«Она бывает очень разной, наша жизнь…» – спявалася ў некалі папулярнай песні. І далей удакладнялася, што яно, жыццё, бывае і пахмурным, і ясным, ды ўсё роўна яно цудоўнае. Гэта сапраўды так, жыццё ёсць жыццё, якім бы яно ні было. І ўспрымаць яго трэба розным. Толькі, праўда, старацца рабіць нешта ад цябе залежачае, каб падарыць хоць крышку дабрыні і цеплыні тым, хто побач і каму гэта вельмі трэба – тады жыццё гэтых людзей стане святлейшым…
У рэдакцыю прыйшоў ліст ад начальніка гаспадарчай службы дзіцячай бальніцы УЗ «Маладзечанская ЦРБ» А.А. Ляўковіча. Вось што ў ім напісана:
«Адміністрацыя, калектыў і прафсаюзны камітэт дзіцячай бальніцы просяць выказаць праз газету падзяку дырэктару ТАА «Вера» А.З. Карастылёву за аператыўнасць і клопат па забеспячэнні дзіцячай бальніцы і іншых падраздзяленняў ЦРБ бульбай у маі-чэрвені бягучага года, калі былі цяжкасці з яе забеспячэннем». Ну што тут скажаш, прыемна чытаць гэтыя словы і нам, і, напэўна, самому Аляксандру Захаравічу.
Мнагадзетная мама Таццяна (прозвішча яна, на жаль, не назвала) расказала, што яны з мужам выхоўваюць траіх дзяцей.
– Я працую па цякучаму графіку, – расказала жанчына. – Ці маюць права мне адмовіць у прадастаўленні аднаго свабоднага ад работы аплачваемага дня?
З пытаннем жанчыны я звярнулася да галоўнага інспектара Вілейскага райаддзела Мінаблупраўлення фонда сацыяльнай абароны Надзеі Скок. Вось што яна адказала:
– У адпаведнасці з артыкулам 265 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пастановай Савета Міністраў ад 12.12.2007 г. № 1729 (рэд. ад 08.01.2014 г.) «Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку і ўмовах прадастаўлення аднаго дастатковага свабоднага ад работы дня ў тыдзень», маці (бацьку, мачасе, айчыму), якая выхоўвае траіх і больш дзяцей да 16 гадоў, па яе (іх) пісьмовай заяве, прадастаўляецца адзін дадатковы свабодны дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга заработку.
Свабодны дзень прадастаўляецца ў выбраны заяўніком па ўзгадненні з наймальнікам дзень тыдня. Да пісьмовай заявы прыкладаюцца: копіі пасведчанняў аб нараджэнні дзяцей, даведка аб месцы жыхарства і складзе сям’і. Дадаткова: поўнымі сем’ямі прадастаўляецца і даведка з месца работы другога супруга з указаннем звестак аб прадастаўленні (непрадастаўленні) яму свабоднага дня. З вышэйназванымі дакументамі мнагадзетная маці (бацька) павінна звярнуцца да наймальніка, а той, у сваю чаргу, абавязаны прадаставіць дадатковы свабодны дзень у тыдзень.
Пенсіянер вёскі Карпавічы Аляксандр Дзік даслаў у рэдакцыю ліст з падзячнымі словамі ўрачам хірургічнага аддзялення Вілейскай ЦРБ і, у першую чаргу, загадчыку аддзялення А.Л. Макараву – за прафесіяналізм, аператыўнасць, чулыя адносіны да хворых.
Пенсіянер Мікалай Сямёнавіч С. (так ён з-за сваёй сціпласці папрасіў яго прадставіць) падзяліўся вопытам вырошчвання памідораў… у вёдрах. Сёлета паспрабаваў і быў прыемна здзіўлены.
– Па-першае, плады гэтыя атрымаліся смачнымі, цвёрдымі, а не вадзяністымі, – расказаў пенсіянер. – Па-другое, яны не растрэскваліся. А ўвесь сакрэт, думаю, у тым, што карані памідораў, якія знаходзяцца ў вядрэ, добра праграюцца, а тэмпература зямлі ў градцы, ды яшчэ на глыбіні, ніжэйшая, чым на паверхні глебы. Ды і пры паліве раслін вада ў вядрэ таксама праграецца значна хутчэй. А яшчэ гэта і даволі прыгожа: з размаляваных вёдраў звісаюць памідоры-прыгажуны…
Што ж, і гэта інфармацыя, думаецца,некаму з чытачоў спатрэбіцца. І няхай спрабуюць, здзіўляюць сябе і іншых.
Ірына БУДЗЬКО








