Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Перспективы развития вилейского Дворца культуры

Ёсць, па крайняй меры, дзве галоўныя прычыны, з нагоды якіх мы менавіта ў гэтым святочным выпуску вырашылі расказаць пра вілейскі  Палац культуры. Першая – краіна ўступіла ў так званы «культурны» год, што бясспрэчна, адлюструецца ў гісторыі шэрагам розных мерапрыемстваў і праектаў. Год зойме сваё пачэснае месца сярод найменняў, якімі былі назначаны яго папярэднікі. Наш Палац – суб’ект каларытнага культурнага фону вілейскага краю. І па гэтай прычыне можа прэтэндаваць на павышаную да сябе ўвагу. Па-другое, нядаўна Палац культуры святкаваў 35-годдзе. Менавіта столькі год таму таленты Вілейшчыны для свайго далейшага станаўлення і развіцця атрымалі зручны камфортны асяродак. І, захоўваючы багатыя традыцыі, ствараючы новыя свае, трывала і надзейна ў ім уладкаваліся. Пра тое, што захавана і набыта, пра перспектыву Палаца – наша гутарка з яго кіраўніком Алесяй Высоцкай.

– Без прэтэнзій на дасведчанасць, асмелюся ўсё ж зазначыць, што святочны ракурс – пэўна, у многім вызначае характар дзейнасці культурнай установы. У прыватнасці, такой, як Палац культуры.
– Мушу з Вамі пагадзіцца. 2015 год – гэта год цікавых і значных падзей, юбілейных дат. Мы сталі цэнтральнай установай у іх рэалізацыі.
70-годдзе Вялікай Перамогі, 555-годдзе Вілейкі, 100-годдзе вызвалення горада ад кайзераўскіх войскаў у час Першай сусветнай вайны, 70-годдзе раённай газеты «Шлях Перамогі»…
Урачыста і маштабна прайшло шэсце «Парад Перамогі» з удзелам віляйчан, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, гасцей горада. Аберагаючы памяць аб падзеях вайны, па ініцыятыве кіраўніцтва райвыканкама, быў зняты дакументальны фільм «У кожнага з нас была вайна» з удзелам ветэранаў Вілейшчыны. Прэзентацыя фільма адбылася на мерапрыемстве, прысвечаным Дню Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, а фільм стаў культурнай спадчынай раёна.
Святочную праграму работнікі культуры ў гэтым годзе падрыхтавалі з асаблівай дбайнасцю і размахам. 4 дні нон-стопам працягваліся мерапрыемствы, прысвечаныя асноўнай тэматыцы – 71-й гадавіне вызвалення Беларусі, Году моладзі і 555-годдзю горада Вілейкі.
Яркім адлюстраваннем багатай гісторыі і традыцый нашага народа, пачынаючы з сівой даўніны і да нашых дзён, стаў рэгіянальны фестываль гістарычнай рэканструкцыі сярэднявечнай культуры «Гонару продкаў», прысвечаны 555-годдзю горада, які адбыўся ў Ніжнім парку. На ўрачыстае адкрыццё фестывалю сабраліся каля 100 музыкаў і рамеснікаў, а яго наведвальнікамі сталі больш двух з паловай тысяч гасцей з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Даніі, Італіі.
– Перш, чым Вы скажаце пра дажынкі, хацелася б даведацца, як Вамі ацэньваецца практыка ўзаемадзеяння сферы культуры з мясцовымі ўладамі, грамадскасцю і гэтак далей? Як на вынік уплывае партнёрства і наколькі характэрна яно для спецыфікі нашага рэгіёна?
– Сістэма ўзаемадзеяння існуе паміж усімі названымі Вамі структурамі. З намі супрацоўнічаюць прадпрымальнікі, дабрачынныя фонды. Сумесная арганізацыя святаў, каардынаваныя ўзаемазвязаныя дзеянні і партнёрскія адносіны, зацікаўленасць у рэалізацыі пастаўленых задач дазволілі палепшыць якасць правядзення святочных мерапрыемстваў і культурны патэнцыял раёна ў цэлым. Гэта стала адным з галоўных падмуркаў правядзення ў горадзе маштабнага культурнага праекта – абласнога фэстывалю-кірмашу «Дажынкі-2015». Прыярытэтная ў горадзе фестывальная практыка стала стратэгічным фактарам развіцця гарадскога асяроддзя.
Ды што я пералічваю. Чытачы раёнкі, пэўна, усе, за рэдкім выключэннем, пабывалі на гэтым свяце.
– Мы ўступілі ў Год культуры, ініцыяваны адпаведным указам кіраўніка дзяржавы. Можа варта спыніцца, азірнуцца і нейкім чынам прааналізаваць, як «культура» пражыла Год моладзі. Якія былі адметныя ініцыятывы, не перанятыя, а сапраўды нашы, вілейскія. З тых, што ўзрушылі маладых, далі ім свайго роду імпульс да творчасці, рэалізацыі свайго энергетычнага патэнцыялу? А ён, як кажуць, у моладзі нават залішні.
– Работа з моладдзю ў мінулым годзе стала прыярытэтнай для спецыялістаў Палаца культуры. У карысць гэтага сведчаць праведзеныя патрыятычныя акцыі да 70-годдзя Вялікай Перамогі з удзелам моладзі, велапрабегі «Залатое кальцо Вілейшчыны» і «За моцную і квітнеючую Беларусь»; удзел у раённым і абласным этапах прафсаюзнага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», у якім вілейская моладзь, акрамя прафесійнай рэалізацыі, мела магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці. Вось і імкнёмся накіраваць яе энергію ў адпаведнае рэчышча.
Асаблівае значэнне па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі маюць мерапрыемствы, прысвечаныя такім святам, як Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дзень прызыўніка. Вялікую дапамогу ў арганізацыі гэтых мерапрыемстваў супрацоўнікам Палаца культуры аказваюць раённы камісарыят, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», дабрачынны культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі».
– Разумею, што ў адной размове, колькі б яна не доўжылася, немагчыма нават закрануць усе вызначальныя моманты дзейнасці такой маштабнай установы культуры, як ваша. Таму зробім акцэнты толькі на некаторых, найбольш вызначальных. Мы пражылі сапраўды эпахальны, юбілейны год Вялікай Перамогі. Якім чынам імкнуліся работнікі Палаца культуры рэалізоўваць свой абавязак перад памяццю і яе носьбітамі?
– У гэтым годзе ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі мерапрыемствы для ветэранаў сталі асабліва актуальнымі і значнымі. Правільна Вы сказалі, як абавязак памяці, як форма падзякі тым людзям, якія ўклалі ў культурны здабытак раёна сваё жыццё, свае сілы, сваю творчасць і прафесіяналізм. Разам з раённым Саветам ветэранаў, цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спецыялісты Палаца культуры арганізавалі і правялі фестываль творчасці грамадзян сталага ўзросту «Лейся, песня» ў рамках абласнога конкурсу-марафону «Серебряная нить». Па традыцыі Народны хор ветэранаў Палаца культуры прымаў удзел у абласным свяце, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі «Паклонімся вялікім тым гадам», выязджаў з канцэртнай праграмай на раённае свята да Дня Перамогі ў вёску Заброддзе.
– Хачу звярнуцца да вельмі каларытнай і крэатыўнай, на мой погляд, ідэі, што ўвасобілася ў сценах менавіта вашай установы. І тычыцца так званай «вечнай» тэмы ў мастацтве і грамадстве. Яна звязана з прапагандай агульначалавечых каштоўнасцей – маральнасці, любові да бліжняга – усяго, што нясе ў сабе хрысціянскае веравызнанне…
– Вы маеце на ўвазе калядныя сустрэчы. Канцэрты праваслаўных і каталіцкіх вернікаў да Божага Нараджэння сапраўды напоўнены вялікай духоўнасцю і цеплынёй і праходзяць пры перапоўненых залах. На іх наш пастаянны госць – мужчынскі хор «Всехсвятский». Галасы гучаць ў дзіўным сугалоссі і саборнасці, што дазваляе прысутным дакрануцца да высокага духоўнага мастацтва і малітоўнага імгнення. У акрэсленай тэме – цыкл мерапрыемстваў у рамках правядзення дзён праваслаўнай кнігі, арганізаваных сумесна з цэнтрам эстэтычнага выхавання і Свята-Марыінскай царквой: відэалекторыі і праваслаўныя чытанні.
– Партфоліо Палаца фарміруецца і з ліку чыста забаўляльных мерапрыемстваў, таксама досыць запатрабаваных сярод яго наведвальнікаў…
– Запатрабаванымі і актуальнымі ў вілейскіх гледачоў з’яўляюцца мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Палацы культуры да Новага года. Асабліва папулярнымі з’яўляюцца музычныя шоу, у аснову якіх пакладзены сюжэты любімых навагодніх фільмаў і мюзіклаў.
Цыкл навагодніх мерапрыемстваў для дзяцей таксама не пакідае сваёй актуальнасці.
На працягу года сцэна вілейскага Палаца культуры прымала вядомыя калектывы. Сярод іх Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка – нашага земляка – Міхаіла Казінца. Гучалі ў выкананні аркестра лепшыя беларускія эстрадныя песні,ад класікі да сучасных твораў. Творчым падарункам да 70-годдзя Вялікай Перамогі стаў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага. Праграма канцэрту была насычана шэдэўрамі беларускай народнай музычнай культуры і пабудавана на гарманічным спалучэнні песні, музыкі і танца. Канцэрты вядучых калектываў Рэспублікі сталі знакавымі падзеямі, далучаючымі аматараў музыкі і гледачоў да сапраўднага мастацтва.
– Хочацца падзякаваць за крэатыўнасць і неардынарнасць мастацкія калектывы самога Палаца. І пажадаць ім знаходзіць сваё самавыяўленне ў творчым пошуку. А Палацу культуры – годна і варта несці сваё высокае званне.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадастаўлены Палацам культуры

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 173 queries