Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Папа Францішак адрасаваў беларусцы з Вілейшчыны першы ў гісторыі касцёла папскі дакумент на беларускай мове

Гэта нядзельная імша мелася быць незвычайнай з выпадку чакаемага ўдзелу ў ёй высокай духоўнай асобы. Не ў першы раз вілейскі касцёл Узвышэння святога Крыжа прымаў апостальскага нунцыя Папы Францішка. Пра гэта нагадаў, звяртаючыся да ганаровага госця, ксёндз Аляксандр Барыла.
– З вялікай радасцю мы зноў сустракаем Вас на вілейскай зямлі. …Вы дзеліце з намі радасці, напрыклад, святкаванне 100-гадовага юбілею вілейскага касцёла. І ў цяжкія хвіліны, калі парафія развітвалася з ксяндзом Андрэем, Вы таксама былі з намі…
– Ваша парафія стала маёй, – эмацыянальны запал і шчырасць, з якімі апостальскі нунцый звярнуўся да прысутных, не пакінулі сярод іх раўнадушных. Чалавек інтуітыўна цягнецца да веры, бо хоча зацвердзіць не толькі сваю фізічную прысутнасць у гэтым свеце, але і духоўную. Вера дапамагае нам адчуць сваю чалавечую вартасць, адказаць на пытанне аб сэнсе нашага жыцця. Стасункі з духоўнымі асобамі, накшталт Клаўдыё Гуджэроцці,– гэта магчымасць зацвердзіцца ў сваіх ідэалах, арыентуючыся на крытэрыі самага высокага зместу.
– Я на самай справе быў бы шчаслівы мець такую парафію, – заўважыў прадстаўнік Ватыкана. І гэта заўвага была красамоўным пралогам да місіі, што стала нагодай чарговага яго прыезду ў Вілейку.
– Ужо праз некалькі дзён прыйдзе тая ноч, калі заззяе святло і нашы сэрцы напоўняцца радасцю, – апостальскі нунцый пачаў сваю пропаведзь з канстатацыі таго адчування чакання, якім у гэтыя калядныя дні поўняцца хрысціянскія душы.
Ён узнавіў гісторыю святога сямейства ў яго зямным – не нябесным раскладзе. Праецыруючы сітуацыю шматвекавой даўнасці на сучаснасць, прамоўца правёў паралель паміж сямейнымі каштоўнасцямі – вечнымі, заснаванымі на гуманістычных традыцыях, і адначаснымі, што выклікаюць да жыцця ўласніцкія інстынкты. У апошнім выпадку чалавек – жанчына, становіцца ахвярай грамадскай думкі, часта нявіннай і безабароннай. Такой магла быць дзева Марыя, нарачоная святога Юзэфа, цяжарнасці якой не ён быў прычынай. Увогуле простыя рэчы гаварыў папскі нунцый. Але яны так пасавалі да заганнай практыкі XXI веку, вымушаючы вярнуцца да хрысціянскіх ідэалаў сівой даўніны. Давер’е ў сям’і, вера, самаахвярнасць – вось тое, на чым яна трымаецца.
– Бог, які прыйшоў да нас, што ён зменіць у нашым жыцці? – далёка не з рытарычным пытаннем звяртаецца Клаўдыё Гуджэроцці да вернікаў. – Бо, калі Бог праходзіць, не крануўшыся нас, моўчкі, можа, гэта мы не здолелі спаткацца з ім? А калі Бог з намі, пастаянна прысутнічае ў нашым жыцці, хутчэй за ўсё ў хуткім часе зменяцца яго карані.
Хрыстос шмат разоў нараджаўся на беларускай зямлі, – заўважае прамоўца. Сярод цемры нявер’я і пераследу людзей неаднойчы спасцігала Боская радасць. Пацвярджаючы свае словы, папскі нунцый сказаў пра тых асоб, з асяроддзя акружаючых, што, пагарджаючы пераследам, неслі людзям Боскае слова, сведчачы, што ў самыя цяжкія часы Збавіцель не пакідае нас. Святло, што прыносіць Хрыстос, дае надзею. І яно мацней за цемру. Цяжкасці – гэта тое, што робіць грунт нашага жыцця больш лагодным. І ў іх таксама людзі знаходзяць адмысловую ласку Усявышняга.
Да такіх высноў, напэўна, павінен дайсці кожны хрысціянін, які, як усталяваны вернік, даўно выбраў арыенцірам сваім ідэалы, заснаваныя на каштоўнасцях духоўнага кшталту.
А візіт высокай духоўнай асобы ў Вілейку абумоўлены місіяй, наканаванай Клаўдыё Гуджэроцці святым панціфікам. Хто быў на 100-гадовым юбілеі касцёла, памятае сціплую старэнькую жанчыну, якая годна і з выразам зачытала вершаваныя радкі, прысвечаныя святу каталіцкага храма. Усхвалявалі яны і госця ўрачыстасці, папскага нунцыя, які паабяцаў данесці годнае слова беларускі да папы Францішка. І намаганні яго не прапалі дарэмна. Клаўдыё Гуджэроцці ў час аўдыенцыі расказаў панціфіку пра маленькую і гордую жанчыну – беларуску, якая нарадзілася 86 год таму ў вёсачцы, што ні ў той час, ні тым больш цяпер, не магла прэтэндаваць на вядомасць у вялікім свеце. І калі вёска Муляры сёння загучыць, дык дзякуючы спадарыне Ядвізе Пастэрнак, маленькай жанчыне з вялікім сэрцам, вартым Боскай ласкі. Таму прывітальнаму слову, што склалася ў яе свядомасці падчас касцёльнага юбілею, пані Ядвіга абавязана ўсім сваім папярэднім жыццём. Дзевятае па ліку дзіця ў сям’і, Ядвіга не спадзявалася, ды, пэўна, і не жадала разлічваць на выключнасць сваёй асобы. У бацькі, праўда, навучылася шыць. Гэтым і займалася, задавольваючы сціплыя па тых часах патрэбы сваіх землякоў. Яшчэ ў сем год маленькая Ядвіга паламала нагу. Калецтва стала яе выпрабаваннем на ўсё жыццё. Пры адсутнасці рэйсавых аўтобусаў пешшу даводзілася дабірацца да касцёла, спадзеючыся на рэдкія сялянскія фурманкі. У Вішнеўскім касцёле прыняла першую камунію. Ён стаў для яе тым галоўным храмам, якога заўсёды прагне чыстая хрысціянская душа. Усявышні даваў Ядвізе сілы – і фізічныя, і духоўныя. Каб дабірацца да касцёла, каб прыносіць у сваю вёску старым і нямоглым калядныя аблаткі, свянцоную ваду, іншыя рэліквіі веры. Каб маліцца на хаўтурах за вечны пакой спачыўшых. У часы ваяўнічага антырэлігійнага ліхалецця малітвы Ядвігі гучалі над трунамі ўсіх хрысціян – і католікаў, і праваслаўных, як жывая і відавочная ілюстрацыя таго, што перад Богам усе роўныя. Ядвіга захавала крыж ад разбуранай у суседняй вёсцы капліцы, а ў Мулярах і іх ваколіцах змагла арганізаваць людзей у супольнасці – і малітоўныя словы ў часы пераследу гучалі пад дахамі сялянскіх хат.
Пра сціплую жанчыну з маленькай беларускай вёскі расказаў Папе Францішку падчас аудыенцыі Клаўдыё Гуджэроцці.
Абраз, падпісаны рукой Главы каталіцкай царквы, са зваротным адрасам Ватыкана, стаў папскім дарункам, накіраваным у Беларусь, у тую вёску, дзе ўсе гады бруілася і наталяла духоўны голад людзей жыватворная крыніца веры.
А праз колькі часу, вярнуўшыся ў Беларусь, арцыбіскуп атрымаў яшчэ ліст з урачыстым папскім благаславеннем для пані Ядвігі, напісаным на беларускай мове. Такі выпадак – першы ў гісторыі Ватыкана – запэўніў арцыбіскуп. «Ён – прызнанне жанчын Беларусі – асабліва нашых бабуль, якія ў цяжкія часы змаглі захаваць веру».
І святочная імша ў вілейскім касцёле, якую ўзначаліў Клаўдыё Гуджэроцці, таксама гучала па-беларуску. І ўсе, хто на ёй прысутнічаў, з гонарам, напэўна, думаў аб сваёй маленькай Радзіме і тым аўтарытэце, якім яна сёння карыстаецца ў вялікім свеце.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries