Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Персанальная выстава мінскага мастака Анатоля Бяляўскага

Пасля міжземнаморскага сонца восеньскае надвор’е радзімы здалося асабліва шэрым. Я прыехала ў Вілейку наведаць сваю сям’ю. Многія мяне папярэджвалі, што час для візіту я выбрала не вельмі зручны: ведама, лістапад на вуліцы, дождж, адна маркота.

Але мне пашанцавала наведаць Вілейскую выставачную залу, дзе адбылося адкрыццё персанальнай выставы мінскага мастака Анатоля Бяляўскага. Было прыемна даведацца, што мастак – наш зямляк, каранямі паходзіць з Мядзельшчыны, а маленства правёў на Смаргоншчыне, у мястэчку Вішнева, якое раскінулася на беразе возера Вішнеўскае.
Як успамінае мастак, з дзяцінства ён быў выдатным плыўцом і атрымліваў асалоду ад кантакту з вадой. Пазней тэма вады знойдзе сваё месца ў творчасці мастака, і ён з асаблівай асалодай будзе яе пісаць, перадаваць яе зменлівасць, разнастайнасць настрою і адлюстроўваемых адценняў.
Маляўнічыя краявіды, дзе прайшло дзяцінства Анатоля, уражваюць любога чалавека сваім хараством, і, вядома, не маглі не паўплываць на развіццё пачуцця прыгожага ў маленькага хлапчука. Акрамя таго, яго родныя таксама былі творчымі людзьмі: хто ткаў, хто вышываў, хто займаўся пляценнем, а бацька пісаў вершы і выкладаў у школе ўрокі малявання. Таму пытання кім ён будзе па прафесіі для Анатоля не існавала – мастаком – і кропка. Знакавай фігурай для хлопца быў яго дзед, у якога хапала мудрасці падбадзёрваць юнага мастака і падтрымліваць яго жаданне маляваць. З дзеда, дарэчы, Анатолем быў напісаны і першы партрэт.
Сёння ў партфоліа спадара Бяляўскага знаходзяцца каля дзвюх тысяч твораў. На выставе былі прадстаўлены палотны,выкананыя ў розных жанрах: пейзаж, нацюрморт, партрэтны жывапіс. Большасць наведвальнікаў, мне думаецца, змаглі знайсці нешта прыцягальнае для сябе ва ўбачаных карцінах, таму што яны напісаны рукой суайчынніка, сучасніка, з блізкім жыццёвым вопытам, праблемамі і клопатамі, што і робіць творчасць больш зразумелай і духоўна каштоўнай.
Напрыклад, у апошні час мастак захапіўся стварэннем серыі твораў, прысвечаных жаночаму погляду, жаночым вачам. Вядома, што вочы – люстэрка душы, і без слоў табе апавядуць лёс, эмоцыі і пачуцці свайго ўладальніка. У сваіх працах мастак піша твары жанчын, якія жывуць сярод нас. І ў іх вачах можна прачытаць тыя ж самыя цікаўнасць, сум, боль, недавер, захапленне, сумненне – пачуцці, якія перажыла і разумее кожная з нас. Дарэчы, два творы з гэтай серыі: «Погляд» і «Жаночыя вочы», мастак перадаў у дар музею.
Спадар Бяляўскі піша таксама партрэты знакамітых для нашай краіны людзей. Так, адзін з яго твораў прысвечаны земляку, ураджэнцу Вішнева, Мечыславу Карловічу. Нямногія яго ведаюць, а ў свой час Карловіч быў вядомы ў Еўропе кампазітар і дырыжор і даваў свае канцэрты ў такіх музычных гарадах, як Берлін і Вена. Многія з яго твораў мелі дачыненне да Беларусі. Яны альбо выраслі з беларускіх спевак, альбо былі прысвечаны роднай старонцы.
Кранаюць і пейзажы Анатоля Бяляўскага. Тут няма крыклівасці, але, як і характэрна для нашай беларускай прыроды, ёсць сціплая і далікатная гульня колераў і свету, то з ледзь прыкметным рамантычным гучаннем, як у карціне «Дубы над Прыпяццю», то з меланхалічным адценнем у «Пахмурнай зіме», з налётам інтрыгуючай фантазіі, як у «Беразе з прывідамі», альбо з летнім пахам, як у «Возеры».
Адна з істотных тэм для Анатоля Бяляўскага – гэта тэма вайны. Вайна 1812 года, Першая і Другая Сусветныя войны – усе разгортваліся на тэрыторыі нашай краіны і зруйнавалі жыццё мільёнаў нашых продкаў. Для вайны няма тэрміну даўнасці. Памяць аб іх павінна быць захавана, паколькі, як сказала лаурэат Нобелеўскай прэміі Віслава Шымборска: «Пасля адной вайны заўсёды прыходзіць новая вайна». Таму што ёсць тыя, хто ваююць, хто адраджае мір пасля вайны, а пасля нарэшце нараджаецца той, хто пра мінулае не думае і зноў пападае ў тую ж самую жахлівую пастку вайны.
Так, на выставе я мела магчымасць падзівіцца на колеры і тэхніку майстра, знайсці ў яго палотнах пачуцці, важныя для мяне, і больш даведацца пра гісторыю свайго краю. Акрамя таго, я зразумела, што,незважаючы на дождж за акном, мастацкае жыццё ў Вілейцы віруе. Супрацоўніца Вілейскага музею Надзея Аўдзей апавяла пра праектуемыя выставы і арт-праекты. Выставы ў Вілейскай зале, дарэчы, змяняюцца практычна кожны месяц. Яна ж паказала «Беларускую хатку» з калекцыяй строяў Вілейшчыны, якія ўразілі мяне звыш меры сваім аўтэнтычным стылем і гармоніяй. Настаўніца Алена Мацюшонак расказала, як многа вілейскіх дзетак прагнуць да малявання і займаюцца ў студыях выяўленчага мастацтва. А яшчэ я пазнаёмілася з простай жыхаркай Вілейкі Вольгай Пескавой, прадаўцом, якая ўсе ж знаходзіць час для стварэння своеасаблівых мастацкіх прац. Карацей кажучы, не скардзіцеся на надвор’е і абставіны, а шукайце – і знойдзеце!
Іна БЕРНЯКОВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 175 queries