29 верасня памёр Канстанцін Тукала – апошні з Тукалаў, якому належаў маёнтак Асцюковічы. Такую звестку атрымала днямі вілейская суполка Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага.

Канстанцін Тукала нарадзіўся 25 верасня 1928 года ў Вільні. Маёнтак Асцюковічы дастаўся яго сям’і ад Ігнацыя Тукалы – прадстаўніка іншай лініі роду Тукалаў, бо сам Ігнацый нашчадкаў не меў. Бацькі Канстанціна Януш і Соф’я Тукалы былі апошнімі ўладальнікамі маёнтка. У сям’і было трое дзяцей Ясь, Магдалена і Канстанцін. Пасля заўчаснай смерці Януша, Соф’я з 1932 года адна гаспадарыла ў Асцюковічах. 17 верасня 1939 яна разам с дзецьмі выехала ў Вільню. У час нямецкай акупацыі вярнулася ў Асцюковічы. У маёнтку Соф’я Тукала хавала яўрэяў, за тое была кінута за краты Вілейскай турмы, а пазней – растраляна. Дзеці спрабавалі вызваліць маці за грошы, аднак без паспяхова.
Чытаем у артыкуле Сяргея Ганчара “ Маёнтак Асцюковічы роду Тукала адзін з самых велічных і прыгожых маёнткаў на Вілейшчыне”:
“1942 года маёнтак Асцюковічы занялі галандцы, якія былі тут поўнымі гаспадарамі. Дзеці Соф’і, каб мець хоць скупы паёк, сталі працаваць рабочымі ў маёнтку: Ясь (старэйшы) – кладаўшчыком, Магдалена сачыла за дойкай кароў, Канстанцін (12 год) з адной нагой на мыліцы, бо да паловы была ампутавана, пасвіў авечак. Мясцовыя людзі падкормлівалі як маглі дзяцей-сірот.
Асцюковічы рабавалі немцы, галандцы, партызаны, Саветы, мясцовыя. У выніку ў 1944 годзе, за месяц да адступлення немцаў і прыходу Чырвонай Арміі, палац ў Асцюковічах быў спалены. Стогадовая сядзіба згарэла на вачах малодшых Тукалаў. Пры адступленні, Канстанцін і Магдалена знайшлі сабе прытулак у цёткі ў Вільні. Ясь пайшоў на фронт. Потым малодшы Канстанцін апынуўся ў Польшчы, жыў у горадзе Познань. Ужо дарослым, пасля вайны, ён наведае Асцюковічы, праўда, ужо не хлопчыкам-сіратой, а знакамітым хірургам, прафесарам медыцыны, сенатарам Рэчы Паспалітай”.
Поўны тэкст чытайце тут.
Ірына ТРУБАЧ








