Калі бачым, як захоплена выконваюць людзі зусім, здавалася б, празаічную справу, міжволі вяртаемся да гэтага паняцця: свята працы. Звыклая будзённасць, і гэта так павялося, у веснія дні набывае выражаны святочны акцэнт. Бо менавіта ў дні суботнікаў мы калектыўна змагаемся за ўпарадкаваны погляд нашага агульнага дома пад назваю «навакольнае асяроддзе». І нават на рабочым месцы чалавек нейкім чынам пачынае адчуваць неардынарнасць сітуацыі і прадстаўленую кожнаму магчымасць унесці ўклад у агульную справу.
На кругавой развязцы дзвюх рэспубліканскіх трас: «Мінск-Нарач» і «Барысаў-Ашмяны» вядзецца ямачны рамонт дарожнага пакрыцця метадам прамочвання спецыяльнай эмульсіяй. Ён шырока распаўсюджаны ў дарожнай службе і, з пункту погляду тэхналогій, з’яўляецца адным з найбольш эканамічных. У гэтым дасведчаны рабочыя Георгій Мароз і Уладзімір Млечка, якія і працуюць на трасе.
Дарожны рух не перакрыты, толькі месца работ памечана спецыяльнымі сігнальнымі маячкамі. Па сведчанні кіраўніка ДЭУ-63 Андрэя Квяткевіча, менавіта гэта арганізацыя працуе на рамонце дарожнага пакрыцця, у дзень суботніка людзі займаліся таксама рамонтам бар’ерных агароджванняў, добраўпарадкаваннем аўтобусных прыпынкаў. У работу былі ўключаны механічныя шчоткі, якімі ўбіраліся абочыны.
Адным словам, дарога – гэта шматфункцыянальны арганізм і бяспека руху на ёй звязана з шэрагам аднолькава важных фактараў.
Нарачанская траса бяжыць сярод хмызняку, па-веснавому яшчэ шэраму, у якім між голымі стваламі бярэзніку ўзнімаюцца зялёныя пірамідкі абноўленых сакавіцкімі дажджамі ялінак. У прагалінах мільгаюць чалавечыя сілуэты. Для ўдзельнікаў суботніка і ў голым лесе знайшоўся занятак. На разбураных часам воінскіх умацаваннях часоў Першай сусветнай вайны добраўпарадкаваннем прылягаючых мясцін займаюцца работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, вілейскага лясніцтва, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, краязнаўчага музея.
– Мяркуецца, што гэтыя бліндажы будуць уключаны ў турысцкі маршрут, які праляжа па мясцінах, звязаных з Першай сусветнай, – расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава.
Прыбіраючы смецце сярод бетаніравых паўразбураных сцен, нехта знаходзіць бутэлечку з незвычайным кляймом, хтосьці – цікавы металічны прадмет, пакрыты карозіяй. І ўсім хочацца думаць, што гэта рарытэты часоў стогадовай даўнасці. А між тым над перакрыццямі бліндажоў ужо ўзняліся дрэвы, нібыта ўслаўляючы бясконцасць жыцця і вечную памяць пра тых, хто некалі змагаўся і гінуў за Айчыну.
Сярод матэрыяльных аб’ектаў гэтай памяці, агораных высокім духоўным сэнсам, – капліца на гарадскім могільніку. І ў дзень суботніка ўнітарнае прадпрыемства «Вілейская ЖКГ» вядзе тут будаўнічыя работы. «Бетаніруем падмуркі пад агароджу, якую давядзецца некалькі змясціць, – канкрэтызуе Ніна Сялюн, намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Наогул жа, прадстаўнікоў менавіта гэтага прадпрыемства найчасцей можна бачыць у горадзе. Яны вядуць работы на месцы знесенага старога будынка па вуліцы Шубіна, працуюць разам з прадстаўнікамі сацыяльнай і падатковай службаў на ўпарадкаванні ніжняга парку, убіраюць адыходы ад спіленых дрэваў і вецця… Ды і то: месячнік добраўпарадкавання ў самым сваім піку. І,акрамя ўсіх нас, асноўны цяжар нагрузкі па навядзенню парадку на зямлі належыць камунальнікам. Але ў дзень падобных мерапрыемстваў акцэнты нейкім чынам змяшчаюцца, паколькі ў масавым парадку да гэтай справы далучаюцца шматлікія працоўныя калектывы. Актыўна працавалі работнікі аддзела адукацыі на тэрыторыі Рабунскай школы, убіраючы трухлявы стары будынак. Сельвыканкамы арганізавалі работы на надведамасных ім тэрыторыях. Кожны раз пасля такіх акцый зямля нібыта маладзее, удзячная высакародству бескарыслівай людской працы. А яна між іншым датасавана яшчэ і да вялікіх святаў, адзначыць якія вось-вось прадстаіць хрысціянскаму свету.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара.
Сродкі ад суботніка будуць выдаткаваны на добраўпарадкаванне “Лініі Сталіна”.