Настаўнік музыкі дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія №2” Барыс Харэвіч выступіў адзіным прадстаўніком ад Беларусі на ХІ Маскоўскім міжнародным фестывалі “Гармоніка — душа Расіі” і стаў яго лаўрэатам. Гэтая лістападаўская перамога была прадказальнай, бо ёй папярэднічалі не менш значныя ўзнагароды: першая прэмія на VIII Міжнародным конкурсе “Іграй, баян!” і трэцяя прэмія на Усерасійскім конкурсе баяністаў у намінацыі “Гармонік” (горад Ржэў, Расія), Гран-пры на ХVI Міжнародным конкурсе “Звіняць цымбалы і гармонік” (горад Паставы, Беларусь), Дыплом І ступені на Міжнародным фестывалі “Сметанінскія сустрэчы” (горад Архангельск, Расія). І гэта перамогі аднаго 2013 года!
Пасля кожнага свайго выступлення Барыс Пятровіч атрымлівае мноства запрашэнняў не толькі ў канцэртныя залы нашай рэспублікі (так, нядаўна ў Мінску адбыўся канцэрт з яго сольным выкананнем у складзе Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча), але і ў самыя аддаленыя куткі Расіі. Арганізатары прэстыжных фестываляў згодны аплочваць усе выдаткі, бо ўпэўнены, што наш музыка стане сапраўдным упрыгажэннем любой конкурснай ці канцэртнай праграмы.
Сам жа Барыс Харэвіч вельмі сціпла распавядае пра свае перамогі. Ён з большым захапленнем гаворыць пра іншых музыкаў, з якімі знаёміцца на вялікіх сцэнах, пра іх таленты, дасягненні і па-дзіцячы радуецца магчымасці пабыць разам з імі ў супольным творчым гарэнні.
Матэрыялы Маскоўскога фестывалю выпушчаны прыгожай кніжкай. Дык вось у ёй пра нашага зямляка Барыса Харэвіча, разам з іншым, адзначана: “Яркі, таленавіты гарманіст. Яго віртуознае выкананне на гармоніку вядомых беларускіх, рускіх і нават лацінаамерыканскіх мелодый не пакіне гледачоў абыякавымі”.
Сапраўды, яркі і вельмі таленавіты гарманіст! А між тым, ён закончыў музычнае вучылішча і кансерваторыю па класу баяна. І толькі апошнія гадоў пяць, пасля блізкага знаёмства з заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі, членам Саюза кампазітараў Яўгенам Дзярбенкам, зацікавіўся гармонікам. Барыс Пятровіч мае адпрацаваную праграму на сольны канцэрт з двух аддзяленняў. Шкада, што ў Расіі пра яго ведаюць больш, чым дома. Таму і хочацца расказаць землякам пра цудоўнага чалавека, музыку і настаўніка.
Сакрэт яго поспехаў не толькі ў талентах, дадзеных Богам, хоць яны відавочныя, а найбольш — у працы, да якой ён змалку прывык. Зведаўшы многія страты сіроцкага дзяцінства, Барыс рана зразумеў, што талент без працы можа застацца ўсяго толькі ганарлівай вывескай, якая сапсуе жыццё. Не ўцякаў ад цяжкасцей ні падчас вучобы, ні ў гады працоўнай дзейнасці, значная частка якой прайшла ў Якуціі, выхоўваючы ў сабе лепшыя чалавечыя рысы працавітасці, адказнасці, шчырасці. Ен і зараз па некалькі гадзін штодня іграе на гармоніку для падтрымання формы. Таму і ёсць вынік!..
Мы часта едзем за сотні кіламетраў у тэатр ці на канцэртную пляцоўку, каб сустрэцца з артыстамі, і не кожны раз вяртаемся задаволенымі. А тут побач сціпла жыве і працуе такі музыка — сапраўдная зорка! Думаю, было б добра арганізаваць яго канцэрт у нашым Палацы культуры. Сваіх герояў трэба ведаць, ведаць і ганарыцца! Бо гэта — адзін з самых значных крытэрыяў еднасці народа і яго культуры.
Мікалай ІВАНЕНКА,намеснік дырэктара Вілейскай гімназіі №2 па вучэбнай рабоце



