– Мае продкі ходзяць у Іллю на свята Прарока Ільі з 999 года.
– Гэта ўжо каля 1017 год, так выходзіць.
Сказанае адразу насцярожыла і заінтрыгавала… Такога быць не можа, гэта, напэўна, звычайныя сямейныя паданні-прыдумкі…
Кожны жыхар Вілейшчыны ведае мястэчка Ілля і тое, што там ёсць праваслаўны храм ў імя Святога Прарока Ільі. Храм старажытны, па гістарычных дадзеных вядомы з 1826 года. «Фэст на Іллю» збірае шмат аднавяскоўцаў і гасцей, тым больш, што і свята гэта вельмі паважаецца ў народзе. 2 жніўня Праваслаўная Царква ўшаноўвае памяць прарока Божага Ільі, выкрывальніка ідалапаклонства і няправеднасці. З глыбокай даўнiны народ шанаваў гэтага ўгоднiка, яго дзень быў святочны i непрацоўны, а ў народнай свядомасці Iлья ёсць непасрэдны распарадчык маланкі, грозных i дабрадатных сiл прыроды, ездзiць на вогненнай каляснiцы па небе i робiць гром. Яму пакланяліся і маліліся з просьбай аб дажджы.
У народным календары гэта свята, якое азначае канец лета (“Прыйшоў Iлля, то i лета няма”) i пачатак восенi, пахаладання, дажджоў (“Прыйшоў Iлля – нарабiў гнiлля”). У гэты час заканчваюць касавiцу, пачынаюць араць паравое поле, рыхтуючыся спакваля да сяўбы азiмых. Ад Iллi, у асноўным, паўсюдна пачынаецца жнiво (“Свята Iлля – слаўная жняя”).
Вялікі фэст у аграгарадку Ілля праходзіў і ў гэтым годзе. Шмат сяльчан, гасцей, ганаровага духавенства з Мядзельскага, Маладзечанскага, Іллянскага благачыння, хор Усясвяцкага храма г. Мінска.
Калі закончылася набажэнства, мы дамовіліся з настаяцелям храма, каб пагутарыць пра рамонт, які адбыўся за апошнія гады і змяніў аблічча храма, вярнуўшы яму першапачатковы гістарычны выгляд, і пра гістарычныя вехі самой святыні. Аднак, пасля некалькіх пытанняў айцец Віктар спытаўся:
– А ці чулі Вы цікавую гісторыю пра ўзнікненне самой вёскі Ілля?
На што я адказаў, што гісторый ведаю шмат розных, але паслухаў бы і Вашу.
– Не, не, гэта не мая гісторыя, мне яе распавёў паломнік са Смаленска, вы яго тут не бачылі, ён з заплечнікам і кійком быў на службе.
– Так, мы бачылі некалькі хвілін назад падобнага чалавека, які выходзіў за агароджу царквы і накіроўваўся ў бок дарогі.
– Вось ён Вам і распавядзе яе, гэта вельмі цікава. Вы не пашкадуеце.
Хутка сядаем у машыну і пачынаем шукаць пешага падарожніка. На падыходзе да аўтастанцыі Ілля мы заўважаем чалавека з кіем. Прыпыняемся і пачынаем размову.
– Так я ведаю гісторыю ўзнікнення Іллі. І з задавальненнем распавяду яе Вам, толькі не тут, пойдзем са мной і па дарозе ўсё пачуеце.
Так мы крочылі наперад, а я пачаў рабіць сабе заметкі па ходзе яго расповеду.
– Як Вас завуць і адкуль Вы?
– Завуць мяне Уладзімір, больш нічога пра мяне пісаць не трэба, пішыце толькі гісторыю, якую я Вам распавяду. А іду я са Смаленска.
(Гісторыя падаецца без змяненняў і правак – рэд.)
– Мае продкі прыходзілі маліцца і пакланяцца ў Іллю каля тысячы год, прыкладна з 999 ці 1000 года. Так, не здзіўляйціся, я вам распавяду адну гісторыю, якую павінны ведаць людзі, так завяшчалі мае продкі.
Гісторыя ўзнікнення Іллі вельмі цікавая і вельмі старадаўняя…
Недзе прыкладна ў 999 ці 1000 годзе па шляху з Полацка да Заслаўя спачыла манахіня Анастасія, першая жонка князя Уладзіміра, хрысціцеля Русі. У падарожжы князёўну суправаджалі 20 манахінь, якія па прычыне смутку і адсутнасці ў той час дарог і арыенціраў заблудзілі і прапусцілі паварот на Заслаўе і паехалі ў бок сучаснага Лукомля. Так яны блудзілі адзін-два дні і на наступную ноч патрапілі на сядзібу князя Друцкага-Лукомльскага.
Князь,пачуўшы ноччу лямант і выйшаўшы, ўбачыў жанчын з фанарамі і свечкамі. Яны пачалі прасіцца ў князя, каб той дапамог ім, бо яны вязуць спачыўшую княжну. Князь аказаўся адным з далёкіх родзічаў княжны і адразу падрыхтаваў дружыну ў шлях, каб суправаджаць манахіню-княжну. Меншую дружыну адправіў у розныя бакі, каб апавясціць і сабраць сваякоў, прадстаўнікоў 11 родаў на пахаванне. Галоўная ж дружына з князем паспяшалася да Заслаўя, прасякаючы дарогу праз лясы і мінаючы палі і ўзгоркі.
Але была яшчэ і іншая праблема – для таго, каб адпець ахрышчаную князёўну,патрэбен быў манах-святар. Хоць будучы язычнікам, але князь паспяшаўся наперад шукаць святара. Так ён ужо даехаў да месца, дзе была рэчка і вакол адны дрэвы. Раптам распачалася страшэнная навальніца, князь убачыў вялікую разгалістую ліпу (якраз у тым месцы, дзе зараз размяшчаецца Дом культуры на плошчы ў Іллі). Князь на кані схаваўся пад гэтай ліпай. І тут, Гасподзь праз свайго прарока Ілью явіў цуда – аблокі разверзліся, ударыла маланка і раскалола ліпу на дзве часткі. Ад раскатаў грому конь спалохаўся і панёс, бег да вольнай прасторы на бераг ракі (тады безназоўнай, а сёння рака Ілля). У гэты час праз раку пераходзіў манах-грэк Якаў, які ішоў у адваротным накірунку з Кіева ў Рыгу, арыентуючыся па зорках і сонцы. Дождж яго спалохаў,і манах адышоў да дрэў, адно з якіх перакінуў праз раку і меў намер перайсці на іншы бераг. Тут неспадзявана з’явіўся конь з вершнікам, які трымаў меч. Манах спужаўся і зваліўся ў ваду, а потым, развярнуўшыся,кінуўся на ўцёкі ў лес. Калі князь перабраўся на левы бераг – следу манаха ўжо не было. Некаторы час князь раз’язджаў па лесе і яго позірк спыніўся на вывернутым дрэве, дзе, як аказалася, і сядзеў у яме манах Якаў. Князь распавёў пра свае пошукі і пра спачыўшую князёўну. Яны разам пераправіліся на ільянскі бок берага, куды да гэтага часу пад’ехаў абоз са світай і прахам княжны Анастасіі. Сюды ж сталі пад’язджаць і родзічы-сваякі, якіх сабрала малая дружына князя.
Убачыўшы ўсе гэтыя цуды,князь-язычнік вырашыў перахрысціцца ад манаха. Так і адбылося – князя перахрысцілі імем Ілья і адбылося гэта 2 жніўня 999 ці 1000 года (зараз гэта традыцыйнае месца купелі на Хрышчэнне на рацэ Ілля). Далей князь Ілья з жалобнай цырымоніяй суправадзіў цела князёўны-манахіні на пахаванне. А вяртаючыся з пахавання праз 40 дзён, на месцы каля старой, ужо расколатай ліпы, князь сваім мячом зрубіў праваслаўны крыж, усталяваўшы яго на месцы праяўлення цудаў. Потым была сустрэча праз год, калі зноў усе 11 родаў сустрэліся на месцы сучаснай Іллі і потым накіроўваліся да месца спачыну князёўны манахіні Анастасіі. І так было кожны год, калі прадстаўнікі ўсёй радні збіраліся на гэтым месцы. На 3 гады – над крыжам усталявалі шата (сень – своеасаблівы навес), праз 15 год збудавалі капліцу. Зразумела, што кожны з прадстаўнікоў 11 родаў прыязджаў са сваімі дваравымі людзьмі і світай, пагэтаму людзей збіралася вельмі шмат. Навакольныя сяляне з цягам часу вырашылі зарабіць на гэтым і пачалі ў гэты дзень ладзіць торжышча і гандляваць рознымі таварамі.
У 10 стагоддзі на месцы ўзгаданых падзей пабудавалі каменны аднакупальны храм. На чарговым сходзе родаў, да ўжо нашчадкаў князя Іллі, падышлі габрэі і папрасілі дазволу сяліцца каля торжышча, зладжваць вакол рамесныя майстэрні і крамы. Так, з 14 стагоддзя тут пачалі сяліцца. Затым адбылася царкоўная Унія,і каменны храм стаў уніяцкім, а з цягам часу ён стаў прыходзіць у заняпад. І да 1760 года храм зусім разбурыўся. Пасля скасавання ўніяцтва было вырашана будаваць новы драўляны храм Святога Прарока Ільі і на новым месцы. Ад старога храма засталася крушня камянёў, дарэчы, частка якіх потым была выкарыстана пры будаўніцтве фундамента Ільянскага драўлянага касцёла, а ў 1930-х гадах для закладкі помніка-капліцы ў Іллі ўдзельнікам паўстання 1863 – 1864 гг. Гэта ўсё валуны храма 10 стагоддзя.
Перавёўшы дух, бо прыйшлося ўсё гэта запісваць не на дыктафон, пачаў задаваць пытанні.
– Гэтая цэлая гісторыя, якая можа стаць асновай для аповесці, а можа і кінастужкі… Я разумею, што прыдумаць яе немагчыма, надта складана і аб’ёмна. Ды, як гісторык, я бачу вельмі шмат гістарычных фактаў у гэтым расказе.
– Так, я нічога не прыдумляў, гэты аповед з пакалення ў пакаленне перадаваўся ў нашай сям’і. Мне распавялі яго мая бабуля Небылова Ганна Уладзіміраўна і гэта было наказанна распавядаць усім у прыжыццёвым завяшчанні дзяцькам маёй бабулі Акаловічам Мікалаем Фамічом, мітрафорным пратаіерэем, прэсвітарам Віцебскім, які 4 лістапада 2007 года вызначэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы быў праслаўлены як Свяшчэннамучанік Мікалай Віцебскі ў абліччы святых Беларускай Правслаўнай Царквы.
– Вашы родныя таксама бываюць у Іллі?
– Апошні раз мае родзічы былі ў Іллінскім храме з 1926 па 1928 гады. Сам будучы Свяшчэннамучанік Мікалай Віцебскі таксама прысутнічаў на службе. Таксама, мне распавядала бабуля, што ў 1912 годзе тут у Іллі было каля дзясятка сваякоў, прадстаўнікоў старажытных родаў, прычым яны ўжо належалі да абедзвюх хрысціянскіх канфесій. Дарэчы, менавіта ў 1912 годзе ў Іллю прыязджаў правячы архіерэй з Мінска і спачатку прыпыніўся на драўляным мастку праз раку Ілля з боку заварота на Уладыкі (яго тады называлі яшчэ архіерэйскі масток), гэта каля месца, дзе адбывалася ў 10 стагоддзі хрышчэння князя Ільі. Затым яго адвялі да камянёў, месца заснавання царквы, дзе ён адслужыў малы малебен, а потым яго суправадзілі ў драўляны Свята-Ільінскі храм.
Сам Святы Мікалай першы раз прыехаў у Іллю ў 4 гады з бацькамі, а самастойна з 14 год стаў прыязджаць з Віцебска, калі вычыўся ў Віцебскай духоўнай семінарыі.
– А вы самі даўно прыходзіце ў Іллю?
– Я другі год іду пешшу ў Іллю. Спачатку са Смаленска пад’язджаю, а частку шляху іду пешшу. Хаця я і мае родныя на працягу дзесяцігоддзяў вельмі часта праязжалі праз Іллю. Так накіроўваў Гасподзь. Калі падарожнічалі з Масквы, ці ехалі на адпачынак, ці ехалі ў Мінск – заўжды бачылі святкаванне ў Ільінскім храме. Пагэтаму, можна сказаць, што традыцыя знаходжанне ў Іллі маіх сваякоў не прыпынялася амаль ніколі.
Гіпотэза першая:
Княжна-манахіня Анастасія, якая спачыла ў 999 годзе.
Гістарычныя факты:
У 10 стагоддзі, у сям’і полацкага князя Рагвалода нарадзілася дачка, якую назвалі Рагнедай. Калі князёўне cпoўнiлася чатырнаццаць гадоў, пасваталіся да яе два браты – вялікі Kieўcкi князь Яраполк i наўгародскі князь Уладзімір. Браты паміж сабой варагавалі. Наспявала вайна.
Браты разлічвалі, што полацкі князь дапаможа сваім войскам таму з ix, хто стане мужам яго дачкі. Рагнедзе спадабаўся Яраполк, а Уладзіміру яна са згоды бацькі адмовіла. Тады Уладзімір сабраў вялікае войска i нечакана напаў на Полацк. Бацькі i браты Рагнеды былі забіты, а яе Уладзімір сілай прымусіў стаць сваей жонкай. Пасля гэтага Уладзімір з войскам рушыў на Kieў, перамог у бітве Яраполка i стаў вялікім Kieўcкiм князем. А Рагнеда стала вялікай княгіняй у Кіеве.
Уладзімір тым часам прыняў хрысціянства i пачаў хрышчэнне насельніцтва ва ўcix гарадах Русі. А Рагнеда пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Гэта пацвярджае і адносна позні «Цвярскі летапіс», які падае, што ў 1000 годзе Рагнеда пастрыглася перад смерцю ў манашкі пад імем Анастасія. Рагнеда Рагвалодаўна памерла, верагодна, у горадзе Ізяслаўлі каля 1000 года.
Атрымоўваецца, што факт існавання манахіні Анастасіі мае гістарычнае пацвярджэнне.
Гіпотэза другая:
Княжна-манахіня Анастасія ехала ў Заслаўе. Чаму?
Гістарычныя факты:
З летапісаў вядома, што ў Рагнеды Рагвалодаўны ў шлюбе з князем Уладзімірам нарадзілася чатыры сыны i дзве дачкі. Але памяць пра бацьку Рагвалода, маці,і братоў, якіх забіў муж не давала ёй спакою. I Рагнеда вырашыла адпомсціць за родных. Аднойчы ноччу падышла яна да ложка, дзе спаў Уладзімір, з намерам яго забіць. Але князь прачнуўся, ускочыў i ў лютасці схапіўся за меч. На шум выбег са свайго пакоя старэйшы сын Ізяслаў. Ён засланіў маці i сказаў: «Бацька, раней забi мяне!» Князь супакоіўся, а назаўтра абвясціў наступнае. Малодшых дзяцей Рагнеда не ўбачыць ніколі, а са старэйшым паедзе пад Мінск, у невялікую крэпасць, якую ён даруе сыну Ізяславу. Ад яго імя i пайшла назва крэпасці, а пазней i горада. Цяпер гэта горад Заслаўе, што пад Мінскам. Сёння той, хто наведвае старадаўняе Заслаўе, прыходзіць да кургана Рагнеды, каб аддаць пашану памяці полацкай князёўне-пакутніцы, якая скончыла свой век на гэтай зямлі.
Гіпотэза трэццяя:
Недзе прыкладна ў 999 ці 1000 годзе па шляху з Полацка да Заслаўя спачыла манахіня Анастасія, якую дапамог пахаваць Друцкі князь-язычнік, потым ахрышчаны пад імем Ілья.
Гістарычныя факты:
З гістарычных крыніц вядома, што Полацк ужо ўзгадваецца ў 860 годзе – значыць княгіня магла ехаць з Полацка.
Суправаджальныя манахіні папрасілі дапамогі ў князя-язычніка Друцка-Лукомльскага. Так, укладны запіс Друцкага Евангелля 14 стагоддзя сведчыць аб ўзвядзенні у 1001 годзе ў горадзе Друцку царквы Раства Багародзіцы – аднаго з першых хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Адсюль вывад, што ў гэты час Друцкам валодаў князь-хрысціянін, які і пабудаваў у 1001 годзе царкву, а значыць, што быў ён ахрышчаны недзе ў гэты перыяд, але летапісы яго імя не захавалі…
Гіпотэза чацвертая:
Друцкі князь-язычнік, потым ахрышчаны пад імем Ілья,быў далёкім сваяком князёўны.
Гістарычныя факты:
Мы ўжо ведаем, што князёўна Рагнеда была дачкой Полацкага князя Рагвалода.
Вось што нам сцвярджаюць гістарычныя крыніцы пра друцкіх князёў – у старажытнарускіх летапісах у якасці друцкіх князёў прыгадваюцца Глеб (у 1180 г.), Усяслаў (у 1186 г.) і Барыс (у 1195 г. і ў 1198 г.), якія былі нашчадкамі Рагвалода.
Соф’я Друцкая-Гальшанская – заснавальніца вялікакняскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў – таксама родам з Друцка. Сам Ягайла і Вітаўт прыязджалі на сватаўство да яе ў Друцк. З роду князёў Друцкіх паходзіць князёўна Багдана, маці канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Такім чынам, пра сваяцтва з родам Рагвалода (пра які ідзе гаворка ў пачатку апавядання) і родам Сапегаў (пра які гаворыць Уладзімір, што яны завяшчалі перадаваць людзям гэту гісторыю) ёсць гістарычныя доказы.
Гіпотэза пятая:
Царква, пабудаваная ў Іллі ў 14 стагоддзі, прыйшла ў заняпад і разбурылася да 1760 года. Ад старога храма засталася крушня камянёў, дарэчы, частка якіх потым была выкарыстана пры будаўніцтве фундамента Ільянскага драўлянага касцёла, а ў 1930-х гадах для закладкі помніка-капліцы ў Іллі ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гг. Гэта ўсё валуны храма 10 стагоддзя.
Гістарычныя факты:
Сапраўды, дакладна вядома, што ў Іллі быў драўляны касцёл Маці Божай Ружанцовай (на фота), які быў пабудаваны ў 1772 годзе – па часе поўнае супадзенне. А ў 1930-х гадах пан Мечыслаў Багдановіч з Абадоўцаў пачаў закладку помніка-капліцы ўдзельнікам паўстання 1863 – 1864 гг. у Іллі на плошчы, які быў разбураны ў 1954 годзе (на фота). Абсалютны гістарычны факт.
Вывады
Усё апавяданне (гіпотэзы), пра якое распавядае Уладзімір са Смаленска, мае гістарычныя падставы. Тааму можна зрабіць выснову, што кожны факт у расказе мае сваё гістарычнае пацвярджэнне і можа быць сапраўднай крыніцай па гісторыі стварэння мястэчка Ілля. Апавяданне прэтэндуе на дакладнасць.
На гэтым размова з Уладзімірам не скончылася. Ён распавёў нам пра вялікі сямейны архіў, які можна назваць летапісам князёў, што пачаў пісаць яшчэ Вялікі князь Літоўскі Віцень. Распавёў пра Цудатворны Абраз Маці Божай Ільянскай… Але пра гэта ў адным з наступных нумароў.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА