай працы ўсяго нашага калектыва – надзейнага, адданага сваёй справе і роднай зямлі. Дастойныя людзі працуюць у нашай гаспадарцы, таму і дасягненні нашых агульных намаганняў адпаведныя.
Прыемныя ўражанні, падзяліўся Генадзь Мечыслававіч, засталіся ў яго і ад сустрэчы з Прэзідэнтам краіны, і ад урачыстасці ў Палацы Незалежнасці.
– Упершыню давялося быць у абноўленым Палацы, – падзяліўся ён. – Запомнілася цікавая экскурсія, наш, беларускі каларыт літаральна ва ўсім. І такім гонарам за нашу краіну, Прэзідэнта, землякоў перапоўнілася сэрца – не выказаць словамі.
Уручаючы ордэн нашаму земляку, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму і сказаў: «Яшчэ папрацуем». Гэта значыць, не трэба спыняцца на дасягнутым, а час ставіць перад сабой і калектывам новыя задачы, дасягаць намечанага сумленнай працай.
Што і казаць, адметны навагодні і калядны падарунак атрымаў Генадзь Кучко. Дакладней, не атрымаў, а заслужыў сваёй працай. Прыемна і яму, і ўсяму калектыву, і нам, землякам. Канешне ж, радасна і сям’і, якая ў поўным складзе збярэцца ў навагоднюю ноч за сталом у бацькоўскім доме. Уяўляю, колькі цёплых слоў пачуе муж, бацька, дзядуля ад блізкіх. «Самае дарагое ў жыцці – яны, дзеткі, унукі, – усміхаецца Генадзь Мечыслававіч, – найбольшае наша багацце».
На гэтай светлай ноце наша размова і закончылася – у кіраўніка гаспадаркі спраў заўсёды вельмі многа. Аднак цёплыя віншаванні віляйчанам Генадзь Мечыслававіч усё ж адрасаваў:
– Здароўя ўсім, ладу ў сем’ях, поспехаў у працы і адданасці зямлі, дзе нарадзіліся. Зямля і людзі на ёй – гэта самае галоўнае ў жыцці, спрадвечнае. Менавіта з гэтага адзінства і пачынаецца дабрабыт і кожнай нашай сям’і, і нашай вялікай Радзімы.
І гэта бясспрэчна. З высокай узнагародай Вас, паважаны Генадзь Мечыслававіч!
Ірына БУДЗЬКО.
Фота БелТА
Поздравляем, Геннадий Мечеславович! Рады за Вас.