Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Настаўніца з Ільі выпусціла першы паэтычны зборнік

Выдавецтва «Харвест» надрукавала першы паэтычны зборнік настаўніцы з Ільі Аксаны Ярашонак.
Ужо восьмы год у Ільянскай сярэдняй школе імя А. А. Грымаця працуе Аксана Ярашонак – паэтка, перакладчыца, паэтка-песенніца.

Карані Аксаны (у дзявоцтве Камінскай) – з нашай Ільі. Школу закончыла ў Маладзечне. Яшчэ ў пачатковых класах пачала пісаць вершы. Мудрая настаўніца не забракавала іх і нават пахваліла. З гэтага “Белага мішкі” (назва першага верша) усё і пачалося. Школа, у якой вучылася Аксана, насіла імя Янкі Купалы. Гэта імя да многага абавязвала. Быў пакой, прысвечаны класіку беларускай літаратуры, там збіралася школьнае літаратурнае аб’яднанне, дзе абмяркоўвалі свае першыя спробы пяра. У 1999 годзе Аксана Камінская прыняла ўдзел у XIV гарадскім злёце юных талентаў, прысвечаным 610-годдзю горада Маладзечна і заняла першае месца.
Першы творчы вопыт дзяўчына набывала ў літаратурным аб’яднанні “Узлёт”, якім кіравала таленавітая паэтка Таіса Трафімава. “Узлётаўцы” не аднойчы бывалі ў Мінску ў гасцях у членаў Саюза пісьменнікаў.
Яшчэ будучы вучаніцай, у далёкім 1998 годзе, Аксана разумела сур’ёзнасць і адказнасць за кожны паэтычны радок: “Жыццё маё – выпрабаванне, жыццё маё – нялёгкі шлях…” – так пачынаўся адзін з яе юнацкіх вершаў.
А дзяўчынка і не шукала лёгкіх шляхоў. Спачатку было ПТВ № 87, дзе яна набыла прафесію сакратара-машыністкі. Гэтая праца прыдалася і навучыла хуткаму набору тэкстаў. Праз год паступіла ва ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “беларуская мова і літаратура і дзіцячая журналістыка”. Вучоба спрыяла развіццю не толькі педагагічных здольнасцей, але ж і літаратурных. Зноў увайшла ў гурт юных літаратараў, вастрыла там сваё паэтычнае майстэрства. Побач быў таленавіты паэт Мікола Шабовіч, які сам працоўную дзейнасць пачынаў на Вілейшчыне. Адбылося знаёмства з творчасцю Алеся Пісьмянкова і самім аўтарам. Савет універсітэта выдаваў газету “Настаўнік”, у якой на літаратурнай старонцы “Крокі” знайшлі жыццё чатыры вершы Аксаны Камінскай. Тады ж яе вершы трапілі ў “Анталогію маладога верша”. Калі ў 2004 годзе адышоў у Вечнасць Алесь Пісьмянкоў, Аксана з болем адгукнулася вершам “Крыж – нібы маўклівы некралог…” (“ЛіМ”, чэрвень 2004), а ў 2013 годзе цыклам вершаў “Слухаць вечнасць” (“ЛіМ”№ 8,22.02). Напружанае жыццё ў Мінску прывучыла Аксану цаніць час, што вельмі прыдалося ў працы педагога.
У 2005 годзе Аксана Камінская змяніла свае прозвішча на мужняе – Ярашонак і пераехала працаваць на радзіму свайго мужа ў Ілью Вілейскага раёна.
Аксана Мікалаеўна – педагог-арганізатар. Праца ў школе патрабуе шмат часу і напружання. Яе вельмі любяць дзеці, паважаюць настаўнікі, цэніць адміністрацыя.
Свой журналісцкі талент Аксана Ярашонак рэалізуе праз нарысы ў перыядычным друку пра імклівае жыццё школы: “Мазаічнасць таленту”, “Выправіць гістарычную памылку”, або “Сцяжыны пакручастага лёсу”, ”Юбілей у роднай школе”, “Шчырасць паэтычнага радка” і шмат іншых. У 2007 годзе яна заснавала і стала галоўным рэдактарам школьнай газеты “Далягляд”. З таго часу выхад газеты раз у месяц перапыняецца толькі на два летнія месяцы. Вакол гэтай газеты згуртаваўся творчы калектыў з вучняў і настаўнікаў. Ёсць у нас у школе сваё выдавецтва, якім кіруе Аксана Мікалаеўна.
Яна – паэт з непаўторнымі вобразамі і своеасаблівым падыходам да раскрыцця тэмы. Разнапланавасць тэматыкі можна вызначыць нават па назвах яе вершаў: “Завея праспявала басам”, “Люты назву сваю прыгадаў”, “Летнія строфы”, “Дачнае”, “Парфюмер” і шмат іншых.
Сама стаўшы матуляй, Аксана Мікалаеўна яшчэ больш упэўнілася, як радуюць дзеці бацькоў, як хочацца імі ганарыцца: любое памкненне іх да дабрыні і працавітасці, да першых перамог і здзяйсненняў выклікае гонар. Гэта надае прагу пісаць для іх і пра іх:”Звычайнае шчасце”, “Прадчуванне шчасця”, “Раніца”, “Дачцэ Варвары” і многія іншыя.
Аднойчы ў час сустрэчы са школьнікамі Аксана Мікалаеўна расказала, як атрымалася стаць паэтам-песеннікам. Праз газету (раздзел “Патрабуюцца”) пазнаёмілася з Віталем Качатковым, які з юнацтва захапляўся музыкай. Паралельна асноўнаму занятку прыйшло настойлівае жаданне – мелодыі напоўніць словамі. Аксана адгукнулася на прапанову, пачалася сумесная работа над песнямі. Шмат песень на словы Аксаны Ярашонак, музыку Віталя Качаткова загучалі на “Мінскай хвалі”, радыё “Культура”, “Сталіца”. Сувязь са школай праяўляецца ў многіх песнях Аксаны. Школьнымі падарожжамі навеяна “Турыстычная песенька”. У студэнцкія гады Аксана напісала верш пра Ікара, ён таксама загучаў песняй. Потым Віктар Рудэнка пераклаў яго на англійскую мову, а сама аўтарка пераклала яго на рускую. На англійскай мове песня гучала на адным з адборачных тураў “Еўрабачання”. Выйшлі два дыскі Віталя Качаткова: “Спасибо, сердце!”, “Со мною любовь”, многія песні на гэтых дысках на словы Аксаны Ярашонак.
Паэтка ўжо каля пяці гадоў з’яўляецца пастаянным удзельнікам і актывістам розных літаратурных праектаў, накіраваных на ўмацаванне славянскага адзінства, на захаванне агульнай творчай спадчыны народаў Украіны, Расіі і Беларусі. У 2012 годзе яна прымала ўдзел у Міжнародным літаратурным конкурсе “В единстве наша сила”, які прысвячаўся 1150-годдзю расійскай дзяржаўнасці і быў прымеркаваны да “Сіманаўскіх чытанняў”. Конкурс праходзіў у Магілёве. Там паэтка атрымала Дыплом за другое месца ў намінацыі “Паэзія”. У тым жа годзе друкавалася ў “Дняпроўскай строме”, літаратурна-мастацкім і інфармацыйным бюлетэні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Там быў змешчаны верш, прысвечаны дзеду, Пятру Мацвеевічу Камінскаму, франтавіку, інваліду вайны.
Аксана Мікалаеўна – удзельніца Міжнароднага руху “Берега дружбы”. Яна прыняла актыўны ўдзел у аднаіменным праекце: пераклала вершы дзевятнаццаці аўтараў на беларускую мову, гэтым самым аднаўляючы сістэму перакладаў пры выданні літаратуры братніх народаў. Потым былі пераклады з рускай мовы на беларускую Святланы Макаравай-Грыцэнка, якія знайшлі месца ў кнізе аўтаркі “Стихи спускаются с небес” і Наталлі Саветнай, змешчаныя ў “ЛіМе” і інш.
У 2012 годзе Саюз пісьменнікаў Дона ўзнагародзіў А. М. Ярашонак юбілейным медалём “Десять лет Союзу писателей Дона”. У 2013 годзе Рэгіянальная нацыянальная культурная аўтаномія беларусаў Растоўскай вобласці ўзнагародзіла паэтку-перакладчыцу Ганаровай граматай за творчы ўклад пры падрыхтоўцы да выдання зборнікаў вершаў і паэтычных перакладаў “Славянской боли кружева”, “Из одной колыбели”, “Слово за словом” і дзейсную дапамогу ў рэалізацыі літаратурнага праекта “Трёхязычная дружба”. Было і пісьмо з падзякай Краснадарскага аддзела Саюза пісьменнікаў Расіі за ўдзел у праекце “Берега дружбы”.
У 2014 годзе Аксана Ярашонак была запрошана да ўдзелу ў Міжнароднай літаратурнай канферэнцыі “Слова. Айчына. Вера”, якая праходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў гонар 90-годдзя рускага паэта Ігара Грыгор’ева (1923-1996). На Міжнародным конкурсе лірыка-патрыятычнай паэзіі “Я не мыслю себя без России” Аксана была ў шэрагу фіналістаў. Яе верш змешчаны ў аднаіменным зборніку. Там жа было ўручана ёй Пасведчанне сябра Міжнароднага саюза мастакоў і майстроў мастацтва і Грамата фіналіста.
Трэба зазначыць, што Аксана не толькі паэтка, не толькі перакладчыца, яна яшчэ ўдумлівы навуковец. На вышэйназванай канферэнцыі яна прадставіла свой даклад “Перифраза в повести И. Григорьева “Всё перемелется”. На навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Каханоўскі і яго час”, прысвечанай памяці першага старшыні Беларускага краязнаўчага таварыства, доктару гістарычных навук Генадзю Аляксандравічу Каханоўскаму, А. М. Ярашонак выступіла з тэмай “Генадзь Каханоўскі – мемуарыст”.
Па сцэнарыю дырэктара ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А. А. Грымаця” Ігара Юшко (змест),фота і відэа Васіля Шэрага, на вершы Аксаны зняты фільм “Ільянскі пейзаж”, які заняў другое месца ў рэгіянальным конкурсе краязнаўчага кіно “Гэта мой край”.
Зусім нядаўна мы ўсе зноў парадаваліся за Аксану Мікалаеўну. У рамках Года Культуры, які праводзіць Расійская Федэрацыя, рашэннем Праўлення Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў (Україна) Ярашонак Аксана Мікалаеўна ўзнагароджана памятным знакам МСПМ “200 лет Тарасу Григорьевичу Шевченко”.
А ў сакавіку ў сталічным выдавецтве “Харвест” выйшаў першы паэтычны зборнік Аксаны Ярашонак “Звычайнае шчасце”.
Вось так, крок за крокам, маладая жанчына робіць свой пасільны ўклад у развіццё маладой беларускай літаратуры і ў справу захавання міру паміж нашымі народамі.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік школьнага народнага музея Вілейшчына
літаратурная”, педагог  ДУА “Ільянская сярэдняя школа
імя А. А. Грымаця“

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 169 queries