Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Новыя планы і праекты Вілейскага раёна на 2017 год

Імгненні 2016 года ўжо стануць гісторыяй праз некалькі гадзін. Для кожнага з нас гэты год быў насычаны рознымі падзеямі, значнымі перамогамі, пэўнымі расчараваннямі, а, магчыма, і стратамі… Але, будзем спадзявацца, што кожны складаны момант жыцця зробіць нас больш мудрымі, а самае галоўнае загартуе характар і зробіць нас больш моцнымі.

Новы год – час падвядзення пэўных вынікаў і час абмеркавання новых планаў і  праектаў. Хаця, калі казаць пра канчатковыя вынікі года працы розных галін эканомікі і арганізацый, то гэтыя вынікі падвядуць не адразу, а пасля завяршэння  розных узаемаразлікаў, звядзення дэбету і крэдыту, аналізу ўсёй статыстыкі…

А вось, якія ж склаліся за гэты год тэндэнцыі, мы ўжо можам бачыць, як гаворыцца, няўзброеным вокам. Таму паспрабуем падвесці пэўныя вынікі адыходзячага 2016 года і прааналізаваць перспектывы развіцця Вілейскага раёна на 2017 год.

Сельская гаспадарка
Асноўным вынікам развіцця эканомікі Вілейскага раёна ў 2016 годзе стала вырашэнне пастаўленых задач на аснове эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу. Для сельскай гаспадаркі год быў складаным, у прынцыпе як і ўсе мінулыя. Такія ж рэаліі былі і ў прамысловасці, і ў сферы гандлю, ды і іншых галінах эканомікі. Можна наракаць на “прасеўшыя” рынкі збыту, малую пакупную здольнасць насельніцтва і гэтак далей. Але галоўны лозунг для нас у гэты складаны (а ён ніколі не бывае лёгкім) час павінен быць наступным: “Хто хоча, той шукае магчымасці, хто не жадае – шукае прычыны і апраўданні”.

Тым не менш, у студзені – лістападзе 2016 года ў гаспадарках Вілейскага раёна аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў бягучых цэнах склаў 68,3 млн. рублёў або 100% да ўзроўню адпаведнага перыяду 2015 года. У 2017 годзе ў развіцці аграпрамысловага комплексу раёна будуць задзейнічаны ўсе фактары, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. У жывёлагадоўчай галіне працягнуцца работы па мадэрнізацыі і тэхнічнаму перааснашчэнню жывёлагадоўчых аб’ектаў. Ажыццяўляецца карэкціроўка структуры пасяўных плошчаў, што забяспечыць пашырэнне пасеваў найбольш каштоўных гатункаў харчовых, кармавых і тэхнічных культур. У 2017 годзе перад аграрыямі раёна ставіцца задача забяспечыць тэмп росту вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах да ўзроўню 2016 года не менш за 114,5%. Асноўная стаўка ў нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі зроблена на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці (вырошчвання) буйной рагатай жывёлы, вытворчасці малака, павелічэнне валавога збору збожжавых і зернебабовых культур, масла насення рапсу. Гэта, у прынцыпе, робіцца і павінна рабіцца як заўжды. Хто выконвае рэгламенты пасеву, збору збожжавых, кармоў, хто як належыць ставіцца да рацыёну жывёл, іх дагляду – той і мае вынік. Прыкладам гэтаму служыць ўручэнне Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка 28 снежня ў Палацы Незалежнасці дзяржаўнай узнагароды дырэктару ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзю Кучко ордэна Пашаны. Менавіта гэта гаспадарка на працягу доўгіх год з’яўляецца ў Вілейскім раёне паказчыкам гаспадарлівасці і дбайнага кіраўніцтва. Віншуем!

Прамысловасць
У прамысловасці раёна праглядаюцца наступныя вынікі. За 11 месяцаў 2016 года ў Вілейскім раёне прамысловай прадукцыі выраблена на суму 93 млн.  рублёў, індэкс прамысловай вытворчасці склаў 122,5%. Па-ранейшаму, у 2017 годзе плануецца, што значная ўдзельная вага ў вытворчасці прамысловай прадукцыі Вілейскага раёна захаваецца за валаўтваральнымі прадпрыемствамі. Іх перспектывамі ў новым годзе павінна стаць тое, што рост прамысловай вытворчасці будзе прадвызначацца ўкараненнем тэхнічных і эканамічных інавацый, стварэннем і мадэрнізацыяй высокапрадукцыйных працоўных месцаў, зніжэннем імпартаёмістасці, матэрыяла- і энергаёмістасці прамысловай прадукцыі, ростам яе канкурэнтаздольнасці. Прынцып здавалася б тут просты: хто думае наперад, стварае новыя прадукты, якія адпавядаюць часу і патрэбам, хто паступова вядзе замену старых тэхналогій на новыя – той і мае вынік. Прыклад звычайнай лямпачкі: была лямпа накальвання, прыйшла люмінісцэнтная, а потым дыёдная. Вынік відавочны – хто паступова замяняў лямпу на новую, той і мае эканомію… Хаця ў рэаліях нашай эканомікі не заўжды ўсё так проста.

У 2017 годзе на ААТ «Зеніт-БелОМА» запланавана засваенне і вытворчасць новых і ўдасканаленне існуючых аптычных вырабаў для розных відаў стралковай зброі грамадзянскага і спецыяльнага прызначэння як уласных распрацовак, так і асваенне серыйнай вытворчасці прадукцыі навукова-тэхнічных арганізацый. Акрамя таго далейшае развіццё атрымаюць такія сфармаваныя напрамкі вытворчай дзейнасці, як вытворчасць аўтакампанентаў для вялікагрузных аўтамабіляў – БелАЗ, МАЗ, КамАЗ. Новы інвестыцыйны праект, які рэалізуецца ААТ «Зеніт-БелОМА» на 2016–2020 гады – «Мадэрнізацыя механазборачнай вытворчасці прыцэльнай тэхнікі», таксама дасць вынікі.

Стратэгія развіцця ААТ «Буддэталі» на 2017 год прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў па стварэнні новай экспартна-арыентаванай вытворчасці садовых домікаў і мадэрнізацыі існуючых магутнасцяў па выпуску дзвярэй і вырабаў да іх.

“Буддэталі” прытрымліваюцца адзінага прынцыпу – у любой крызіснай сітуацыі галоўнае – выйсці на новы ўзровень вытворчасці. І тут ніхто не наракае на крызіс перавытворчасці, страты расійскіх рынкаў і гэтак далей. На заводе ідзе паступовая пераарыентацыя на еўрапейскія  рынкі. На працягу 2016 года і ў 2017 плануецца рэалізацыя новага інвестпраекта. Устанаўліваюцца лінія па пакеціраванні, будзе набыта стужкапільная і шматпільная лініі, што дасць магчымасць больш комплекснага выкарыстання драўніны. І ўсё гэта без крэдытаў і займаў.

ААТ «Вілейскі камбікормавы завод» у 2017 годзе плануе вырабіць 92 тысячы тон камбікармоў, завяршыць рэканструкцыю млынавага комплексу з устаноўкай лініі гранулявання і асвоіць выпуск грануляваных камбікармоў.

Філіял «Вілейская мэблевая фабрыка» ЗАТ «Маладзечнамэбля» плануе дасягнуць тэмпу росту аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі на ўзроўні 102% за кошт далейшага абнаўлення асартыменту выпускаемай прадукцыі і пашырэння экспартнага патэнцыялу.

Будаўніцтва
Аб’ём будаўніча-мантажных работ у Вілейскім раёне за 11 месяцаў 2016 года склаў 27,8 млн. рублёў, або 114% у супастаўных цэнах да ўзроўню 11 месяцаў 2015 года. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 20,3 тыс. кв. метраў жылля. У гэтым годзе быў здадзены і першы арэндны дом, які даў магчымасць засяліць маладых спецыялістаў і ўсіх тых, хто меў патрэбы і не баяўся сысці з чаргі.

У 2017 годзе рост аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ да 2016 года прагназуецца на ўзроўні 100%. Плануецца пачатак будаўніцтва новай лініі шматпавярховых дамоў у мікрараёне Паўночны, паралельна вуліцы Гарадзішчанскай. Запланавана будаўніцтва 80-кватэрнага жылога дома “Паўночны-35”, дзе 20 кватэр будуць сацыяльнымі, 25 – пад арэнднае жыллё і 35 кватэр – за кошт крэдытаў банка па агульнай чарзе.

Запланавана будаўніцтва і 30-кватэрнага жылога дома па вул. Незалежнасці (тэрыторыя перад магазінам “Гермес”.

Канешне,дзяржаўнага фінансавання ў наступным годзе не прадбачыцца столькі, каб зачыніць усе патрэбы. І гэта трэба разумець… Таму грамадскія аб’яднанні, а лепш сказаць неабыякавыя грамадзяне і супольнасць, сумесна з мясцовым кіраўніцтвам,прымаюць шматлікія намаганні, каб прыцягнуць у раён і грантаўскія еўрапейскія грошы. “А іх у свеце нямала, толькі трэба навучыцца іх браць” – прамая цытата тых, хто з гэтым працуе. Па гэтаму прынцыпу жывуць усе нашыя суседзі – Польшча, Літва, Латвія і нават Украіна. Забягаць моцна наперад не будзем, але адзначым, што толькі на значныя трансгранічныя праекты на 2017 год Вілейскім раёнам падаецца парадку 6 заявак. І гэта немалыя грошы – ад 300 тыс. да 1 млн. еўра. Будзем спадзявацца, што нам пашанцуе і мы зможам перамагчы хаця б у палове праектаў. Галоўны з гэтых праектаў накіраваны на добраўпарадкаванне нашай набярэжнай, дзе зараз ці пазней абавязкова з’явяцца пешыя і веладарожкі, з асвятленнем і лаўкамі для адпачынку, дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі, а самае галоўнае – новым сучасным амфітэатрам. Многія могуць пярэчыць, хай лепш вуліцы ўладкуюць, ці яшчэ што больш патрэбнае. Але тут трэба разумець – кожны грантаўскі праект мае сваю спецыфіку, пад якую і падладжваюцца пэўныя планы. І не трэба думаць, што гэта не рэальна. На працягу апошніх год у парку з’явіліся вулічныя трэнажоры, варкаут-пляцоўка, шыкоўны новы скейт-парк. І ўсё гэта сумесныя праекты горада, спонсараў і еўрапейскіх грантаў. Трэба толькі пажадаць…

Тым больш і дзяржаўныя структуры плануюць на перспектыву таксама. Нездарма ў верасні абмяркоўвалі новы «Праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнай часткі горада Вілейкі». Менавіта па ім Вілейка да 2030 года стане цалкам еўрапейскім горадам з трыма плошчамі, новай забудовай і ўдалым спалучэннем сучаснай архітэктуры і помнікаў даўніны. Застаецца чакаць і прыкладаць для гэтага самім усе намаганні.

Гандаль
Асноўнай мэтай развіцця гандлю і грамадскага харчавання на 2017 год з’яўляецца стварэнне ўмоў для найбольш поўнага задавальнення спажывецкага попыту шырокім асартыментам тавараў і паслуг. Гандлёвая сетка будзе пашырацца за кошт рэканструкцыі, а таксама будаўніцтва новых гандлёвых аб’ектаў. У 2017 годзе плануецца адкрыццё парадка 10 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, у тым ліку 1 з гандлёвай плошчай 500 і больш кв. метраў. Канешне, гаворка тут ідзе пра новы вялікі гіпермаркет у мікрараёне Паўночны. Гэты будынак ужо ўзведзены і ў хуткім часе яго зойме адзін з вядучых “сецевікоў”.

Хаця сітуацыя ў Вілейскім раёне зараз крыху складаней, бо шмат грошай “з’язджае” ў крамы Маладзечна і Мінску. Прычын гэтаму вельмі шмат. Камусьці хочацца мець большы асартымент і выбар, іншаму – больш лепшы ўзровень паслуг. Але вынік маем і аналізаваць праблемы і сітуацыю трэба.

Што новага
Адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы на 2017 год вызначаны паказчык: «Колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў». Для Вілейскага раёна гэты паказчык вызначаны ў колькасці 125 чалавек.

Забеспячэнне выканання дадзенага паказчыка ў 2017 годзе плануецца за кошт стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату для адкрыцця новых і пашырэння створаных прадпрыемстваў, рэалізацыі суб’ектамі гаспадарання інвестыцыйных праектаў і бізнес-праектаў са стварэннем новых працоўных месцаў, аказання садзейнічання ў іх рэалізацыі ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016 – 2020 гады.

У 2017 годзе пачне сваю вытворчую дзейнасць ТАА «Мопекс Бел», якое плануе ажыццяўляць штомесяц выпуск экспартнай прадукцыі – гаспадарчых вырабаў з пластмасы. Вытворчасць размесціцца на былых плошчах агародніннай базы. Ужо прадпрыемства набрала 7 чалавек, а планамі прадугледжана стварэнне каля 30 працоўных месцаў і ў большасці будзе задзейнічана жаночая праца, што вельмі актуальна для Вілейкі. Той жа самы “сецявік” для гімермаркета на Паўночным павінен будзе набраць штат і пераважна для жаночай працы. Будзем спадзявацца, што планам наканавана збыцца, а ў 2017 годзе з’явіцца яшчэ больш прапаноў і жадаючых пачаць сваю справу на вілейскіх плошчах.

Нашы перамогі 2016 года
Падводзячы вынікі году і разважаючы пра планы на будучыню, немагчыма не акрэсліць значныя падзеі адыходзячага года, нагадаць пра тых, хто сваёй сціплай працай прыносіў гонар і вядомасць для Вілейшчыны. Па-першае, гэта нашыя дзеці – вучні агульнаадукацыйных школ горада і раёна, якія дабіваліся і заваёўвалі перамогі на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, алімпіядах. Гэта наша надзея і гонар.

Асобных слоў павагі і гонару вартыя нашы спартсмены. Ім мы пасвячаем асобны раздзел нашай пераднавагодняй газеты. Але адзначым яшчэ раз дасягненні нашых баскетбалістак, карацістаў, лёгкаатлетыстаў, плыўцоў, асабліва нашай “залатой рыбкі” – Лізы Шчарбаковай і многіх іншых.
Кожнае прадпрыемства горада і раёна, удзельнічаючы ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах, конкурсах,прыносіла ў скарбонку раёна свае перамогі і ўзнагароды.

Асобна хочацца нагадаць пра перамогу Валерыя Дуровіча, які стаў чэмпіёнам свету «Лесаруб-2016». На 32-м чэмпіянаце свету сярод вальшчыкаў лесу, які прайшоў у Польшчы, Валерый Дуровіч вярнуўся дадому з россыпам медалёў і – самае галоўнае – з пераходзячым Кубкам чэмпіянату свету. Такога трыумфу яшчэ не было! Мы ганарымся!

Год культуры
2016 год быў Годам культуры. Не абмінулі і нас знакавыя падзеі культурнага жыцця. Кожная ўстанова і асобныя дзеячы стараліся і рабілі свой ўнёсак у развіццё культурнага ўзроўню Вілейшчыны. Нашы мясцовыя артыста, якія сваім талентам ствараюць атмасферу выдатных мерапрыемстваў і канцэртаў як у горадзе, так і ў самай малой, аддаленай вёсачцы раёна. Гэта і цікавыя шоў Палаца культуры, яскравыя фальклорныя выступленні народных калектываў, асаблівы каларыт мерапрыемствам ствараюць і нашыя майстры і рамеснікі. Для кожнага свайго наведвальніка знаходзілі падыход і бібліятэкі раёна, якія трымаюць, як заўжды, высокую планку культуры і павагі да літаратурнай спадчыны раёна і краіны.

Асаблівы гонар за прадстаўнікоў музычнага мастацтва – кожны прафесіянал, кожны калектыў, ці то дзіцячы, ці то дарослы – гэта эталон майстэрства. Скрыпачы, духавікі, джаз-бэнд, гітарысты і многія, многія іншыя з’яўляюцца нашым дасягненнем, нашымі “сталкерамі” ў свет класічнай і сучаснай музыкі.

Музейная справа Вілейшчыны неаднаразова адзначалася на розных узроўнях. Асаблівая павага сям’і Цітовічаў, якія сваім альтруізмам і бязмернай адданасцю справе адраджаюць і вяртаюць з небыцця для нас, будучых пакаленняў памяць аб Першай сусветнай, аб подзвігах і героях войн. Дораць шанец дакрануцца да духоўнасці і набыць для будучага веды пра тыя падзеі, пра тыя подзвігі, пра тыя маральныя якасці, якімі павінны ганарыцца і мець беларусы. Дзясяткі, сотні праектаў сям’і Цітовіч, музейшчыкаў, краязнаўцаў, аматараў гісторыі, мастакоў, архітэктараў, простых і неабыякавых людзей – гэта наш падмурак на будучае…

Не адзін раз на старонках газет, як мясцовай, так і рэспубліканскіх, успыхвалі нашы раённыя зоркі – гумарыстычны гурт «Смехата» Ільянскага сельскага Дома культуры.

Іх тонкі і асаблівы гумар – упрыгожванне кожнага мерапрыемства, свята і выступлення ў горадзе і раёне.

У 2016 гастрольнай дзейнасці ільянскага гурта мог пазайздросціць нават сам “Кабзон” –  дзясяткі вёсак Вілейшчыны, гарадскія, абласныя святы. Будзем спадзявацца, што і надалей гурт “Смехата” будзе радаваць гледачоў сваім бліскучым гумарам і дарыць ўсім добры настрой.
Сапраўдным брэндавым святам у 2016 годзе стала правядзенне на Іжаншчыне “Журавінавага фэсту”. Будзем спадзявацца, што гэта свята стане візітоўкай дадзенага краю.

Моладзь
Асобна хочацца выдзяліць і правядзенне ў горадзе фестывалю маладзёжных субкультур «Энергія маладосці» і ўрачыстае адкрыццё скейт-парку. Гэта таксама прыклад, здаецца,простай ініцыятывы, але накіраванай на агульнае развіццё. Ну, была звычайная танцпляцоўка, якая апошнія гады перастала нават выкарыстоўвацца. Дзясяткі маладых людзей знаходзяць цяпер занятак па душы, па сваіх захапленнях на абсталяваных пляцоўках у парку. Многія нашы экстрэмальныя спартсмены атрымалі ўнікальную магчымасць трэніраваць майстэрства, удасканальваць навыкі, актыўна і крэатыўна праводзіць вольны час.

Ініцыятарам правядзення маладзёжнага фестывалю выступіла грамадскае аб’яднанне па ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёну «ЗОВіК». Асобна хочацца вылучыць і актывістку «ЗОВіКа», намесніка дырэктара Палаца культуры Вольгу Шляпо. Бо менавіта ёй належыць ідэя і ўвасабленне гэтага праекта. Сумесна з Вілейскай ЖКГ Вольга Шляпо дзень за днём аднаўляла былую танцпляцоўку.

Пра дасягненні, перамогі і планы можна гаварыць бясконца, але галоўнае гэта нашы жаданні ісці толькі наперад і,нягледзячы на розныя складанасці,дабівацца пастаўленых мэтаў.

З Новым годам, з святкуемым і надыходзячым Божым Нараджэннем! Росквіту Вілейшчыне! Святла і міру ўсім Вам.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 26 queries