– Восем год я на гэтым трактары, – Віктар Аўгусціновіч ківае на “Джон-Дзір”, які манументальна застыў на мехдвары. Механізатар, не зважаючы на дождж, корпаўся ля пасяўнога агрэгата. Надакучліва аднастайная вільгаць, што праз пэўныя прамежкі часу сыпалася з нябёсаў, парушыла рытм пасяўной. Хоць па тэмпах адкрытае акцыянернае таварыства “Сцешыцы” – у ліку раённых лідараў.
– На гэты энерганасычаны трактар – асноўная нагрузка, – канкрэтызуе галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Цюпка. Тыя 177 гектараў аўса, якія былі пасеяны да мінулай серады, часу майго прыезду ў таварыства, усе лічацца за Віктарам і яго высокапрадукцыйнай тэхнікай. А яшчэ – каля 90 гектараў ячменю. Палетак раскінуўся прама за ваколіцай Сцешыц. Раўнюткае поле сведчыць аб належнай прафесійнай падрыхтоўцы тых, хто рыхтаваў яго пад пасеў, і выклікае сапраўды эстэтычную асалоду.
– А пра сеяльшчыка будзем меркаваць, як паявяцца ўсходы, – рэзюміруе Віктар Аўгусціновіч. І тон, з якім механізатар вымаўляе гэтыя словы, сведчыць, што ў належнай якасці сваёй працы ён абсалютна ўпэўнены. Ды інакш і не можа быць. Ёсць тэхніка высокага, сучаснага ўзроўню, падрыхтаваная належным чынам да сяўбы. Ёсць уменне і вопыт. Спецыяльнасць Віктар набываў у Даўгінаўскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Школу заканчваў у Людвінове. А нарадзіўся ў Добравічах. Ёсць такая вёска ва ўнітарным прадпрыемстве “Першы Беларускі ”. Там і цяпер жыве яго маці. Яна ўсё жыццё, да самай пенсіі, працавала па мясцовай ферме даяркай. Бацька, хоць і рана пакінуў гэты свет, але сыну перадаў галоўнае: павагу да ўкладу вясковага жыцця, дзе праца – на першым месцы. А бытавы фон адухоўлены любоўю да бацькоўскага дома, зямлі, што спрадвеку карміла селяніна і адорвала яго каштоўнасцямі маральнага кшталту. Каля ячменнага палетку, які хутка зарунее, засведчыўшы добры вынік людскіх намаганняў, Віктар Аўгусціновіч успамінае тое, што лёс паклаў у пачатак яго сённяшняга жыцця. Як памагаў бацькам весці хатнюю гаспадарку, адбываў чаргу за кароў, пасвячы іх на мурожным беразе Сэрвачы. Хоць справу гэту, па праўдзе, не вельмі любіў. Лепш, кажа, дровы секчы ці гной выкідаць. А на пашы дзень ад усходу да захаду цягнуўся вельмі марудна, бяздзейнасць – прыгнятала. Падумалася, колькі падобных успамінаў у людзей, выгадаваных вёскай… І колькі падобных лёсаў, праўда, па-свойму адметных, звязаных з тымі абставінамі, якія нам штодзень прыпадносіць наканаваны нябёсамі лёс. Свайму Віктар удзячны за моцную сям’ю, у якой вырастаюць трое дзетак. І гэта акалічнасць дазваляе яму лічыць сябе шматдзетным бацькам. Самаму маленькаму – няма яшчэ і трох год. Жонка, мясцовы фельчар, па гэтай прычыне знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.
Што звязаў свой лёс са Сцешыцамі, Віктар не шкадуе. Гаспадарка дабротная, з належным патэнцыялам развіцця. Нядаўна сюды прыйшоў малады, ініцыятыўны кіраўнік – Ігар Багданаў. Дзякуючы яго і спецыялістаў намаганням, таварыства сёння забяспечана пад сяўбу ўсім неабходным, і галоўнае – элітным і супер-элітным насеннем збожжавых культур . Аб гэтым ужо расказвае галоўны аграном. Аляксей Валянцінавіч называе яшчэ адзін пасяўны агрэгат, які гаспадарка гатова вывесці ў поле – «Беларус-3022». А менавіта ў гэтыя дні яго гаспадар Канстанцін Лавар дапамагае ў вясеннім ворыве суседняму філіялу «Юнік-Агра». Узаемадапамога, гатоўнасць прыйсці на выручку ў напружанай сітуацыі – гэта прыкмета самадастатковасці. І асобнага чалавека, і цэлых калектываў. Такіх, як, да прыкладу, адкрытае акцыянернае таварыства «Сцешыцы».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара









