Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З віляйчан мала хто ведае, што бацюшку Іаана з Вілейскага раёна ў Расіі лічылі святым

Старэйшыя вілейчане добра памятаюць, як раней амаль штогод на свой кароценькі адпачынак прыязджаў у Вілейку сціплы бацюшка. Ён прыходзіў на ўсе службы ў царкву Марыі Егіпецкай, браў благаславенне ў настаяцеля айца Сімяона і ішоў на клірас. Там ён чытаў і спяваў з хорам. З вялікай адказнасцю ставіўся да ўсяго, што адбывалася на службе.

Выходзіў чытаць Апостала з такім хваляваннем, быццам сам з’яўляўся ўдзельнікам тых далёкіх падзей. Пасля службы стараўся ціха пакінуць храм і хуценька ішоў да сваёй хаткі па вуліцы Вадап’янава.

За тоўстымі лінзамі акуляраў свяціліся добрыя, пацягнутыя слязінкай вочы. Папросіш благаславення – і бацюшка быццам разгубіцца, спыніцца і ўгледзіцца ў твой твар, а затым выпрастаецца і ўрачыста перахрысціць цябе “у Імя Айца і Сына і Святага Духа”.

Людзі акружалі яго, задавалі пытанні, прасілі парады. Адчуванне нейкай незвычайнасці гэтага пажылога святара не магло не хваляваць вернікаў. Бацюшка адказваў на людскую любоў цяплом сваёй падкрэслена сціплай душы.

Я асабіста амаль нічога ня ведаў пра яго. Чуў, што ён вілейчанін, служыў недзе ў Арле і што завуць яго Іаан.

Прайшло, можа, каля дзесяці гадоў. Нядаўна, праходзячы міма той хаткі, ў якой жыў у дні свайго прыезду арлоўскі святар, я падумаў: “Ці жывы бацюшка Іаан, даўно не прыяжджаў у Вілейку”. І (гэта цуд!) ў той жа вечар адна знаёмая верніца – Антаніна Капцюг – прысылае мне на мабільны тэлефон зноску на інтэрнэт-рэсурсы, дзе размешчаны матэрыялы пра пахаванне протаіерэя Іаана Квятовіча. Чытаю на розных сайтах меркаванні дзясяткаў людзей, якія адзінадушна распавядаюць пра святара як пра святога чалавека. Адзін журналіст параўнаў яго з Мікалаем Угоднікам. Вельмі многія падкрэслена ўзгадваюць, што бацюшка з Беларусі.

Бацюшка Іаан з прыхажанамі

Нарадзіўся Іван Васільевіч Квятовіч 27 красавіка 1936 года ў вёсцы Касута Вілейскага раёна ў сям’і простых сялян, якая выхавала пяцёра сыноў. Бацькі Васілій Ільіч і Марыя Захараўна былі глыбока веруючымі людзьмі, маці пела на клірасе ў царкве. Іван быў самым малодшым сярод братоў і разам з бацькамі кожную нядзелю і ў святы хадзіў у царкву. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1954 годзе па благаславенні протаіерэя Мікалая, які служыў тады ў Вязынскай царкве, паступіў у Мінскую (Жыровіцкую) духоўную семінарыю. Гэта быў абдуманы выбар, бо з самага маленства Іван любіў царкоўную службу. У падлеткавым узросце ён марыў яшчэ аб адной прафесіі – ваеннага, але з-за дрэннага зроку гэтай мары не суджана было здзейсніцца.

У 1958 годзе, па завяршэнні навучання ў семінарыі, ён паступае на вучобу ў Маскоўскую духоўную акадэмію, але закончвае яе завочна і значна пазней. У тым жа годзе 2 лістапада ў Маскве быў рукапаложаны ў сан дзыякана. Не прайшло і году, як 21 ліпеня 1959 года ў Іркуцку дзыякан Іаан быў узведзены ў сан прэсвітара. Затым была служба ў арміі, і пасля яе маладога святара направілі ў Арлоўскую епархію. Напачатку служыў у цэнтральным саборы і па чарзе ў іншых храмах горада Арла, а з 1978 года стаў настаяцелем Свята-Мікольскага храма сяла Старцава-Ляпёшкіна Арлоўскага раёна.

Бацюшка выхаваў трох сыноў: Георгій і Павел сталі святарамі, а Міхаіл выбраў мірскую прафесію. Першы працягвае пастырскае служэнне ў Свята-Міколькім храме, дзе 37 год з вялікай верай і сардэчнай шчырасцю служыў яго бацька, другі служыць у Харкаве.

Айцец Іаан меў шмат узнагарод, сярод якіх ордэн святога князя Уладзіміра III ступені (1988 год), права нашэння мітры (1990 год), ордэн святога Данііла Маскоўскага III ступені (2000 год), права здзяйсняць Літургію з адкрытымі царскімі варотамі да “Херувімскай” (2003 год)  і да “Ойча наш” (2009 год).

Протаіерэй Іаан Квятовіч доўгія гады быў духаўніком Арлоўска-Болхаўскай епархіі, але ніколі не гнаўся за выгодамі і ніколі не меў іх. Жыў проста на вачах у людзей, нікога не спакушаючы. Апранаўся вельмі сціпла: старое паліто з каракулевым каўняром, паношаная шапка і добра стаптаныя башмакі. Прымаў штодня дзясяткі людзей, кожнага стараўся накарміць і нешта даць з сабой у дарогу. Для ўсіх заўсёды заставаўся вельмі простым і сваім. Пры гэтым святар быў высокаадукаваным і сучасным чалавекам. Ён цікавіўся старымі радыёпрыёмнікамі і калекцыяніраваў іх. Вельмі любіў не толькі царкоўныя спевы, але і класічную музыку. Ён добра разбіраўся ў праблемах сучаснага жыцця, ведаў псіхалогію сям’і і ўзаемаадносінаў паміж рознымі пакаленнямі, таму яго парады былі такімі слушнымі.

Бацюшка Іаан глыбока перажываў няшчасці людзей. Да яго прыязджалі з Арлоўшчыны, Масквы, Санкт-Пецярбурга, многіх іншых гарадоў і сёл. Слава пра бацюшку з Беларусі штогод расла, і нават пабыць побач было вялікім суцяшэннем для вернікаў. Ён быў сапраўдным духаўніком, мог спачуваць людской бядзе і суперажываць так шчыра, што простая размова з ім станавілася лёсавырашальнай для многіх. Протаіерэй Іаан умеў суцяшаць смутак і множыў радасць, лячыў збалелыя душы любоўю і цяплом свайго вялікага сэрца.

Адзін з яго арлоўскіх прыхажан узгадвае, як выратаваўся ад страшэнных заганаў: “Прыйшоў да бацюшкі на споведзь, расказваю і плачу, і бацюшка плача… А пасля ён дрыжачым ад слёз голасам чытаў нада мной даравальную малітву так пранікнёна, што я больш ніколі не змог яе забыць. Пасля малітвы зняў з мяне епітрахіль і пацалаваў у галаву. Для мяне гэта было вялікай нечаканасцю. Я лічыў, што не варты нават самай простай увагі ад людзей, а тут… Ён паказаў мне сапраўдную любоў Хрыстову. З таго часу я стаў жыць па-чалавечы. А калі прыходзіла спакуса, я ўзгадваў, як плакаў ад маіх грахоў бацюшка і спакуса сама знікала”.

“Дзівен Бог у святых сваіх, Бог Ізраілеў: Той дасць сілу і дзяржаву людзям Сваім, благаславен Бог” (Псалом 67).

У ноч з 3 на 4 чэрвеня 2015 года, на 79 годзе жыцця і на 56 годзе пастырскага служэння, бацюшка адышоў да Бога. Пахаванне адбылося з удзелам Мітрапаліта Арлоўскага і  Болхаўскага Антонія, вялікага мноства святароў і вернікаў 6 чэрвеня каля Мікольскага храма.

Многія духоўныя дзеці айца Іаана прыходзяць за парадай да свайго дарагога бацюшкі і зараз на яго магілку. За апошнія гады сабралася вялікае мноства сведчанняў аб сапраўдных цудах, якія адбыліся з імі. Можа быць, з цягам часу і па святому жыццю бацюшкі Іаана, і па фактах яго пасмертнай дапамогі тым, хто з верай прыходзіць, ён будзе прылічаны да сонму святых. Будзем спадзявацца на гэта.

Вілейшчына ж можа ганарыцца яшчэ адным вялікім земляком, якога нарадзіла, узрасціла і выхавала на сваім улонні, бо “бацюшка з Беларусі” сапраўды памножыў славу нашай зямлі далёка за яе межамі. Думаю, ён стаў надзейным малітоўнікам перад прастолам Божым і за нашу Бацькаўшчыну.

Протаіерэй Іаан часта паўтараў: “Па веры вашай да будзе вам”. Няхай Бог умацуе і нашу веру ў гэтыя святочныя дні і дапаможа бездакорна ўспяваць разам з усімі хрысціянамі: “Воскресение Твое, Христе Спасе, ангели поют на небесех, и нас на земли сподоби, чистым сердцем Тебе славити”.

Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вілейскай гімназіі № 2

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries