Бібліятэка сямейнага чытання па вул. Вадапьянава, 21 атрымала ў дар Новы Запавет, перакладзены на беларускую мову.
Да гэтага выдання ні адзін з раней зробленых перакладаў Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з ужо наяўных перакладаў, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі.
Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы перакладала Новы Запавет са старажытнагрэчаскай мовы на працягу 25 гадоў, за што філолагаў і святароў узнагародзілі ганаровымі царкоўнымі граматамі і медалямі. Кнігу надрукавалі пад загалоўкам “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”, яе выхад прызначаны да 500-годдзя з дня выхаду ў свет першай кнігі Бібліі беларускага асветніка Францыска Скарыны.
Над перакладам працавала рабочая група ў складзе:
протаіерэй, кандыдат багаслоўя Сергій Гардун
протаіерэй, бакалаўр багаслоўя Аляксандр Пачопка
доктар філалагічных навук Чарота Іван Аляксеевіч
кандыдат філалагічных навук Васілевіч Уладзімір Аляксандравіч
кандыдат багаслоўя Кароль Алесь Віктаравіч
Біблейская камісія аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову (працы Л. Дзекуць-Малея і В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, М. Міцкевіча, В. Сёмухі, А. Клышкі). Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.
Кніга надрукавана ў праваслаўнай тыпаграфіі Orthdruk (Беласток, Польшча) накладам у 6 тысяч асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 асобнікаў — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам.
Дарэчы, хутка яшчэ адзін экзэмпляр гэтага выдання з’явіцца і ў Вілейскай раённай бібліятэцы імя Ганны Новік па вул. Савецкая, 25.