Булачка
Гэта было не сёння, даўно. Я тады яшчэ працавала ў школе. Але гэты выпадак надоўга застаўся ў памяці. Пасля свайго ўрока я павяла вучняў пятага класа ў сталоўку. Раптам бачу: пад сталом ляжыць кінутая кімсьці надкусаная булачка, свежанькая такая, яшчэ патыхае цеплынёй і прыемным водарам ванілі. Яна нагадвала сонейка, якое асвятляе душу. Чаму, думаю, дзеці так абыякава ставяцца да самага дарагога – да хлеба?
Гэта булачка выклікала ўспамін, розум, нагадала мне аб ваенным дзяцінстве.
Гэта было ў 1943 годзе. Вызваленыя з канцлагера, мы жылі ў вёсцы недалёка ад Віцебска. Жылля свайго, вядома, не было. Хадзілі па хатах: сёння жывём тут, тут працуем і атрымліваем ежу, якую дзяліў з намі гаспадар. Назаўтра пераходзім да суседа і так далей па вёсцы. Але і такое жыццё было нядоўгім. Хутка зноў пачалася страляніна. Немцы рваліся ў Віцебск. Вяскоўцы ратаваліся сем’ямі, ехалі далей ад смерці. У нас нічога не было з рэчаў, акрамя торбачкі з сухарамі. Ратуючыся ад узрываў снарадаў, мы дапаўзлі да абрыва. Гэта быў бераг Дзвіны. Самы багаты наш скарб, торбачка з сухарамі, застаўся на дарозе. Маці ўсё рвалася папаўзці за ёй, але гэта было небяспечна. Мы плакалі і не пускалі яе. Калі ўсё сціхла, урэшце забралі свой хлеб. Памятаю, які смачны быў сухар. Адламаўшы маленькі кусочак, я доўга трымала яго ў роце, каб даўжэй адчуваць задавальненне.
Я помню гэты смак ваеннага сухара, ніколі не выкіну нават счарсцвелы хлеб, берагу кожную лусту, шаную як самы дарагі скарб.
А тая булачка ў сталоўцы была пачаткам вялікай выхаваўчай работы. Гэта і класная гадзіна на тэму «Хлеб – наша багацце». Гэта сачыненне-мініяцюра «Чым пахне хлеб?», мае ўспаміны «Горкі хлеб вайны». У класе доўга вісеў плакат. Гэтыя словы належаць Петрусю Броўку:
Мне больно, когда я, случается, вижу,
Что хлеб недоеденный брошен бесстыже.
Эй, ты, папирающий корку ногою,
Ты топчешь достоинство наше и честь.
Ты мать оскорбил, ты обиду нанёс.
Земле, на которой родился и рос.
Перамога
Пасля вызвалення з канцлагера мы некаторы час жылі ў вёсцы Караліна, непадалёку ад Бешанковіч. Маці з’ездзіла на радзіму, дзе жылі да вайны, думалася вярнуцца туды. Але ад нашай гаспадаркі нічога не засталося, усё было знішчана немцамі. Так і прыйшлося нам зноў туляцца па чужых кутках.
Тут я пайшла ў першы клас. Школа была ў простай сялянскай хаце. Вучні былі рознага ўзросту, шмат каму пайсці ў школу перашкодзіла вайна. Мы назвалі іх пераросткамі. А яны ў вайну дапамагалі партызанам, некаторыя сталі інвалідамі. У лесе было шмат кінутых снарадаў, а яны няўмела пагулялі з імі. На ўсю вёску нам далі адзін буквар. Вучыліся чытаць па чарзе. Пісалі мы на нямецкіх кнігах, якія пакідалі ворагі спешна адступаючы. Чарніла рабілі з чырвонага бурака, дадаючы туды сажу, каб лепш было бачна.
Ішоў урок чытання. Раптам рысчыніліся дзверы, нехта гучна крыкнуў: «Перамога!». Усе ўсхапіліся, закрычалі: «Ура, ура!» Настаўніца неяк бездапаможна села. Урокаў больш не было. Усе пабеглі дадому. Я не магла стрымаць сваю радасць. Убачыла маці, якая плакала, трымаючы ў руках трохкутнік, адзінае пісьмо ад бацькі з фронту. Вёска гудзела, хто плакаў, хто смяяўся, спяваў. Моладзь наладзіла вечарынку.
Чорны праснак
Першыя пасляваенныя гады былі вельмі цяжкімі. Голад, холад, хваробы былі пастаяннымі ў нашай сям’і. Я тады ўжо хадзіла ў другі клас. Жылі мы ўжо на Полаччыне. Маці прыехала сюды, бо тут жылі яе сястра і брат. Бліжэй да сваіх.
У вёсцы былі амаль усе ўдовы-салдаткі. Два мужчыны-інваліды, якія вярнуліся з вайны, узначалілі калгас. Трэба было засеяць поле, адбудаваць згарэлыя сялібы, людзі жылі ў зямлянках. На жаночыя рукі выпала непасільная праца. Амаль усё рабілі ўручную, аралі на каровах. Асабліва цяжка было вясной. Есці зусім не было чаго. Мы, дзеці, як буслы, хадзілі па бульбянішчы ў пошуках леташняй бульбы. Чорны крухмал ад яе маці аздабляла крапівой і пякла чорныя праснахі. Вельмі нясмачныя. Я і сёння адчуваю гэты брыдкі пах і смак. Дачакаўшыся міру, трэба было ратаваць жыццё. Змучаныя, галодныя, мы часта хварэлі. Сястра Люба захварэла на сухоты, я падхапіла малярыю, брат Вася – запаленне лёгкіх. Маці білася, як рыба аб лёд, каб уратаваць дзяцей. Я і цяпер не ўяўляю, як яна змагла выжыць, вытрываць усе нястачы жыцця.
Педвучылішча
Скончыўшы Руднянскую сямігодку, я паступіла ў Полацкае педвучылішча імя Ф. Скарыны. Здала ўсе экзамены, але мае дакументы прыйшлі назад – не прайшла па конкурсе. З гэтым канвертам я пайшла да дырэктара сваёй школы. Глянуў ён на мае адзнакі і здзівіўся: «Не можа быць. Ты павінна вучыцца». Назаўтра мы з маці былі ўжо ў кабінеце дырэктара педвучылішча. «Вы не зможаце яе вучыць, у вас не хопіць сродкаў, жывіце ў калгасе», растлумачыў ён. Бачылі б вы маю маці ў гэты час! Яна прыпомніла, што я дачка салдата, які загінуў на фронце, што я ў пяцігадовым ўзросце зазнала краты канцлагера, што бацька, адыходзячы на фронт, пакінуў ёй запавет – вучыць дзяцей, калі застанемся жыць.
Так я стала студэнткай. Нялёгка было першы час. Прыйшлося шмат працаваць, каб мець стыпендыю, адзіную матэрыяльную падтрымку. З дому можна было ўзяць толькі дранікі, якія маці пякла, а я іх потым смажыла на маргарыне. Смачна было, але і я сёння не магу ўжываць яго, так наелася ў маладосці. Мы, студэнты, жылі вельмі сціпла, лепшы прыбор – сукенка са штапелю.
Скончыла педвучылішча я ў 1955 годзе і прыехала працаваць на Вілейшчыну. Тут пачатак маіх жыццёвых дарог.
Антаніна ГАРЧАКОВА, член клуба “Дзеці вайны”.
На здымках: Антаніна Гарчакова – сёння і ў студэнцкія гады.
Фота прадастаўлена аўтарам