Лета ў разгары. А гэта значыць, што ў сельгаспрадпрыемствах пачалася самая важная, самая галоўная справа – жніво. І загулі камбайны на палетках, і напоўнілася паветра непаўторным пахам збожжа…
У гэты адказны для хлебаробаў час стала добрай традыцыяй віншаванне лепшых на жніве. Група ў складзе супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, самадзейных артыстаў і журналістаў выязджае ў гаспадаркі з прыгожай місіяй – уручыць перадавым камбайнерам і вадзіцелям падзячныя лісты ад старшыні райвыканкама, падарункі, падрыхтаваныя райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, і, вядома ж, музычныя віншаванні лепшым з лепшых.
На гэты раз наша група трымала курс на «Нарачанскія зоры». Менавіта гэта гаспадарка на дзень нашага мерапрыемства (23 ліпеня) была лідарам уборачнай па раёне: было ўбрана дваццаць працэнтаў плошчаў, а ўраджайнасць складала 50,4 цэнтнера з гектара. На другім месцы ішоў філіял «Усходні» (40,4 цэнтнера з гектара), на трэцім – «Сцешыцы» (40 цэнтнераў з гектара).
– У гэтым годзе зерневыя добрыя, – падзялілася ідэолаг «Нарачанскіх зораў» Марыя Тарасевіч. – Не толькі ў нас, думаю, а і ў іншых.
На мехдвары ў Нарачы яшчэ было людна – мы пастараліся прыехаць раней, каб застаць механізатараў тут. Ведаем з практыкі, што ў разгар працы яны не вельмі любяць перапыняцца, стараюцца спаўна скарыстацца не толькі пагодлівымі днямі, але і гадзінамі. Што ж, пазіцыя зразумелая. Ад таго, як аператыўна і якасна спрацуюць, будзе залежыць канчатковы вынік. А кожнаму ж хочацца, каб было як найлепш…
– На сёння ў нас лідзіруе экіпаж у складзе маладога камбайнера Руслана Садоўскага і памочніка Аляксея Драчылоўскага, – расказала Марыя Мечыславаўна. – На крышку ад іх адстаў сямейны экіпаж Мікалая Аркадзьевіча і Аляксандра Гарэлікаў. Учора, дарэчы, бацька – наш знакаміты механізатар, адзначыў свой пяцідзясяцігадовы юбілей. Цяпер Гарэлікі ўжо на полі, не застанем іх на мехдвары. А сярод вадзіцеляў, занятых перавозкай збожжа, лідзіруе ў нас Фёдар Пескавы.
Паглядзець, як віншуюць перадавікоў і паслухаць вясёлыя песні ў выкананні галасістага калектыву «Бабіна лета» і яго кіраўніка Сяргея Рудніцкага, сабраліся ўсе, хто быў на мехдвары. А каб прыемнае сумяшчалася з карысным, да працаўнікоў звярнулася Вольга Яўгель, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яна расказала аб тым, як ідзе жніво ў раёне, адзначыўшы, што «Нарачанскія зоры» – безумоўны лідар гэтай важнай кампаніі. Затым Вольга Іванаўна ўручыла перадавікам падзячныя лісты старшыні райвыканкама і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – набор з майкі і бейсболкі. Прыгожа. А далей слова ўзялі артысты. І паліліся цудоўныя песні пра родную вёску, хлеб, радзіму…
Камбайнера Руслана Садоўскага пастаянныя чытачы раёнкі, напэўна, ведаюць. Ужо на працягу некалькіх гадоў імя яго, што называецца, на слыху. Сын вядомага механізатара гаспадаркі Андрэя Садоўскага, ён спаўна засвоіў бацькаву навуку. І не толькі ён, а і малодшы брат Павел, які цяпер працуе памочнікам у бацькі-камбайнера.
– А я камбайнерам пяты год, – падзяліўся Руслан, – а раней быў памочнікам. Цяпер працуем у звязцы з Аляксеем Драчылоўскім. Стараемся, хоць наша «Ліда» ўжо даволі старая.
І ў хлопцаў, нягледзячы на гэта, атрымліваецца добра. А ўсё таму, што стараюцца, не лічуцца з вольным часам.
У наступным годзе Руслан закончыць агратэхнічны ўніверсітэт, стане дыпламаваным спецыялістам. Для некага дыплом – гэта самае важнае. Руслан жа лічыць інакш: дакумент сам па сабе нічога не азначае, пакуль чалавек не пакажа сябе ў працы, у жаданні дасягаць большага, удасканальвацца, расці ў прафесіі. Безумоўна, правільная пазіцыя.
Нядоўгай, але карыснай і для працаўнікоў гаспадаркі, і для нас атрымалася сустрэча. А пасля яны паспяшаліся па рабочых месцах – чакала поле, чакаў хлеб…
– Заўтра выходзім на ўборку людскіх участкаў, – падзялілася Марыя Тарасевіч. – Людзі трымаюць на падворках скаціну, таму не лішняе ў гаспадарцы мець і сваё зерне.
Такі вось правільны, дакладней сказаць, чалавечны, з разуменнем падыход да праблем і клопатаў сваіх працаўнікоў.
А шлях нашай брыгады ляжаў далей, у падсобную гаспадарку «Асіпавічы» райаграсэрвісу. На мехдвары нас сустрэў кіраўнік падсобнай гаспадаркі Аляксандр Альфер.
– Убралі рапс, узяліся вось за ячмень, – коратка акрэсліў ён клопаты працаўнікоў гаспадаркі. – Лідары сярод камбайнераў вядомыя па мінулых гадах – Аляксандр Сняткоў, Андрэй Тышкевіч. А на адвозцы ў перадавікі выйшаў Валянцін Мамай.
А вось і герой газетных публікацый Аляксандр Сняткоў. На працягу многіх гадоў ён з’яўляецца перадавікам у гаспадарцы. І вясной, калі ідзе падрыхтоўка глебы, і цяпер, у гарачы жніўны час, і ўвосень… А побач з Аляксандрам Віктаравічам яго сыны. Цяпер вось у памочніках на камбайне сярэдні, Андрэй, навучэнец каледжа. Год-два назад плячо ў плячо са Снятковым-старэйшым працаваў яго першынец, сын Аляксандр. Цяпер хлопец у арміі, вернецца восенню. Які шлях намеціў ён сабе далей, пакуль невядома. Але ж хочацца спадзявацца, што ён не здрадзіць знакамітай хлебаробскай дынастыі.
– А яшчэ ж і малодшы падрастае, – усміхнуўся Аляксандр Віктаравіч. – Пяць гадоў. Час ляціць хутка, не агледзішся, і ён будзе добрым памочнікам.
І зноў – уручэнне падарункаў, добрая песня-пажаданне шчырым працаўнікам. А далей нашы шляхі разышліся: мы ўзялі курс на Вілейку, яны – у поле, дзе іх чакаў яго Вялікасць Хлеб.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
Паглядзець, як віншуюць перадавікоў і паслухаць вясёлыя песні ў выкананні галасістага калектыву «Бабіна лета» і яго кіраўніка Сяргея Рудніцкага, сабраліся ўсе, хто быў на мехдвары. А каб прыемнае сумяшчалася з карысным, да працаўнікоў звярнулася Вольга Яўгель, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яна расказала аб тым, як ідзе жніво ў раёне, адзначыўшы, што «Нарачанскія зоры» – безумоўны лідар гэтай важнай кампаніі. Затым Вольга Іванаўна ўручыла перадавікам падзячныя лісты старшыні райвыканкама і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – набор з майкі і бейсболкі. Прыгожа. А далей слова ўзялі артысты. І паліліся цудоўныя песні пра родную вёску, хлеб, радзіму…