Прэзентацыя фотавыставы «Мой родны кут», прадстаўленай Выдавецкім домам «Беларусь сегодня» прайшла ў Вілейскім цэнтры эстэтычнага выхавання
Чарговае цікавае мерапрыемства прайшло ў мінулую пятніцу ў цэнтры эстэтычнага выхавання – прэзентацыя фотавыставы «Мой родны кут», прадстаўленай Выдавецкім домам «Беларусь сегодня».

На ёй сабраны работы ўдзельнікаў і пераможцаў рэспубліканскага фотаконкурса, які праводзіўся ў «СБ. Беларусь сегодня» ў мінулым годзе. Мяркуецца, што гэта цікавая выстава пабывае ў многіх куточках Беларусі і нават за яе межамі, і вельмі прыемна і ганарова, што першымі атрымалі магчымасць убачыць яе мы, віляйчане.
На прэзентацыі перад прысутнымі выступіў супрацоўнік «СБ. Беларусь сегодня» Алег Усачоў. Ён расказаў, што на конкурс, аб’яўлены выданнем, кожны жадаючы мог даслаць свае работы ў дзвюх намінацыях – «Землякі» і «Мая малая радзіма». Каля тысячы фотаздымкаў пра родны кут, прыгажосць беларускай прыроды, людзей Беларусі былі дасланы ў рэдакцыю. Работы былі настолькі цікавымі, што было б проста няправільным не паказаць іх як мага большай колькасці людзей. Так з’явілася ідэя стварэння перасоўнай выставы, якая і «прыехала» зараз у Вілейку, у цэнтр эстэтычнага выхавання.
Чаму менавіта Вілейка першай прыняла гэтыя цудоўныя фотаработы? Па-першае, таму, што менавіта тут выпускаліся вядомыя фотаапараты «Зеніт-Е». А яшчэ таму, што ініцыятарам цікавай падзеі стала дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, якую фотавыстава захапіла і ўсхвалявала.
У гэты дзень у цэнтры сабраліся людзі розных узростаў – ад школьнікаў да сталых людзей. І кожны з прысутных знайшоў на выставе тое, што яго асабліва кранула, бо ў гэтых фотаздымках адлюстравана наша жыццё з яго клопатамі і радасцямі, людскія твары, якія вабяць непаўторнай прыгажосцю – прыроднай, што ідзе знутры, ад сэрца. Такое хараство – і без ніякіх там «фоташопаў». «Анюціны світанкі», «Рыжык з Букчы», «Лельчыцкая мадонна»…» Гэтыя і іншыя работы кранулі…
Прыемна, што гэта цудоўнае мерапрыемства ў цэнтры эстэтычнага выхавання ўключала ў сябе не толькі знаёмства з фотаработамі, але і яшчэ дзве часткі: выступленне народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» (як заўсёды, цудоўнае, хвалюючае) і супрацоўнікаў цэнтра эстэтычнага выхавання, а таксама ўрачыстае ўручэнне заслужаным людзям памятных медалёў «100 гадоў Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай ССР». Першы сакратар Вілейскага райкама КПБ Ганна Шэпелева, якая выступіла перад прысутнымі, расказала пра тое, як жыве ветэранская арганізацыя Вілейшчыны, нагадала пра важныя ў гісторыі нашага краю даты, якія святкаваліся ў мінулым і ў гэтым годзе: стагоддзе Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, ВЛКСМ, БССР, КПСС… А затым Святлана Дзяруга і Ганна Шэпелева ўручылі ветэранам Камуністычнай партыі юбілейныя медалі людзям, якія многае зрабілі і робяць для Вілейшчыны і віляйчан.
Мерапрыемства закончылася. «…І адна турбота застаецца людзям – гэты край чароўны вечна берагчы». Гэта радкі паэта Уладзіміра Цануніна. Імі, мне здаецца, перададзены тыя галоўныя пачуцці і ўражанні, што засталіся пасля гэтай імпрэзы.
А выстава фотаработ «Мой родны кут» у цэнтры эстэтычнага выхавання будзе працаваць да 17 чэрвеня. Наведайце яе – не пашкадуеце.
Ірына БУДЗЬКО. Фота Веранікі Шабельнай








