Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Перед самой войной, 20 июня 1941 года, состоялся первый выпуск русской средней школы № 2 (теперь гимназия №1 «Логос»)

У 1991 годзе былая сярэдняя школа №  2 г. Вілейкі  атрымала статус гімназіі. Вось ужо чвэрць стагоддзя гэта ўстанова адукацыі з гонарам нясе і пацвярджае сваё званне.

У гімназіі № 1 «Логас» заўсёды бурліць школьнае жыццё, тут закладваецца трывалы падмурак школьных ведаў, тут вучаць дабру і справядлівасці, сяброўству і вернасці, сумленнасці і праўдзівасці, паважліваму стаўленню да старэйшага пакалення, любові і павазе да сваёй малой радзімы, сваёй краіны. Вось ужо 25 гадоў гімназія з радасцю сустракае новых навучэнцаў і з сумам выпраўляе выпускнікоў.

Вілейская гімназія № 1 “Логас” займае годнае месца ў сістэме адукацыі не толькі Вілейскага раёна, але і ўсёй Мінскай вобласці. Адміністрацыя і педагагічны калектыў гэтай установы заўжды вызначаўся высокім прафесіяналізмам, адданасцю любімай справе, творчым падыходам да працы. У гімназіі створаны спрыяльныя ўмовы для навучання і ўсебаковага развіцця навучэнцаў, тут укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, паспяхова працуюць інавацыйныя пляцоўкі. Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею гімназіі № 1 «Логас» распачаліся задоўга да галоўнага дня юбілею, які адбыўся ў суботу, 1 кастрычніка. Напярэдадні, кожны клас маляваў святочныя газеты, якія размяшчалі на калідорах школы, паўсюль былі размешчаны вырабы ў выглядзе пчалы – сімвала гімназіі. А ў суботу настаўнікаў, вучняў і гасцей чакаў святочны канцэрт, прысвечаны юбілею.

Гімназіі 25 год! Але гісторыя гэтай установы больш даўняя, бо створана была гімназія ў 1991 годзе на базе сярэдняй школы № 2. Гісторыя школы, магчыма з упэўненасцю сказаць, свой летапіс можа весці з 1939 года, калі з далучэннем былых заходніх беларускіх зямель Польскай дзяржавы, у тым ліку і ўсяго Вілейскага раёна да БССР, у горадзе пачала дзейнічаць руская сярэдняя школа № 2. Размяшчалася школа спачатку ў двухпавярховым цагляным будынку, што быў пабудаваны ў 1903 годзе пад гарадскую ўстанову адукацыі тагачаснай Расійскай імперыі, а з 1921 па 1939 гады тут размяшчалася польская гімназія імя Г. Сенькевіча. 20 чэрвеня 1941 года адбыўся першы перадваенны выпуск рускай сярэдняй школы № 2, хаця многія з атрымаўшых атэстат сталасці пачыналі сваю вучобу яшчэ ў польскай гімназіі. Аднымі з самых вядомых выпускнікоў тагачаснай сярэдняй школы № 2 сталі Мікалай Андрэевіч Сухі – у будучым старшыня Мінскага аблвыканкама, Герой Сацыялістычнай Працы, а таксама Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі, які стаў акадэмікам Акадэміі медыцынскіх навук СССР, Героем Сацыялістычнай Працы. У 1977 годзе быў узведзены новы сучасны будынак школы, які і сёння прымае новых гімназістаў пад сваё крыло.

Будынак былой польскай гімназіі

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў былой Вілейскай вобласці, а потым створанай на яе аснове Маладзечанскай, у 1945 – 1946 навучальных гадах дзейнічала толькі 10 сярэдніх школ. Вілейка вылучалася сярод іншых гарадоў, бо тут было ажно дзве сярэднія школы – беларуская школа № 1 і руская № 2. У рускай школе вучыліся ў пераважнасці дзеці, бацькі якіх прыехалі з Расіі (ваеннаслужачыя, работнікі савецкіх, гаспадарчых, партыйных і іншых органаў). Астатнія вучні – гэта былі дзеці сялян з аддаленых вёсак Вілейскага і суседніх раёнаў. Уся гісторыя школы – гэта той падмурак, які даў магчымасць стаць сучаснай гімназіі № 1 «Логас» менавіта той выдатнай і знакавай установай, якой яна з’яўляецца зараз. Сёння адукацыйны працэс у гімназіі, які ўключае павышаны ўзровень вывучэння асобных прадметаў на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, дазваляе выбудоўваць тую сістэму асноўных і дадатковых заняткаў і прадстаўляе магчымасці кожнаму вучню мець пэўны шлях свайго развіцця. Гімназія з’яўляецца пляцоўкай па рэалізацыі шматлікіх інавацыйных праектаў, адным словам – гэта сучасная і вельмі запатрабаваная ўстанова адукацыі нашага раёна. Кожны з дырэктараў і настаўнікаў, што працавалі тут,зрабілі свой вялізны ўнёсак у яе развіццё, які немагчыма ацаніць. Так падчас святочнага мерапрыемства былі моманты, калі надаваліся ўспамінам і моманты, калі з гонарам узгадвалі тыя дасягненні, што мае гімназія зараз. Нездарма, метафарай гімназіі з’яўляецца вулей, дзе кожны з вучняў і настаўнікаў – пчала, і галоўнае, у чым ёсць падабенства да пчол – гэта ўменне распарадзіцца тым, што ёсць сёння, уменне шанаваць час, ясна ўяўляць тое, чаго кожны хоча заўтра, і галоўнае, упэўненасць у поспеху ўсіх задум і планаў. Таму герб гімназіі мае форму сотаў з назвай гімназіі на грэцкай мове. А «Логас» – старажытнае грэцкае паняцце, сінонімамі якога з’яўляюцца: слова, гаворка, сэнс, думка і навучанне.
Па якіх крытэрыях можна ацаніць работу школы? Па паспяховасці яе выхаванцаў, колькасці перамог у алімпіядах, вопыту педкалектыву, маштабу пазакласнай працы або, можа быць, па тым, кім становяцца дзеці, што выйшлі з яе сцен? У гімназіі № 1 «Логас» ёсць галоўная ўпэўненасць, што тут дзеці павінны навучыцца быць людзьмі з вялікай літары. І так павінна быць заўжды…
Сяргей ГАНЧАР .
Фота logos.edu.minskregion.by

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 20 queries