Усмешлівая прыгожая бландзінка на хвілінку забегла ў рэдакцыйны кабінет і нібыта прынесла з сабою яшчэ болей святла і цеплыні. І адразу падумалася, што зусім не выпадкова яе, сацыяльнага работніка надомнага абслугоўвання Алену Лубнеўскую, адзначае яе кіраўніцтва ў ліку лепшых. Вось зойдзе, уявілася, гэта светлая жанчына ў дом нямоглага чалавека, і, напэўна, не такім сумным і адзінокім падасца жыццё.
Болей за дзясятак гадоў працуе Алена Вячаславаўна ў сацыяльнай службе. Спачатку, прызналася сама, было вельмі няпроста, здаралася, што і плакала іншы раз. Але паступова прывыкала, уцягвалася ў такую няпростую, але вельмі патрэбную людзям работу. Сёння ўжо нават не ўяўляе, як жыла б без яе, без сваіх падапечных, што сталі нібыта роднымі. Прыбраць у доме, прынесці прадукты, лекі, ваду, прапаліць печку і яшчэ многае іншае робіць яна ў доме кожнага са сваіх бабуляў і дзядуляў. А яшчэ – знаходзіць цёплыя словы для кожнага, хвіліну-другую на размовы пра жыццё-быццё. Чакаюць Алену людзі з нецярпеннем.
– Акрамя ўсяго іншага, я вучуся ў іх, людзей старэйшага пакалення, жыццёвай мудрасці і аптымізму, – падзялілася жанчына. – Ёсць у мяне на абслугоўванні цудоўная сям’я Квятовічаў, якім ужо за дзевяноста і каля гэтага. Якая гэта цудоўная пара! Як яны клапоцяцца адно пра аднаго! Усё – разам, усё – у згодзе і ладзе… Ні крыку ніколі ў іх не чула, ні тым больш абразы якой. Дастойна жывуць людзі, дзякуюць Усявышняму і ўсім, хто побач і хто пра іх клапоціцца, за кожны пражыты дзень.
Чалавек на сваім месцы. Гэта і пра Алену Лубнеўскую. Усведамляе яна важнасць сваёй працы, патрэбнасць яе людзям, таму стараецца выконваць свае абавязкі з душой. І калектывам сваім жанчына задаволена. Тут, адзначыла, усе, пачынаючы ад кіраўніка Дануты Раманоўскай, заўсёды падтрымаюць, дапамогуць, дадуць добрую параду.
А дома ў Алены Вячаславаўны, як кажуць, надзейны тыл: муж і сын з дачкой. Зусім нядаўна ў сям’і была прыемная падзея – згулялі сынава вяселле. Так што праз пэўны час можна і ўнучыкаў чакаць. Дачушка пакуль дома, з бацькамі.
– Жывём, як і ўсе іншыя: работа, дом, хатнія клопаты, у выхадныя – дача, – расказала напрыканцы сустрэчы Алена Вячаславаўна. – Нічога адметнага, незвычайнага…
Хочацца дадаць толькі адно: нічога незвычайнага і адметнага, а вось робіць сваю справу жанчына прафесіянальна і з душой. І дзякуй ёй за гэта, ад усіх тых, каму дапамагае, дзякуй.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: сацыяльны работнік А. В. Лубнеўская.
Фота прадастаўлена А. В. ЛубнеЎскай









