Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Настаўнік вілейскай гімназіі № 2 закончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка з адной толькі «дзявяткай»

Вучыцца, кажуць, ніколі не позна. Настаўнік вілейскай гімназіі № 2, вядомы ў нас паэт, аўтар цікавых дзіцячых кніжак і проста неабыякавы, творчы чалавек Віктар Кажура з гэтым таксама згодны і нават  пацвердзіў ісціну на справе.  Зусім нядаўна Віктар Віктаравіч закончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. І не проста закончыў, а абараніў дысертацыю на тэму «Педагагічныя асаблівасці арганізацыі навукова-даследніцкай дзейнасці старшакласнікаў (па матэрыяле беларускай мовы і літаратуры)» з адзнакай «дзесяць». У вопытнага і няўрымслівага педагога, а зараз ужо  магістра адукацыі па спецыяльнасці «Адукацыйны менеджмент» «чырвоны» дыплом і практычна адны «дзясяткі» (толькі адна «дзявятка»») па ўсіх прадметах Вось так трэба вучыцца!

– Чаму толькі цяпер пайшоў у магістратуру? – Віктар Віктаравіч ўсміхаецца. – Проста такі я чалавек, мне ўсё цікава. А яшчэ падумалася, што за гады працы многа назапашана, вялікі вопыт і ў напісанні даследчых работ. Многа працаваў і працую са сваімі вучнямі ў гэтым накірунку. Час вучобы  ў магістратуры даў мне многае. Думаю, і мая дысертацыя будзе запатрабавана іншымі людзьмі.

Віктар Кажура цікава расказваў пра сваю «сямейку» (так называе ён былых аднагрупнікаў па магістратуры), пра цудоўных выкладчыкаў, з якімі цесна супрацоўнічае, і пра тое,  што паўтара года вучобы прыляцелі вельмі хутка… І такім святлом гарэлі яго вочы! Вось яно, падумалася, найважнейшае, дзеля чаго чалавек жыве…

– І што далей? – карцела даведацца мне ў магістра Кажуры. – З такімі адзнакамі шлях адзін – у аспірантуру…

– А магчыма і так, – неяк загадкава ўсміхнуўся суразмоўца. – Вы ж самі сказалі, што вучыцца не позна ніколі. І вучыць юных, адкрываць новае, нязведанае. Для  мяне гэта сэнс жыцця.

Такі ён няўрымслівы і неабыякавы чалавек, Віктар Кажура. Віншуем яго і жадаем далейшых поспехаў!

Ірына БУДЗЬКО.

Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 152 queries