Для настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Валянціны Рагоўскай трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе – канешне ж, поспех. Аднак, трэба прызнаць, у нейкай меры і заканамернасць. Чаму? Мяркуйце самі.
Так склалася, што восем гадоў назад сям’я Рагоўскіх пераехала з Мядзельшчыны ў Вілейку. Валянціна Эдуардаўна прыйшла працаваць у трэцюю школу.
– Я задаволена, што так атрымалася, – шчыра прызнаецца яна, – бо і з адміністрацыяй, і з добразычлівымі калегамі мне пашанцавала. А гэта вельмі важна, думаю, для кожнага.
Прафесіянальныя якасці педагога ацанілі хутка, бо шэсць гадоў назад даверылі Валянціне Эдуардаўне кіраўніцтва раённым метадычным аб’яднаннем пачатковых класаў. Багаты вопыт (а працуе настаўніцай ужо два дзясяткі гадоў), высокі прафесіяналізм, веданне дзяцей і вялікая да іх любоў робяць урокі гэтай настаўніцы адметнымі і высока ацэньваюцца. Не толькі, дарэчы, у сваёй школе…
Нядаўна былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак, у якім прыняла ўдзел і Валянціна Рагоўская.
– Я даслала канспект майго ўрока па роднай мове ў трэцім класе, – расказала яна. – Папярэдне, дарэчы, давала гэты ўрок і ў прысутнасці калег. А на конкурс было прадстаўлена больш за сотню настаўніцкіх работ з усёй рэспублікі, дзесяць з якіх выйшлі ў фінал. А ўжо з гэтай дзясяткі былі выбраны тры ўрокі-пераможцы. Мне прысуджана трэцяе месца ў намінацыі «Мой лепшы ўрок».
Безумоўна, быць пераможцам прыемна і ганарова. Аднак далёка не ўсе ведаюць, які няпросты шлях да тых запаветных высокіх месцаў і колькі ведаў, нерваў і працы трэба ўкласці, каб дабіцца поспеху. А наконт лепшага ўрока Валянціны Рагоўскай… Думаю, што ён яшчэ наперадзе.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Валянціна Рагоўская на ўроку.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
Настаўніца сярэдняй школы № 3 заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ