Настаўнік музыкі Вілейскай гімназіі № 2 Барыс Харэвіч і яго таленавіты вучань Уладзіслаў Іўлеў прадстаўлялі Міншчыну на міжнародным музычным фестывалі, які прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі, і ўзнагароджаны дыпломам за высокае выканальніцкае майстэрства.
15 мая ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода прайшоў VІІІ міжнародны фестываль гарманістаў “Гармонік збірае сяброў”. Сапраўды, сяброў сабралася шмат: творчыя калектывы і асобныя выканаўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Асабліва шырока былі прадстаўлены рэгіёны Расіі: Масква, Краснадар, Архангельск, Уладзімір, Мурам, Аляксандраў, Алтайскі край. Украіну прадстаўлялі музыкі з Роўна, Херсона, Прылук. Ад Мінскай вобласці выступілі гарманісты – вучань 8 класа ДУА “Вілейская гімназія № 2” Уладзіслаў Іўлеў і настаўнік музыкі Барыс Харэвіч. Яны выканалі фантазіі на тэмы ваенных гадоў, музычную кампазіцыю “Спрэчка” і твор кампазітара Яўгена Дзярбенкі “У дарозе”.
Уражанні ад фестывалю самыя добрыя. І настаўнік, і вучань з радасцю і ўзнёслым настроем узгадваюць фестывальныя мерапрыемствы. Зараз яшчэ з большым азартам яны працуюць над удасканаленнем майстэрства і рыхтуюцца да будучых конкурсаў гарманістаў. Пажадаем ім новых творчых вяршынь з гармонікам Перамогі!
Мікалай ІВАНЕНКА.
Фота аўтара