Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Под площадью Свободы есть подземелья. Почему археологи начали раскопки в д. Костыки?

Гісторыя Вілейшчыны поўніцца таямніцамі і адкрыццямі. Тут ёсць месца і для легендаў, якімі авеяны азёры, балоты, камяні, вялікія насыпы, і для адкрыццяў, якія адбываюцца штогод. Прыгадаем адно з апошніх, якое тычыцца датавання ўзнікнення самаго горада Вілейка. Гісторыкам і краязнаўцам заўжды было вядома, што самыя старажытныя гарадскія могілкі горада месціліся на месцы сучаснай плошчы Свабоды. Менавіта тэрыторыя каля помніка Вызваліцелям і праваслаўнай капліцы ў скверы на плошчы – гэта участак, дзе месціўся самы старажытны з вядомых храмаў, вакол якога былі пахаванні вілейчан ад 15 стагоддзя. Аднак, пачатак распрацоўкі кар’ераў на месцы будучага мікрараёна «Сакаліная Гара», што каля пасёлка «Касманаўтаў» (вядомага як «Шанхай»), адразу прынёс ў гістарычны летапіс Вілейкі новыя адкрыцці.

Кастыкі, 1973 г. Фота прадстаўлена М. Плавінскім


Справа ў тым, што пры выпрацоўцы жвіра ў кар’ерах былі знойдзены косныя астанкі, экспертыза якіх паказала, што гэта пахаванні 14-18 стагоддзяў. Рэчы, якія былі знойдзены разам з косткамі, сведчылі, што гэта «мірныя» пахаванні, а не выпадковыя пахаванні ваенных перыядаў. Па першасным даследаванням была выяўлена тэрыторыя грамадзянскіх пахаванняў (гарадскіх могілак) на працягласці больш десяці тысяч метраў квадратных. Адсюль першыя вывады – сучаснаму гораду папярэднічала даволі развітое паселішча, бо гарадскія могілкі займаюць вялікую плошчу. Дата першага ўзгадвання нашага горада 1460 год і гэта вядома ўсім, бо менавіта такія лічбы на ўязных знаках Вілейкі. Але гэта не дата заснавання горада, бо дакумент, у якім пазначаны 1460 год, гаворыць пра судовыя «разборкі» паміж «вілейчанамі», а значыць гэта ўжо амаль сфарміраванае гарадское асяроддзе. Пагэтаму, наш горад намнога старэйшы, нават, магчыма набліжаны да старажытных беларускіх гарадоў Турава і Полацка. Нават той факт, што першая назва горада не Вілейка, а Стары Куранец гаворыць аб многім. Бо дакладна вядома дата першага ўзгадвання сучаснага Куранца – 1355 год. А Вілейка (Стары Куранец) намнога павінна быць старэйшая.

Падзямеллі плошчы Свабоды
Плошча Свабоды мае таксама свае таямніцы – чаго толькі каштуе бачаныя многімі падзямеллі ці падземныя ходы пад плошчай, якія сапраўды маюць быць, бо там месцілася шмат яўрэйскіх дамоў, якія былі і каменныя і драўляныя, але абавязкова з вялікімі каменнымі падваламі, дзе захоўваліся розныя тавары, якімі яны гандлявалі. Аднак, спусціцца туды складана, бо галоўны ўваход быў засыпаны пры будаўніцтве «лакальных ачышчальных збудаванняў» магазінаў і выставачнага зала. А праверыць ці ёсць яны сёння – справа каштоўнага абсталявання, якога няма. Усё гэта будучыя адкрыцці…

Археалагічны скарб Вілейскага раёна
Вілейскі раён – адзін з самых «багатых» на археалагічную спадчыну. Тут размяшчаюцца старажытныя стаянкі і пахаванні пачынаючы з 11 тысячагоддзя. Яны месцяцца ўздоўж рэк і азёр, на прыродных пагорках, у лясах і сярод поля. Тут знаходзілі пахаванні вікінгаў, ракавіны кауры, ўпрыгожванні старажытных балтаў і славян, месцы буйнейшых паселішчаў у Еўропе і г.д. Чаго толькі каштуюць рогі паўночнага аленя.
Справа ў тым, што апошні вялікі ледавік каля 19-18 тысячагоддзяў таму дасягнуў паўночнага краю сённяшняй Вілейшчыны. Дарэчы, мы можам з поўным правам усталяваць у раёне сучасных Журых, Каралеўцаў, Іжы помнік «Месца спынення апошняга ледавіка». Менавіта ў гэтых мясцінах існуюць так званыя канечныя марэнныя ўзгоркі, якія азначаюць тую рысу, на якой спынілася сцяна лёду ў некалькі сотняў метраў таўшчынёй, што некалькі дзесяткаў тысяч гадоў паўзла са Скандынавіі, змяняючы паверхню Зямлі. Тады ж і ўсталяваўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі небывалы халодны клімат, калі на поўначы часткова была вечная мерзлата, а на поўдні здараліся маразы і ў летні перыяд. Тады і гулялі на Вілейшчыне старажытныя паўночныя алені. Вось рогі аднаго з іх і захаваліся ў глеі ракі Нарачанкі (Нарач) у Іжскім сельсавеце, якія выпадкова знайшоў дайвер-аматар. Але гэта адкрыцці мінулыя…
А вось адкрыцці сённяшнія. Канец чэрвеня – пачатак ліпеня адзначыўся для Вілейскага раёна значнымі археалагічнымі раскопкамі. Археолагі даследавалі курганы ў вёсцы Кастыкі – пахаванні 11-12 стагоддзяў і ільянскую гуту (шкларобчую мануфактуру) 18 стагоддзя каля вёскі Ілья.

Вёска Кастыкі –месца стаянкі першабытных людзей і пражывання старажытных славян.
Кастыкі. Дазвол Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі на выкананне археалагічных раскопак (адкрыты ліст) курганнага могільніка ў вёсцы Кастыкі атрымаў археолаг Плавінскі Мікалай Аляксандравіч. Пачынаючы з 30 чэрвеня дадзеныя раскопкі пачаліся. На гэта лета было запланавана два курганы, якія размяшчаюцца на ўскрайку вёскі Кастыкі, на правым беразе ракі Віліі, якая была здаўна галоўным водным шляхам, адным з адгалінаванняў старажытнага шляху «З варагаў – у грэкі». Тут захавалася 15 цэлых курганоў і 5 часткова пашкоджанных круглых курганоў. Многія спытаюцца, чаму толькі два курганы сабраліся раскапаць. Адказ вельмі просты, па-першае, гэта вельмі складаная справа, а не як, многія мяркуюць, капнуў і вось табе скарб. Тут ідзе работа, калі слой зямлі здымаецца па 0,5-1 сантыметру. Па-другое, людскі фактар, бо для маштабных раскопак патрэбна вялікая колькасць людзей, а гэта харчаванне, пражыванне і г.д.

Кастыкі, 2016 г. Фота прадстаўлена Д. Канецкім

Раскопкі курганоў у Кастыках не першыя за гісторыю. У сярэдзіне 19 стагоддзя граф Канстанцін Тышкевіч раскапаў адзін з іх, але ён аказаўся без пахавання. У 1973 годзе адбыліся самыя маштабны раскопкі – даследавалі сем курганоў пад кіраўніцтвам вядомага археолага Я.Г. Звяруга.
Як адзначыў у інтэрв’ю ШП археолаг Мікалай Плавінскі:
— Нам было вельмі нязвыкла, што мясцовыя жыхары вельмі гасцінна ставіліся да таго, што мы пачалі капаць каля іх хат на ўзбярэжжы Віліі. Звычайна, вельмі асцярожна, калі не з падазрэннем мясцовае насельніцтва ставіцца да людзей з рыдлёўкамі, якія капаюць зямлю і нешта замалёўваюць. Аказалася, што мясцовыя бабулі добра памятаюць раскопкі 70-х гадоў, нават да дробязяў кожную знаходку. Адна бабуля нам распавядала, што яна памятае, як раскапалі нейкага чалавека з сякераю ў галаве і маленькую дзяўчынку з нейкімі вялікімі завушніцамі. Я паглядзеў справаздачы 1973 года і не паверыў вачам. Сапраўды, быў раскапаны курган з пахаваннем воіна, каля галавы якога ляжала сякера і курган з пахаваннем трынаццацігадовай дзяўчынкі, шыя якой была ўпрыгожана шыйнай грыўнай (вялікія колцы, як бусы, толькі ў выглядзе абруча). Пагэтаму, нам адразу прапанавалі малака, без пытанняў дазволілі зараджаць мабільныя тэлефоны, набіраць каністры вады. Супер.
І сапраўды, знаходкі 1973 года былі вельмі значнымі, у большасці пахавальны інвентар: жалезныя нажы, шырокалязовая сякера, шыйныя грыўны, бронзавыя пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы. Могільнік належаў змешанаму крывіцка-дрыгавіцкаму насельніцтву і датаваўся 11-12 стагоддзямі.

Працяг у наступным нумары
Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 32 queries