Юбілей народнага хора – дата асаблівая. Гэта свята песні і тых, хто любіць яе і спявае. З чаго ж усё пачыналася? Звернемся да гісторыі хора. Тым, хто бывае на канцэртах, слухае нашы песні, спадзяюся, будзе цікава даведацца, дзе ж вытокі хора, успомніць імёны тых людзей, якія былі першымі.
Я адправілася на вуліцу Незалежнасці, дзе ў адным са шматпавярховых дамоў жыве былая ўдзельніца хора першага саставу. Гэта Ануфрыенка Аляксандра Савічна. Дзверы мне адчыніла прыгожая рухавая жанчына. Мы з ёй калісьці працавалі настаўніцамі ў сярэдняй школе № 2. Зараз абедзве былі рады сустрэчы. Аляксандра Савічна ўжо паважанага ўзросту, але па яе знешняму выгляду гэтага не скажаш. Да таго ж у кватэры чыста прыбрана, утульна. На падаконніку шмат гаршкоў з кветкамі.
Наша сустрэча пачалася з таго, што мы зазірнулі ў альбомы. Мяне асабліва цікавілі фотаздымкі хора. І вось перада мной рэліквія: захаваны першы здымак хора. На ім 22 жанчыны і 8 мужчын. Жаночыя касцюмы складаліся з чорных доўгіх спадніц і белых блузак. А мужчыны – у строгіх цёмных касцюмах і пры гальштуках. Сціпла і прыгожа. А потым пачаліся ўспаміны. Аляксандра Савічна гаворыць ажыўлена. Адчуваецца непраходзячая яе любоў да песні, да хора. Яна мае добрую памяць. Памятае, з чаго ўсё пачыналася, памятае людзей, тэксты песень, якія спявалі. І вось аб чым мне яна паведаміла:
– У верасні 1988 года была прафсаюзная справаздачна-выбарчая канферэнцыя. На ёй прысутнічала і цікавая, актыўная жанчына – Пашкоўская Лідзія Іванаўна, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, урач. Яна была прыезджай. Ёй вельмі спадабаўся наш горад. І вось на канферэнцыі, даведаўшыся, што ў такім цудоўным горадзе няма хора ветэранаў, прапанавала яго арганізаваць. Яе прапанову падтрымаў тагачасны старшыня гарвыканкама Галецкі Пётр Ігнацьевіч.
Такім чынам, арганізатарам хора мы лічым Пашкоўскую Лідзію Іванаўну. Хутка знайшліся аматары песні. На першай сходцы быў абраны савет хора ветэранаў, у склад якога ўвайшла і мая субяседніца. Вызначылі і дэвіз хора: «Нам песня строить и жить помогает».
У час другой сустрэчы Галецкі Пётр Ігнацьевіч прывёў і кіраўніка хору Махнача Аляксандра Іванавіча.
Вось імёны першых харыстаў, якіх успомніла Аляксандра Савічна (на жаль, не ўсіх яна памятае па бацьку): Буткевіч Генрыета Мікалаеўна, Волах Іван Васільевіч, Вайцяхоўская Зінаіда Васільеўна, Гатоўка Аляксей Васільевіч, Дубовік Віктар Аляксандравіч, Зайцава Ала Сямёнаўна, Батурава Вера Уладзіміраўна, Кізіна Надзея Лук’янаўна, Касарэўскі Эдуард, Кудзік Марыя Фамінічна, Осіпава Кацярына, Мікалаеў Анатоль Афанасьевіч, Паско Фёдар Фёдаравіч, Сінкевіч Лідзія, Ткачэнка Эдуард Эдуардавіч, Субач Анатоль, Субач Іван Іларыёнавіч, Субач Аляксандр Антонавіч, Хаустава Ала Іванаўна і іншыя. Былі і сямейныя пары: Барадоўскія, Пятровы, Шабалоўскія.
Акрамя песень, хор славіўся сваім струнным аркестрам. Так, на гітары ігралі Зайцава Ала Сямёнаўна, Субач Анатоль, Ануфрыенка Аляксандра Савічна, на мандаліне – Наўрось Зоя Сцяфанаўна, на балалайках – Субач Іван і Барысенка Міхаіл, на скрыпцы – Субач Аляксандр. Пад аркестр спявалі салісты. На «біс» гучала руская народная песня «Пряха» ў выкананні Буткевіч Генрыеты Мікалаеўны. А Пасрэднік Міхаіл спяваў «Выйду на улицу» і «Моя отрада». А калі аркестр, бывала,зайграе польку-шабасоўку, то ў гледачоў ногі самі ў пляс ішлі.
У Аляксандры Савічны шмат любімых песень, тэксты якіх мне чытала на памяць. А адну з іх – «Мінскі вальс» – мы нават спелі разам.
У 1991 годзе хор ветэранаў атрымаў званне народнага.
Вось такая гісторыя народнага хора ветэранаў Вілейскага Палаца культуры, якой мы ганарымся і якую шануем.
Галіна КАПЦЮГ.
На здымку: першы здымак хора.
Фота з сямейнага альбома А. С. Ануфрыенка
Первый снимок хора ветеранов
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ