Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пад ветразем навукі і … кахання

Традыцыйна ў красавіку ў Даўгінаўскай сярэдняй школе завяршаецца цыкл прадметных тыдняў, у час якіх вучні і педагогі дэманструюць творчы падыход да школьных дысцыплін з мэтай пашырэння кругагляду дзяцей, павышэння ступені іх зацікаўленасці да адукацыйнага працэсу, развіцця ініцыятывы і творчых задаткаў школьнікаў.

У 2018 годзе названы цыкл завяршыў тыдзень гуманітарных навук, які заўсёды рыхтуецца педагогамі з асаблівым хваляваннем. Прадумваюцца мерапрыемствы для ўсіх узроставых катэгорый школьнікаў, плануюцца цікавыя праекты, а рэпетыцыі да выступленняў пачынаюцца задоўга да вызначанага часу.

І вось 9 красавіка тыдзень стартаваў. Традыцыйна ён распачаўся радыёгазетай, якая абвясціла план мерапрыемстваў і заахвоціла дзяцей да ўдзелу.

З карысцю для вучняў прайшлі гульнёвыя праграмы “Ад прадзедаў спакон вякоў” (падарожжа па краіне беларускіх прыказак для вучняў 2-6 класаў) і “Brain Box” (пазнавальная гульня для старшакласнікаў на англійскай мове), а таксама інтэлектуальны конкурс “Лінгвісцёнак”.

А ў сераду школу закружыў гістарычна-краяўзнаўчы калейдаскоп да Года малой радзімы “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”. Вучні розных узростаў наведалі школьны музей “Родныя вытокі” і адкрылі яго для сябе зусім па-новаму, адказалі на пытанні з гісторыі Беларусі і паўдзельнічалі ў розыгрышы краязнаўчай латарэі, змясцілі назвы сваёй малой Радзімы на імправізаваную карту, прынялі ўдзел у праекце “Гісторыя па вуліцах ідзе”, а затым адправіліся ў экспрэс-падарожжа пад інтрыгуючай назвай “Сем цудаў Беларусі”.

 

Вялікай глыбінёй зместу адрознівалася канферэнцыя для старшакласнікаў “Вядомыя беларусы свету”. Выпускніцы школы праз цікавыя аповяды і дэманстрацыю відэафрагментаў расказалі прысутным аб сусветна вядомых вучоных, музыкантах, мастаках, карані якіх пачынаюцца ў Беларусі.

Васьмікласнікі запрасілі вучняў сярэдніх класаў на літаратурную гадзіну разважання “Что наша жизнь?”. Яны звярнулі ўвагу прысутных на тыя вечныя каштоўнасці, якія так патрэбны кожнаму чалавеку: мір, радзіма, бацькі, здароўе, дабро, праца, каханне, прыгажосць, мастацтва… А затым прарэкламавалі старыя добрыя дзіцячыя кнігі, якія будуць цікавы падлеткам любога часу.

У рамках тыдня вучні прынялі актыўны ўдзел у выставах малюнкаў на тэмы “Пазнай класічны твор” і “Свет Дыснея”, дзе прадэманстравалі сваё бачанне вядомых кніг і мультфільмаў. Асаблівым майстэрствам вылучыліся малюнкі Лісіцы Георгія, Целеш Кацярыны, Ляшковіч Анжалікі, Развадоўскай Марыі, Багамазавай Ксеніі, Томкавіч Ульяны і многіх іншых удзельнікаў.

Але як бы там ні было, у Даўгінаўскай школе ўсе ведаюць, што прадметны тыдзень – гэта перш за ўсё свята! Свята інтэлекту, творчасці і прыгожых чалавечых адносін. І яно, вядома, адбылося. Яго падаравалі ўсім насельнікам нашага храма навукі выпускнікі школы.

 

Вучні 9 класа сабралі цэлую актавую залу гледачоў паэтычнай гасцёўні “Пад ветразем кахання”, падчас якой гучалі вершы і песні паэтаў розных эпох з інтымнай лірыкі. Дзякуючы закранутай тэме, у зале панавала таямнічая цішыня, якая перыядычна парушалася ўдзячнымі апладысментамі.

А назаўтра, напрыканцы тыдня, выпускнікі 11 класа запрасілі старшакласнікаў школы на літаратурную вечарыну пад паэтычнай назвай “Эта встреча никем не воспета”, прысвечаную гісторыі кахання Ганны Ахматавай і Мікалая Гумілёва, – вынік культурна-адукацыйнага праекта “Этот век из вдохновенья, этот век из серебра”. Пранікнёныя вершы, мілагучныя рамансы, прыгажосць і напружанасць адносін паміж закаханымі, тагачасныя касцюмы літаральна зачаравалі ўсіх прысутных. І хацелася глядзець і глядзець, слухаць і слухаць бясконца…

 

Гуманітарныя навукі, якія вывучаюць чалавека ў сферы яго духоўнай, разумовай, культурнай і грамадскай дзейнасці, у чарговы раз пашырылі кругагляд вучняў, дапамаглі раскрыць і прадэманстраваць творчыя таленты дзяцей, заставілі задумацца аб сэнсе чалавечага існавання. Вялікая ўдзячнасць за праведзеныя мерапрыемствы педагогам-гуманітарыям Тупіцынай Г.В. і Машынскаму К.Р., Пташнік Н.П. і Бяльковіч А.М., Малашэвіч В.В. і Гапановіч В.Г., Асаенка М.Т. і Віркоўскай А.В., якія сваёй творчай працай служаць высокаму прызванню выхавання Чалавека з вялікай літары сродкамі гуманітарных навук.

Таццяна ЗУБЕЛЬ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Даўгінаўскай СШ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 24 queries