Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прайшоў выпрабаванні войнамі і лёсам

Чарговы аповед у рубрыцы да юбілею Перамогі пра ўраджэнца Вілейшчыны Юльяна Жаўняровіча з вёскі Кобузі, які прайшоў Першую сусветную, Грамадзянскую, Вялікую
Айчынную войны і шмат зведаў на сваім вяку.

Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала жанчына і расказала гісторыю. Пачутая ў маладосці, яна ўразіла яе на ўсё жыццё. Справа ў тым, што яшчэ студэнткай, калі яна вучылася ў Ільянскім саўгастэхнікуме, кожную восень яны ездзілі на практыку капаць бульбу. І аднойчы, а было гэта восенню 1985га года, прывезлі іх у Кобузі. На той час з імі ездзіў у якасці кіраўніка іх настаўнік і апантаны краязнавец Уладзімір Кажамяка. Акрамя таго, што ўсе вучні шчыра працавалі, Уладзімір Сцяпанавіч не абмінаў вольнай хвіліны, каб далучыць моладзь да гісторыі. Ён распавядаў ім пра цікавыя мясціны і заўсёды браў цікаўных з сабой да мясцовых старажылаў, каб распытацца і запісаць розныя гісторыі ці нейкія цікавыя факты. «Мне тады вельмі запомніўся адзін дзядуля, які распавядаў нам пра сваё жыццё, пра падзеі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Звалі яго дзед Юльян, прозвішча магу і блытаць, вельмі многа часу прайшло, але, здаецца Жаўняровіч. Зараз я разумею, што на такіх людзей трэба раўняцца і пра іх неабходна распавядаць маладому пакаленню», – такую просьбу выказала наша чытачка.

І сапраўды, звесткі пра ветэрана вайны і працы Юльяна Іванавіча Жаўняровіча з вёскі Кобузі маюцца ў мясцовым краязнаўчым музеі, а таксама цікава выкладзены ў выдадзенай у 2011 годзе кнізе Уладзіміра Кажамякі па выніках яго даследаванняў «Не пакідаюць нас белыя лебедзі». Такім чынам, па расказах нашай чытачкі, дакументальных фактах і запісах краязнаўца Уладзіміра Кажамякі мы распавядзём нашым чытачам пра вельмі моцнага духам, шчырага і сапраўднага беларуса Юльяна Жаўняровіча, які прайшоў тры вайны і зведаў шмат жыццёвых выпрабаванняў.

Бацькі Юльяна Жаўняровіча вельмі рана памерлі, таму ім, маленькаму хлопчыку і яго дзвюм сёстрам, прыйшлося вельмі цяжка, бо трэба было штодня здабываць кавалак хлеба, каб выжыць. Так у нястачы і прайшло ўсё дзяцінства. У 1916 годзе маладога, моцнага і прыгожага хлопца з Кобузяў забралі ў царскую армію. Ва ўзросце 18 гадоў радавы 33-га Ялецкага пяхотнага палка адразу ж трапіў на фронт і амаль у самае пекла – у балоты на Піншчыне, дзе вада была не меншым ворагам, чым самі кайзераўцы. Малады салдат штодня амаль развітваўся з жыццём. Але яму пашанцавала: ён выканаў адно з важнейшых даручэнняў камандавання. Высачыў немца і жывым прад’явіў яго свайму камандаванню. За гэта ён атрымаў узнагароду – крыж за адвагу – і хутка развітаўся з балотамі, бо полк перакінулі ў акопы пад Паставы. Але ваяваць на Пастаўшчыне давялося нядоўга. Рэвалюцыя хутка даляцела да пастаўскіх акопаў. Салдаты сустрэлі яе з радасцю, мала хто ўжо слухаў царскіх камандзіраў, а большасць падтрымлівала бальшавікоў, бо яны агітавалі салдат пакінуць акопы, не ваяваць і заклікалі да міру, шмат абяцалі: аддаць зямлю сялянам, а фабрыкі і заводы – рабочым, абяцалі ўсім шчаслівае жыццё.

Два тыдні Юльян пешшу дабіраўся з Пастаў у родныя мясціны. Але і тут прыйшлося затрымацца нядоўга. Рэвалюцыйная ўлада настойліва насаджала ў краіне свае новыя парадкі. Даляцелі яны і да Кобузяў. Грамадзянская вайна разгаралася імкліва, і бальшавікі прымусова ўсіх забіралі ў войска бараніць савецкую ўладу. Так аднойчы раніцай забралі амаль усіх мужчын з Кобузяў, у тым ліку і Юльяна Жаўняровіча, і перакінулі спачатку на дзянікінскі фронт, а пазней – дабіваць банды на Украіне. «Цяжкасцей на вайне было ажно праз верх, – ўзгадваў Юльян. – Ваявалі ў лапцях, бо другога абутку не было. Бесперапынныя скрытыя рэйды ў любы час сутак і ў любое надвор’е падоўгу не давалі нават дыхнуць паветрам». Зноў давялося сустрэцца са знаёмымі бярданкамі цяпер ужо рэвалюцыйнаму салдату, камандзіру ўзвода, старшаму унтэр-афіцэру 17-га Сумскага стралковага палка Юльяну Іванавічу Жаўняровічу. «Вельмі было цяжка. Гінулі таварышы. Дзевяць чалавек аднавяскоўцаў, якія пайшлі разам са мною, засталіся ляжаць пад Харкавам, Варонежам і ў іншых мясцінах Расіі», – распавядаў студэнтам дзед Юльян. Сам Юльян Іванавіч быў паранены на Халоднай гары пад Харкавам і ў выніку застаўся без вока. Доўгі час ляжаў у шпіталі і лячыў яшчэ да таго ж абмарожаныя ногі. Ажно да 1922 года «гуляў» ён па стэпах Украіны, пакуль не перасталі існаваць белыя банды, вялікія і малыя.

Няпроста было Юльяну Жаўняровічу ў свае 88 год узгадваць перад маладымі дзяўчатамі і хлопцамі ўсе падрабязнасці перажытага. «Як у сне», – кожны раз гаварыў ён гэтыя словы, пачынаючы той ці іншы ўспамін. Калі ж вораг быў разбіты ў 1922 годзе, Юльяна Іванавіча дэмабілізавалі, і ён вярнуўся ў Кобузі. Тут ужо была польская ўлада, а для маладога хлопца настаў час стварыць сям’ю. Але выпрабаванні не пакідалі Юльяна і ў мірны час. За кароткі перыяд ён пахаваў дзвюх жонак, і шчасце ўсё абыходзіла яго бокам. Трэцяя і апошняя жонка Пелагея прыйшла ў яго хату не праз дзверы, а праз вакно. Так, па павер’ях вяскоўцаў, трэба было абараніцца ад нядобрага лёсу. Можа, і не гэта дапамагло тады, але толькі з гэтай жонкай Юльян пражыў больш за сорак гадоў. Усяго ў іх сумесным жыцці было за гэты час – шчаслівых і горкіх хвілін.

Юльяну Жаўняровічу было сорак восем, калі яго забралі пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе дабіваць фашыстаў. Ён стаў зенітчыкам, іх артылерыйскі зенітны полк закончыў вайну на Нёмане пад Каўнасам. На грудзях былога салдата з’явіліся ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «За адвагу». І гэты шлях быў усланы стратай сяброў і бясконцым крывавым потам…
Пасля вайны Юльян Іванавіч жыў у Кобузях. Увесь час працаваў у калгасе на самых розных пасадах. Тады людзі вельмі шмат працавалі і ў большасці за працадні, без грошаў. «Машын не было, усё рабілі рукамі: малацілі, касілі, жалі. Тады конь замяняў усю механізацыю ў вёсцы, але і коней не хапала», – распавядаў дзед Юльян.

Надоўга запомнілася ў тую восень маладым студэнтам, якія гадзінамі з захапленнем слухалі дзевяностагадовага ветэрана, словы на развітанне: «Чалавек і яго праца рухаюць наперад усё. Усё добрае – ад добрых людскіх спраў. Таму кожны павінен рабіць толькі дабро, і ад гэтага лепшым будзе наша жыццё. Нават адзін чалавек можа зрабіць шмат карыснага, а калі разам…», – так падсумаваў дзед Юльян свае ўспаміны.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 19 queries