Напярэдадні прайшоў такі патрэбны ў гэты час дожджык, і ўсё навокал неяк адразу пасвяжэла, ажыло, зазелянела. Уранні зацягнутае хмарамі неба паказвала на дождж, і наша рэйдавая ў складзе старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леаніда Радзевіча, артыстаў Палаца культуры Марыны Заяц, Леаніда Гайчука і аўтара гэтых радкоў нават засумнявалася, ці будзе дзень спрыяльным для палявых работ. Аднак паступова распагодзілася, праяснілася, і на тэрыторыю РУП «Стайкі» мы ўязджалі пад зыркімі промнямі сонейка. Старшыня прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі, яна ж і дыспетчар, Ірына Кучко сустрэла нас прыветліва. А як жа інакш, зазначыла, ёсць і ў іх гаспадарцы многа дбайных працаўнікоў, якія заслужылі падзякі. Вось і цяпер, у гэтыя клопатныя веснавыя дні, шчыруюць яны на палетках, закладваючы надзейны фундамент пад будучы ўраджай.
– Наш, так бы мовіць, асноўны механізатар, заняты зараз на сяўбе, – Юрый Кулеш, – расказала Ірына Мечыславаўна. – Даведзеныя планы перавыконвае. Вось і сёння сее ячмень. І жонка Юрыя Ігнацьевіча таксама заслугоўвае падзячных слоў, працуе ў нас даяркай. Сям’я працавітая, мнагадзетная – чацвёра дзетак нарадзілі і гадуюць. Дом ад гаспадаркі ў Мацькаўцах гэтай добрай сям’і выдзелены, дзе яны і жывуць.
У ліку перадавікоў дыспетчар назвала і яшчэ дваіх механізатараў – Мікалая Бохана, які, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працягвае працаваць у гаспадарцы; Сяргея Аўдзеева, занятага цяпер на ворыве. Стараюцца людзі, разумеючы важнасць сваёй нялёгкай працы, беручы ад кожнага веснавога дня ўсё, што толькі можна дзеля самай важнай справы хлебароба.
Кожнаму з перадавікоў Леанід Радзевіч уручыў падзячныя лісты за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктара Ката і сувеніры на памяць. Леанід Яўгенавіч знайшоў для кожнага многа цёплых, шчырых, ад сэрца, слоў, а гэта, думаецца, не менш важна.
Далей наш шлях ляжаў на палеткі гаспадаркі «Юнік-Агра», дзе нашым правадніком стаў галоўны аграном Андрэй Станкевіч. Яшчэ толькі другі сезон малады чалавек на пасадзе, але, відаць па ўсім, ён на сваім месцы.
– Больш паловы намечанага ў нас ужо пасеяна, – расказаў ён. – Дзве сеялкі штодня за работай. Вясна дазваляе, хоць вільгаць, канешне, вельмі патрэбна. Авёс пасеялі ў канцы сакавіка, добра было б, каб прайшлі дожджыкі…
Перадавікоў Яўгена Владыку і Сяргея Жарскага павіншавалі на палях, дзе кожны з іх рабіў сваю справу – Яўген Віктаравіч сеяў, а Сяргей Міхайлавіч на сваёй «Расе» ўносіў угнаенні. На падвозцы іх быў заняты і яшчэ адзін лепшы механізатар, які ў гэты дзень атрымаў падзяку старшыні райвыканкама, – Юрый Дземідовіч. Кожны з іх, герояў гэтага дня, адметны гаспадарскай грунтоўнасцю, усведамленнем важнасці той справы, якую яны робяць і якой ніколі не здрадзяць. У кожнага тут дом, сям’я, у роднай гаспадарцы шчыруюць і жонкі, а Сяргей Жарскі дык і ўвогуле з дынастыі механізатараў,– яго бацька Міхаіл Сяргеевіч і цяпер працуе механізатарам. Тут нарадзіліся і падрастаюць дзеці Сяргея – і дынастыя, хочацца верыць, будзе працягвацца…
Толькі на хвіліну прыпынялі сваю працу героі сённяшняй публікацыі – каб прыняць віншаванні і паслухаць добрыя песні ў выкананні галасістых спевакоў. Свежы ветрык разносіў гукі далёка-далёка, напэўна, аж у блакітнае неба, да высокага сонейка, якому, мусіць, таксама спадабалася ўся гэта дзея. Прыемна было і нам, і механізатарам, ды прыспешваў час – іх чакала поле. Аблашчанае цёплымі сонечнымі промнямі, палітае веснавым дожджыкам, яно ўжо гатова да сваёй самай галоўнай місіі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара