Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У нарачанскіх хлебаробаў ураджайнасць збажыны самая вялікая

Нарачанскія хлебаробы з першых дзён масавай уборкі трывала прапісаліся ў лідарах жніва і па сёння не здаюць пазіцыі. Ураджайнасць збажыны тут самая вялікая – пад 53,3  цэнтнераў з гектара. І больш, чым у іншых гаспадарках на сёння дзень: яе работнікамі ўбрана 1117 гектараў, намалочана 6 200 тон збожжа.

Пра сакрэты лідарства паспрабавалі даведацца ў непасрэдных удзельнікаў жніва: агранома, камбайнераў, іх памочнікаў, вадзіцеляў.

За поспехамі герояў жніва мы сочым па рэпартажу ў раённай газеце. Тыдзень назад карэспандэнты пісалі пра сямейны экіпаж Андрэя Іванавіча і Паўла Садоўскіх. Яны на днях павінны былі папоўніць спіс тысячнікаў. Гэтая падзея не заставіла доўга чакаць і не засталася без увагі калег Андрэя Садоўскага, які працуе ў ААТ “Буддэталі”. Безумоўна, Андрэй  Іванавіч быў прыемна здзіўлены, калі старшыня прафсаюза ААТ “Буддэталі” Святлана Чаўлытка прыехала да яго на поле, каб павіншаваць з працоўнымі поспехамі, уручыць падарунак і перадаць прывітанне ад усяго калектыву. Андрэю і Паўлу Садоўскім таксама былі ўручаны падзяка і падарунак ад Вілейскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

З пераможным вынікам па перавозцы збожжа-1000 тон – Уладзіміра Ількевіча, аднаго з самых хуткіх вадзіцеляў гаспадаркі, прама ў полі павіншаваў старшыня райкама работнікаў АПК Аляксандр Брыль. Уладзімір ужо 30 год працуе вадзіцелем у гаспадарцы. Ен падзякаваў за падарункі і выказаў свае думкі наконт ураджаю:

– Ураджай сёлета лепшы: збажына густая, а зерне цвёрдае, – гаворыць вадзіцель. З такога зерня атрымаюцца смачныя булкі, якія я вельмі люблю. Калі я ўяўляю, якую смачную выпечку нам дорыць сонца, зямля і колас,  я натхняюся на добрую працу.

Максім Абрамчык на ўборцы жніва першы год працуе вадзіцелем. Першы вопыт працоўнай дзейнасці атрымаў яшчэ ў школе – дапамагаў на зернесушылцы. Зараз вельмі ганарыцца сваім вынікам – перавез тысячу тон збожжа. У гэты дзень 6 жніўня,  Максім азначаў свой дзень нараджэння. Спадзяёмся, што нашы віншаванні і падарункі падаравалі святочны настрой імянінніку, які ў гэтую гарачую жнівеньскую пару будзе працаваць у полі да цямна. Але самы галоўны падарунак у яго жыцці, прызнаўся Максім, чакае яго дома – гэта жонка Кацярына і двухмесячны сын.

Віталь  Будзько і Уладзіслаў Варабей ў гэтым годзе – першыя сярод маладых экіпажаў у раёне намалацілі тысячу тон збожжа.

– Канешне, прыемна быць пераможцамі, але не дзеля гэтага працуем, – разважаюць хлопцы, – галоўнае – у пару скончыць уборку.

Агульнымі намаганнямі камбайнаў за дзень у гаспадарцы ўбіраецца каля 100 гектараў – гэта 7% ад агульнага плану. Хлебаробы ўжо цалкам убралі ячмень,  рапс, яравую пшаніцу, азімаеы трыцікале.

Цікавімся ў галоўнага агранома Віктара Драчылоўскага пра сакрэты высокага ўраджаю.

– Я ўжо 30 год працую аграномам у “Нарачанскіх зорах”, а ўвогуле 40 гадоў, як я аграном. Ведаю, колькі кожнае поле можа даць ураджаю, у які год што на ім можна пасеяць. Плюс прымяненне тэхналогій, высокапрадукцыйных сартоў, а таксама прытрымліванне схем хімічных праполак і мерапрыемстваў па ахове раслін. Упусціш хоць адзін пункт — недабярэш потым ураджаю працэнтаў на 30, а калі гэта датычыцца рапсу, то на ўсе 50. Асабліва важна добра спрацаваць камандай. І мне па-шчасціла, нашы людзі — вельмі працавітыя, адказныя і вопытныя. На вынік працуюць амаль усе. Ім можна даверыць складаную тэхніку, даручыць выкананне любога, самага адказнага задання. Працуем круглы год. Не атрымаецца пасеяць і забыць, чакаючы ўраджаю. На адным і тым жа полі, бывае, даводзіцца пабываць за дзень некалькі разоў. З гэтага ўсяго і складаецца той сакрэт высокіх ураджаяў, залог стабільнага поспеху “Нарачанскіх зораў”.

Вольга Шляпо/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 191 queries