Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прайшоў рэспубліканскі семінар для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ

Прадстаўнікі СМІ Мінскай вобласці 5 жніўня прынялі ўдзел у рэспубліканскім семінары «Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі», што праходзіў у Гродзенскай вобласці. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт. Удзельнікі семінара, а гэта прадстаўнікі рэгіянальных СМІ усіх шасці абласцей, прадстаўнікі рэспубліканскіх СМІ, а таксама прэс-службаў розных ведамстваў і органаў дзяржаўнага кіравання, падвялі вынікі развіццця сферы за пройдзеную пяцігодку і акрэслілі планы на бліжэйшую перспектыву.

Кожная вобласць работу семінара пачала са знаёмства з лепшымі ўстановамі і арганізацыямі Гродзенскай вобласці, а таксама са знаёмства з вопытам работы рэгіянальных СМІ. Дэлегацыя Мінскай вобласці наведала Лідскі раён і пазнаёмілася з лепшымі ўстановамі культуры, спорту і вытворчай сферы горада Ліды, а таксама яе гістарычнымі адметнасцямі.

Лідчына запрашае віляйчан наведаць замак і мясцовы «Актобрфэст»
Знаёмства з гісторыяй і культурай Ліды пачалося адразу на прыступках гатэля «Ліда», дзе вачам адчыняюцца краявіды Лідскага замка і размяшчаецца скульптура «Падарожнік» Ул. Жбанава. Мясцовы экскурсавод зрабіў экскурс у гісторыю горада, які вядзе свой летапіс з 1323 года, хаця дакладны час заснавання горада Ліды невядомы. Ёсць здагадка, што горад быў пабудаваны каля 1180 года, пасля спусташэння Дэйноўскага княства. Датай заснавання Ліды лічыцца 1323 год – год пачатку будаўніцтва замка Вялікім князем Літоўскім Гедымінам. Гэта былі гады пастаянных войнаў – нашэсцяў крыжакоў на беларускія і літоўскія землі, асабліва на Панямонне. Рыцарам неабходна было зачыніць уваход у цэнтральную Беларусь і Літву. У 1323 годзе князь Гедымін загадаў будаваць у Лідзе каменны замак, які будаваўся каля 5 гадоў.

Культурныя аб’екты Лідчыны
Першай кропкай наведвання быў Лідскі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры. Заснаваны ён у 2003 годзе, а шэсць год таму размясціўся ў новым памяшканні ў цэнтры горада, дзе супрацоўнікі атрымалі магчымасць па-новаму праявіць сябе ў культурным жыцці рэгіёна. На сёння тут дзейнічаюць гурткі па розных напрамках: саломапляценне, аплікацыя і інкрустацыя саломкай, мастацкі роспіс, выцінанка, ганчарства і іншае.
Адразу паля наведвання цэнтра дэлегацыя пераехала ў Лідскі музей, што з’яўляецца адным з цэнтраў культурнага і гістарычнага жыцця горада. Музейная справа на Лідчыне мае цікавую гісторыю. Музей у г. Лідзе адчыняўся некалькі разоў – спачатку ў 1939 годзе, апошні трэці раз музей адчыніўся ў 1959 годзе. Спачатку пад музей быў выдзелены будынак былога Піярскага касцёла па вуліцы Савецкай, а ў 1990-я гады музей быў пераведзены з культавага будынка ў былы Дом сямейных урачыстасцей, дзе размяшчаецца і зараз. Музейныя зборы на сёння складаюць больш за 40 тысяч прадметаў. Сярод іх выклікае цікавасць калекцыя археалогіі, нумізматыкі, асаблівую ўнікальнасць прадстаўляе скарб,выяўлены падчас будаўніцтва будынка цяперашняга музычнага вучылішча на месцы былога Кармеліцкага манастыра. Музей мае пастаянную экспазіцыю «Прырода Лідчыны» і «Сучаснае мастацтва краю». Вялікай папулярнасцю карыстаюцца тэатралізаваныя прадстаўленні ў Лідскім замку, з удзелам рыцарскіх клубаў раёна.

Падчас сустрэчы журналістаў Міншчыны ў Лідскім райвыканкаме, дзе была наладжана сустрэча з кіраўніцтвам раёна і прадстаўлена прэзентацыя раённых сродкаў масавай інфармацыі – ДУ «Рэдакцыя Лідская газета» і КУП «Лідскае тэлерадыёаб’яднанне», прадстаўнікам дэлегацыі паказалі фільм аб горадзе Ліда і коратка распавялі пра Лідскі раён. Так, у 276 населеных пунктах Лідскага раёна пражывае зараз 134 тысячы 565 чалавек. З іх у г. Ліда – 95,6 тысяч, у г. Бярозаўка – 11,7. Сельскае насельніцтва раёна складае 27 тысяч чалавек. У Лідскім раёне пражываюць прадстаўнікі больш за 50 нацыянальнасцяў. 46,2% насельніцтва складаюць беларусы, палякі – 39,5%, рускія – 11,3%, украінцы – 2,1%. Горад Ліда мае новае сучаснае аблічча, у першую чаргу, дзякуючы праведзеным у 2010 годзе рэспубліканскім дажынкам. Па-другое, горад прымае вялікую колькасць турыстаў, якія з усіх куткоў Беларусі і замежжа едуць паглядзець на адноўлены замак Гедыміна. На прыканцы сустрэчы лідчане запрасілі жыхароў Міншчыны прыехаць да іх у верасні на мясцовы «Актобрфэст», які ладзіць Лідскі півавараны завод.
У сваёй прамове старшыня Лідскага райвыканкама асобна зазначыў, што СМІ Лідскага раёна – гэта актыўныя ўдзельнікі грамадскага, эканамічнага і палітычнага жыцця раёна, аператыўныя, кампетэнтныя і надзейныя крыніцы мясцовай інфармацыі.

СМІ Лідчыны
«Лідская газета» з’яўляецца дзяржаўным выданнем, газета выходзіць тры разы на тыдзень, агульным аб’ёмам 28 друкаваных палос. У газеце налічваецца больш за сотню рубрык, увагу чытачоў прыцягваюць тэматычныя старонкі «Маладзёжны трамвайчык», «Свабодны ўдар», «Задавайце сваё пытанне», «Асаблівасці прыватнага жыцця, або 25 пытанняў пра асабістае», «Аўтасерпантын», » Анімал-шоу». Сярэдні тыраж «Лідскай газеты» складае чатырнаццаць тысяч асобнікаў.
«Лідскае тэлерадыёаб’яднанне». На сёння гэта своеасаблівы холдынг, які вяшчае на 6 раёнаў Гродзенскай вобласці, мае тэлеканал, дзве радыёстанцыі, а таксама дзясяткі ўзнагарод рэспубліканскага ўзроўню і прызнанне сваёй сталасці прафесіяналізму сярод калег, чаму пацвярджэнне больш дзясятка статуэтак Нацыянальнага тэлевізійнага конкурса «Тэлевяршыня». Лідчане маюць перамогі ў намінацыях «Лепшая інфармацыйная праграма рэгіянальнага тэлебачання», «Праект году», «Лепшая праграма для дзяцей і юнацтва» і іншае.

Галоўная перліна Лідчыны – Лідскі замак
Лідскі замак – гэта выдатны помнік абарончага мастацтва 14 – 15 стагоддзяў. Па-іншаму ён завецца Замкам Гедыміна і сурова ўзвышаецца над Лідай, нагадваючы ўсім прыезджым аб славутым гераічным мінулым беларускай зямлі.
Летапіс Лідскага замка пачынаецца ў 1323 годзе: менавіта тады выйшаў загад вялікага князя літоўскага Гедыміна пабудаваць у Лідзе каменную крэпасць, якая змагла б перашкаджаць крыжакам наносіць свае разбуральныя набегі ўглыб беларускіх зямель. На пабудову Лідскага замка пайшло некалькі гадоў. Спачатку замак уяўляў сабой умацаваную з усіх бакоў княжацкую рэзідэнцыю, а потым стаў сапраўдным бастыёнам для ворагаў. Зараз Лідскі замак поўнасцю адноўлены і прымае тысячы гасцей, якім паказваюць рыцарскія баі, ладзяць княжацкія балі, а самыя зацікаўленыя могуць замовіць нават удзел у княжыцкім вяселлі.

Лідская лакафарба
Наступнай кропкай наведвання мінскай дэлегацыі стала прадпрыемства «Лідская лакафарба». Вялікая ўвага на ААТ «Лакафарба» г. Ліды надаецца пытанням аховы навакольнага асяроддзя, як у працэсе вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў, так і па патрабаванням да гатовай прадукцыі. Асартымент прадукцыі ахоплівае ўсю разнастайнасць лакаў і фарбаў, неабходных у прамысловасці і побыце: для абароны металу ад карозіі і атмасферных уздзеянняў у розных кліматычных паясах, для афарбоўкі судоў, самалётаў, вагонаў, мастоў, жалезабетонных канструкцый і будаўнічых матэрыялаў па фасадзе, бетону, дрэву, комплексныя пакрыцці для аб’ектаў, якія эксплуатуюцца ў агрэсіўных асяроддзях не менш за 20 гадоў, фарбы для разметкі аўтадарог.

Лядовы палац
Дзень наведвання выдаўся даволі спякотны, пагэтаму наведванне спартыўнага аб’екта было і цікавасцю, і акунаннем ў прахалоду лядовай арэны. Лідскі лядовы палац для сваіх наведвальнікаў і прафесійных спартсменаў прапануе не толькі лядовую пляцоўку, але яшчэ і трэнажорную залу, залу для фітнэсу, для гульні ў настольны тэніс. Тут жа маецца стадыён на тры тысячы гледачоў, які відаць прама з вакон палаца. Побач спартыўна-аздараўленчы комплекс «Алімпія», дзе басейн, гульнявыя залы, зала для адзінаборстваў і многае іншае. У зімовы і восеньскі перыяды наведванне масавага катання заўжды 100-працэнтнае. У Ліду прыязджаюць аматары хакея з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, а таксама замежных краін.
Пленарнае пасяджэнне рэспубліканскага семінара «Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».
Напачатку семінара прадстаўнікі СМІ з усёй рэспублікі змаглі азнаёміцца з выданнямі сваіх калег з Гродзеншчыны. Гэта сапраўды перадавы вопыт журналісцкай справы, які мае права быць трансляваны для ўсёй краіны.
Як падкрэсліла падчас свайго выступлення міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч, сродкі масавай інфармацыі Беларусі існуюць у досыць канкурэнтнай асяроддзі: беларусам даступныя тысячы і сотні перыядычных выданняў і тэлеканалаў: як нацыянальных, так і замежных. Для таго,каб заставацца канкурэнтаздольным, дамінаваць на інфармацыйным полі краіны, трэба гэтак жа, як і ў любой іншай галіне, развівацца дынамічна і актыўна. Тым больш, што 60 % насельніцтва краіны лічыць асноўнай крыніцай інфармацыі друкаваныя выданні і інфармацыю тэлеканалаў. Варта надаць больш увагі слаўнай беларускай гісторыі, казаць аб сацыяльных дасягненнях дзяржавы, даносіць кожнаму думку, што толькі мы самі адказныя за сябе, сваю сям’ю і краіну.
Журналісты павінны глядзець на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў краіне ўсебакова і глыбока. Добрыя навіны заўсёды запатрабаваныя. Прычым добрыя навіны – гэта не «прылізаныя і прычэсаныя», а, перш за ўсё, якасныя матэрыялы. Праца СМІ прадугледжвае не толькі інфармаванне, растлумачванне і аповед аб станоўчым вопыце, але прэса павінна бачыць вострыя тэмы і разам з уладай разбірацца ў іх.
Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч падкрэсліў значнасць рэгіянальных СМІ, якія адыгрываюць важную ролю ва ўстойлівым развіцці абласцей. Як паказваюць статыстыка і сацыялагічныя даследаванні, мясцовыя СМІ маюць высокі рэйтынг у сваіх рэгіёнах. Доступ да інфармацыі і магчымасць яе аператыўнага распаўсюджвання выступаюць у якасці неабходнай умовы паспяховага функцыянавання і развіцця ўсіх гаспадарчых суб’ектаў, сацыяльнай інфраструктуры, чалавечага патэнцыялу.
У мiнулую пяцiгодку рэалізавана комплексная праграма развіцця дзяржаўных СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў, дзякуючы чаму змаглі значна ўмацаваць матэрыяльную базу рэдакцый газет і друкарань.
Так, напрыклад, для стварэння поўнамаштабнай сістэмнай працы са СМІ ў Гродзенскай вобласці створаны медыйны кластар. Удзельнікі кластара – СМІ, кафедра журналістыкі, прадстаўнікі дзяржорганаў, праграмісты – праводзяць трэнінгі, практыкумы для работнікаў раённых газет, конкурсы сярод студэнтаў і маладых журналістаў, выкарыстоўваюцца іншыя формы работы па павышэнні якасці інфармацыі і кваліфікацыі як журналістаў, так і тэхнічнага персаналу. У выніку першых навучальных мерапрыемстваў кластара наведвальнасць сайтаў газет вобласці за месяц павялічылася ў разы.
Напрыканцы работы семінара міністр інфармацыі Лілія Ананіч прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства, сярод якіх кіраўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, адправіць тэлеграму беларускім спартсменам-удзельнікам Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра адразу з форуму з адзіным пажаданнем: «Перамог!». Тым больш, на семінары ў Гродне ўзгадалі, што 120 гадоў таму спартыўныя рэпартажы з першых Алімпійскіх гульняў новага часу перадаваў у сусветную прэсу ўраджэнец Ашмянскага раёна Зыгмунт Мінейка, які ўнёс прыкметны ўклад у развіццё сусветнай спартыўнай журналістыкі.
На фінальных акордах семінару міністр інфармацыі Лілія Ананіч ўручыла заслужаныя ўзнагароды прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіравання і сродкаў масавай інфармацыі.
Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries