Калі пацікавіцца ў жыхароў аграгарадка Ерхі, дзе жыве маладая сям’я Пунінскіх, хутчэй за ўсё назавуць не адрас, а галоўную прыкмету: дом на пагорку. Ён і сапраўды размяшчаецца на ўзвышшы і воддаль ад вуліцы – двухпавярховы, яшчэ ў стадыі будаўніцтва, але ўсё роўна ўпарадкаваны і прыгожы.
Гаспадары былі на падворку. Яно і зразумела – стаяў цёплы летні дзянёк, у які вяскоўцу грэх сядзець у хаце. Тут і дзеці – васьмікласнік Мікіта і выхаванка мясцовага садка Варвара. Сын – ужо добры памочнік бацьку, а дачушка толькі прыглядаецца да таго, як спрытна спраўляецца з работай мама. Відаць па ўсім, расце добрая памочніца.
Сям’і Маі і Сяргея Пунінскіх чатырнаццаць гадоў. Стаж, трэба прызнаць, ужо дастатковы для таго, каб ацаніць адно аднаго, расставіць прыярытэты, памудрэць.
– Яно і сапраўды так, – згаджаецца Мая, – з гадамі становішся іншым чалавекам, на многія рэчы глядзіш не так, як, дапусцім, у першыя гады сямейнага жыцця. Недзе трэба больш лагодна, недзе – падумаць, а ўжо пасля гаварыць, а недзе і дараваць. Гэта ж жыццё.
Яны пажаніліся, калі Маі было толькі васямнаццаць, а Сяргею крышку за дваццаць. Зусім, здавалася б, маладзенькія, ці змогуць супрацьстаяць выпрабаванню бытам, усім тым перашкодам, якія ўзнікаюць на шляху кожнай сям’і. А яны змаглі. На першым часе пажылі з бацькамі Сяргея, пасля, ужо пасля нараджэння сына, падумвалі пра пераезд у горад. Ды, на шчасце, нешта не атрымалася. Чаму на шчасце?
– Цяпер бы я нікуды і ні за якія грошы не паехаў, – прызнаецца Сяргей. – Добра, што і не атрымалася.
Жыць з бацькамі доўга не збіраліся, вельмі хацелася хутчэй звіць сваё гняздзечка. Таму купілі ўчастак тут жа, у Ерхах, і пачалі будавацца. Усё па-новаму, па-свойму, з нуля. Дом атрымаўся прасторны, светлы. А што яшчэ работы каля яго многа, дык ад гэтага нідзе не дзенешся – будоўля патрабуе многа сродкаў, якіх, як і бывае звычайна, не хапае. Ды Пунінскія не скардзяцца. Як і ўсе людзі, маюць агарод, трымаюць кабанчыка, курэй. І малако хутка будзе сваё, бо ўжо ёсць на падворку падцёлак. І бульбу вырошчваюць разам з бацькамі.
– Так што можна жыць у вёсцы? – пацікавілася ў сваіх суразмоўцаў.
– Можна, – не раздумваючы, адказалі яны. – Галоўнае – не ленавацца, працаваць. Тады ўсё будзе.
Мая і Сяргей працуюць у мясцовым дзіцячым садку. Яна – памочнік выхавацеля, ён – рабочы. Не самыя высокааплачваемыя месцы, затое тут, у садку, у іх ёсць выдатная магчымасць для рэалізацыі сваіх творчых задумак. Так-так, Пунінскія – людзі творчыя, неабыякавыя. Вось і іх падворак – красамоўнае таму пацвярджэнне. Альтанкі,мосцік, вадаём, млын, мноства маленькіх так называемых архітэктурных формаў – усё гэта зроблена сваімі рукамі.
– Гэта Сяргею, мусіць, перадалося ад дзядулі па мамінай лініі, – кажа пра мужа Мая. – Той, кажуць, быў майстрам. Не скажу, што ўсё заўсёды ўдаецца з першага разу, здараецца, перарабляе нешта па некалькі разоў.
– Вунь тую альтанку зрабіў першай, – паказаў Сяргей на патанаючую ў зеляніне пабудоўку. – Ды глянуў, што малаватая. Цяпер даводжу да ладу вось гэту.
Новая, у якой мы сядзелі, і сапраўды ўнушальная па размерах – з канапай, сталом, крэсламі. Тут жа гаспадар заканчвае рабіць стацыянарнае прыстасаванне для прыгатавання шашлыкоў і барбекю. Добра будзе збірацца з роднымі, сябрамі – месца хопіць усім.
Асабліва кранулі мяне, чалавека ўвогуле сентыментальнага, два цудоўныя домікі, зробленыя Сяргеем. Першы я ў думках назвала домікам прынцэсы. Здагадаліся чаму? Ды таму, што ў гэтым міні-дамку, дзе стаяць маленечкі столік і гэтакі ж стульчык, з задавальненнем бавіць час Варка. Тут яе цацкі, кніжкі, сшыткі, алоўкі.
– Яна не толькі тут гуляе, але і нават есць, адпачывае, – падзялілася Мая.
Такі вось свой, маленькі свет, свая прастора-казка ёсць у дзяўчынкі. І стварылі гэта ўсё самыя любячыя людзі – бацькі.
І яшчэ адзін прыгожы домік прыцягнуў увагу – акуратненькая сабачая будка, у якой салодка спаў, расцягнуўшыся на сонцы, кот з грознай мянушкай Бандыт.
– Спачатку тут жыў сабачка, – расказаў Сяргей. – А пасля вырас, цеснавата тут стала… Цяпер сабака там, за домам. А тут асталяваўся Бандыт…
Пачуўшы сваё імя, прыгажун раскрыў вочы, пацягнуўся і павольна выйшаў да нас. Ім тут жа занялася малая гаспадынька Варка…
Развітаўшыся з гаспадарамі, яшчэ доўга думала пра гэту сям’ю. Чым так узрушыла ўбачанае, чаму запомніцца? І сапраўды, разважала я, здаралася бачыць і іншыя падворкі, упрыгожаныя дарагімі скульптурамі, абсталяваныя таксама нятаннымі арэлямі, стацыянарнымі мангаламі і нечым яшчэ. Прыгожа? Згодна. Але неяк казённа… А тут літаральна ўсё зроблена сваімі рукамі, з падручнага матэрыялу. І ў кожнай рабоце – цеплыня рук гаспадароў. У гэтым, мусіць, і ўвесь сакрэт.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: сям’я Пунінскіх і іх падворак.
Фота аўтара
















