Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры прайшла ў Пухавіцкім раёне

Выязная прэс-канферэнцыя для рэспубліканскіх, расійскіх і рэгіянальных СМІ старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры адбылася ў Пухавіцкім раёне ў пасёлку Дружны на ЗАТ «Август-Бел». Па традыцыі да пачатку прэс-канферэнцыі журналісты наведалі шэраг знакавых прадпрыемстваў рэгіёну, такіх як «Марозпрадукт», ЦЭЦ-5, «Август-Бел», «Завод горнага воску».

«Марозпрадукт»

Сёння CТАА «Марозпрадукт» займае лідзіруючыя пазіцыі на беларускім рынку марожанага і замарожаных паўфабрыкатаў. Кампанія пастаянна ўкараняе інавацыйныя тэхналогіі вытворчасці, пашырае дыстрыбутарскую сетку ў Беларусі і за мяжой – у актыўнай базе больш за 13 000 гандлёвых кропак. На прадпрыемстве працуе звыш 750 чалавек, штогод кампанія вырабляе каля 8 000 тон марожанага. Акрамя асноўнага напрамку дзейнасці – вытворчасці марожанага прадпрыемства пастаўляе шырокі спектр замарожаных прадуктаў: мясныя і рыбныя паўфабрыкаты, хлеб, гародніна і ягады, вырабы з бульбы. Лагатып СТАА «Марозпрадукт» на ўпакоўцы – гарант прадукцыі высокай якасці.

IMG_6346

ЦЭЦ-5

У сарака кіламетрах ад Мінска, у маляўнічым прыродным кутку Пухавіцкага раёна ў пасёлку Дружны,размешчана Мінская ЦЭЦ-5. Унікальнасць станцыі заключаецца ў тым, што першапачаткова яна планавалася як атамная ЦЭЦ. Але ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС будаўніцтва атамнай станцыі было спынена. Аднак, улічваючы значны аб’ём будаўнічых работ, выкананых да таго моманту на пляцоўцы Мінскай АЦЭЦ, Дзяржпланам і Дзяржбудам СССР было даручана Міністэрству энергетыкі і электрыфікацыі СССР перапрафіляваць энергакрыніцу ў цеплаэлектрацэнтраль на арганічным паліве. Асноўным палівам ЦЭЦ-5 быў вызначаны прыродны газ, рэзервовым – мазут. На сёння асноўнай задачай Мінскай ЦЭЦ-5 з’яўляецца забеспячэнне надзейнага і якаснага энергазабеспячэння спажыўцоў. У 2012 годзе на прадпрыемстве ўведзены ў эксплуатацыю парагазавы энергаблок магутнасцю 399,6 МВт і выканана рэканструкцыя, уведзены ў эксплуатацыю дзве новыя лініі магутнасцю 330 кВ.

IMG_6354

«Август-Бел»

Вытворчыя магутнасці кампаніі «Август» размешчаны ў Расіі і Беларусі. У Рэспубліцы Беларусь кампанія «Август» пабудавала ўласны суперсучасны завод ЗАТ «Август-Бел» па вытворчасці хімічных сродкаў абароны раслін ад хвароб, шкоднікаў і пустазелля. ЗАТ «Август-Бел» – найноўшае прадпрыемства па выпуску хімічных сродкаў абароны раслін у Рэспубліцы Беларусь, адно з самых магутных на тэрыторыі СНД. Першая чарга завода была запушчана кампаніяй  у 2009 годзе. Завод уяўляе сабой самую сучасную тэхналагічную вытворчасць экалагічных прэпаратыўных формаў гербіцыдаў, фунгіцыдаў, інсектыцыдаў, пратручвальнікаў, рэгулятараў росту раслін у выглядзе водных раствораў, водна-суспензійных канцэнтратаў, суспензійных эмульсій і канцэнтратаў эмульсій. Праектная магутнасць беларускага прадпрыемства складае 12 тысяч тон прэпаратаў у год. На прадпрыемстве працуе каля 340 чалавек і вырабляецца больш за 40 відаў прадукцыі.

IMG_6359

Завод горнага воску

Гісторыя ААТ «Завод горнага воску» пачынаецца з 22 красавіка 1961 года, з моманту атрымання першай прадукцыі – тарфянога воску, які быў падобны да горнага, адкуль і такая цікавая назва прадпрыемства. ААТ «Завод горнага воску» з’яўляецца буйным пастаўшчыком пластычных змазак, змазачна-ахаладжальных тэхналагічных сродкаў, ахоўных воскаў, парафінавых эмульсій для дрэваапрацоўкі, а таксама антыадгезійных сродкаў для будаўніцтва. У 2011 – 2016 гадах завод рэалізоўваў інвестыцыйны праект «Будаўніцтва вытворчасці высокаачышчаных парафіна, алеяў, змазак, СОЖ, мадэльных складаў з рэканструкцыяй энергетычнага комплексу». Асноўнай задачай перспектыўнага развіцця, якую ставіць перад сабой ААТ «Завод горнага воску» ў цяперашні час, з’яўляецца стварэнне высокатэхналагічнай і канкурэнтаздольнай вытворчасці. З гэтай мэтай набываецца абсталяванне ў вядучых прадпрыемстваў, якое адрозніваецца інавацыямі і высокай тэхнічнай якасцю, для стварэння на іх аснове сучаснай вытворчасці прадукцыі малатанажнай хіміі. Наступным этапам рэалізацыі стратэгічных мерапрыемстваў у рамках канцэпцыі развіцця ААТ «Завод горнага воску» на 2016 – 2025 гг. плануецца пашырэнне вытворчасці парафіна.

IMG_6367

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра да пачатку прэс-канферэнцыі пазнаёміўся з прадпрыемствам ЗАТ «Август-Бел» і высока ацаніў работу калектыва. А затым у камфортным канферэнц-зале прадпрыемства адказаў на пытанні журналістаў, а пытанні былі самыя розныя. Гэта і супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, і ход веснавой сяўбы ў гаспадарках сталічнай вобласці, і будаўніцтва дарог, пытанні працаўладкавання незанятых у эканоміцы грамадзян, развіццё бізнесу, добраўпарадкаванне населеных пунктаў Мінскай вобласці і іншыя. Размова праходзіла ў дзелавой, але зусім сяброўскай атмасферы, што давала стымул журналістам задаваць самыя разнастайныя пытанні.

IMG_6373

Першае пытанне да старшыні цэнтральнага рэгіёну датычылася яго нядаўняга візіту ў Кітай, дзе былі разгледжаны ўсе фінансавыя крокі па выкарыстанні акцыянерных грошай беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Па словах кіраўніка Мінскага аблвыканкама, у бліжэйшы час у парку з’явяцца чатыры новыя рэзідэнты. Сямён Шапіра выказаў надзею на тое, што дзейнасць парка прынясе рэспубліцы вялікую эканамічную выгаду. Нагадаем, што будаўніцтва індустрыяльнага парка «Вялікі камень» было пачата ў 2010 годзе. На плошчы ў 205 квадратных кіламетраў павінен з’явіцца сучасны горад з прамзонамі, жылымі раёнамі і месцамі адпачынку для 160 тысяч чалавек.

Старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра таксама даў станоўчую ацэнку ходу цяперашняй пасяўной кампаніі ў Мінскай вобласці. Адзначалася, што ўся плошча веснавой сяўбы ў гэтым годзе складае больш за 550 тысяч гектараў. Пад пасеў ранніх збожжавых і зернебабовых адведзена больш за 200 тысяч гектараў. Кукуруза ў гэтым годзе будзе пасеяна на плошчы больш за 200 тысяч гектараў. Работы вядуцца з трэцяй дэкады красавіка па першую дэкаду мая. Таксама Сямён Шапіра адзначыў, што ў цэнтральным рэгіёне плануецца пасеяць 38 тысяч гектараў цукровых буракоў, 11 тысяч гектараў лёну, прыблізна такія ж плошчы будуць занятыя бульбай, а астатняе адводзіцца пад пасеў кармавых траў. Адказваючы на пытанні журналістаў,Сямён Шапіра адзначыў, што цяпер больш актуальная падрыхтоўка да сезону корманарыхтоўкі. Што датычыцца планаў на будучы ўраджай, то Мінская вобласць плануе сабраць ураджай збожжа ў аб’ёме не менш за 2,5 млн. тон. Вялікая стаўка ў гэтым годзе будзе зроблена і на кукурузу. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што якасць апрацоўкі глебы ў большасці раёнаў Мінскай вобласці значна палепшылася і стала адной з лепшых у краіне. А гэта з’яўляецца закладам добрага ўраджаю.

Адказваючы на пытанні журналістаў аб новабудоўлях, было адзначана, што ўсе сродкі кансалідаванага бюджэту вобласці размеркавалі па колькасці жыхароў у кожным раёне, і яны цяпер знаходзяцца ў раённых фінансавых структурах ў кожным райвыканкаме.

Падчас прэс-канферэнцыі закраналіся і пытанні паставак беларускай прадукцыі ў Расію. Адказваючы на гэтае пытанне прадстаўніка газеты саюзнай дзяржавы, старшыня Мінаблвыканкама канстатаваў, што ўсё вырашальна і вырашаецца ў рабочым парадку. А перспектывы супрацоўніцтва з Расіяй велізарныя.

Закранаючы пытанні працаўладкавання незанятых у эканоміцы грамадзян, Сямён Шапіра адзначыў, што праца прадастаўляецца ўсім, хто гэтага хоча. Важна толькі жаданне самога чалавека. У завяршэнні мерапрыемства, адказваючы на пытанне пра паляпшэнне ўмоў для бізнесу, Сямён Барысавіч адказаў : «Для разняволення ініцыятывы сапраўды прыйшоў час. І гэтыя змены будуць толькі на карысць».

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries